Тэорыя (ад грэч. θεωρία — назіранне, даследаванне) — комплекс ведаў, ідэй, уяўленняў, накіраваных на тлумачэнне пэўных з'яў; форма арганізацыі навуковых ведаў, якая дае цэласнае ўяўленне пра заканамернасці і істотныя сувязі пэўнай сферы рэчаіснасці.

Пачатковыя ўяўленні пра пабудову тэарэтычных ведаў склаліся яшчэ ў антычнасці (Арыстоцель); у III ст. да н.э. з'явілася першая дэдуктыўная тэарэтычныя сістэма («Асновы» Эўкліда). 3 развіццём эксперыментальнай навукі ў XVI—XVIII ст. адбываецца пашырэнне тэарэтычных ведаў пра цеплату, магнетызм, электрычнасць і інш. Спецыяльнае даследаванне тэорыі як формы ведаў пачалося з XVIII ст. (І. Кант і інш.) і актуалізавалася ў XIX—XX ст. у сувязі з патрэбнасцю ў інтэнсіўным развіцці навукі і з'яўленнем адпаведных логіка-матэматычных сродкаў аналізу тэорыі.

У структуры тэорыі вылучаюць шэраг кампанентаў: зыходную эмпірычную аснову, якая ахоплівае комплекс эмпірычных фактаў адпаведнай галіны ведаў; зыходную тэарэтычную аснову, якую ўтварае мноства дапушчэнняў, пастулатаў, аксіём, законаў адпаведнай тэорыі; логіку тэорыі (правілы лагічных вывадаў і доказаў); сукупнасць выведзеных у межах адпаведнай тэорыі высноў, тэарэм, сцвярджэнняў і іх доказаў.

У залежнасці ад спосабу пабудовы зыходнай тэарэтычнай асновы адрозніваюць тэорыі «закрытыя», якія маюць абмежаваную колькасць зыходных пасылак і ўключаюць толькі тыя сцвярджэнні, якія могуць быць лагічна выведзены з гэтых пасылак (дэдуктыўныя тэорыі), і «адкрытыя», у якіх колькасць зыходных пасылак не абмяжоўваецца.

Паводле прыналежнасці да пэўнай галіны ведаў вылучаюць фізічныя, хімічныя, генетычныя, эканамічныя, сацыялагічныя і іншыя тэорыі. Паводле характару задач, якія вырашаюцца тэорыямі, адрозніваюць тэорыі тлумачальныя і апісальныя, накіраваныя найперш на ўпарадкаванне і генералізацыю эмпірычнага матэрыялу. 3 улікам ступені фармалізацыі вылучаюць таксама матэматызаваныя тэорыі, у якіх выкарыстоўваюцца ідэальныя аб'екты, што змяшчаюць і рэпрэзентуюць рэальныя працэсы.

Літаратура правіць

  • Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995.
  • Яцкевіч С. Тэорыя // БелЭн у 18 т. Т. 16. Мн., 2003.