Надмагілле Альбрэхта Гаштольда
Надмагілле Альбрэхта Гаштольда — рэнесанснае скульптурнае надмагілле канцлера вялікага літоўскага Альбрэхта Гаштольда ў Віленскім кафедральным саборы, створанае Бернардзінам Занобіем дэ Джыяноцісам прыкладна паміж 1539 і 1541 гадамі[1].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/be/thumb/d/de/%D0%9D%D0%B0%D0%B4%D0%BC%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D0%BB%D0%B5_%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B1%D1%80%D1%8D%D1%85%D1%82%D0%B0_%D0%93%D0%B0%D1%88%D1%82%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%B4%D0%B0._%D0%91%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BD%D0%B0_%D0%97%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D0%B1%D1%96%D1%8F_%D0%B4%D1%8D_%D0%94%D0%B6%D1%8B%D1%8F%D0%BD%D0%BE%D1%86%D1%96%D1%81._1535-1541.jpg/220px-%D0%9D%D0%B0%D0%B4%D0%BC%D0%B0%D0%B3%D1%96%D0%BB%D0%BB%D0%B5_%D0%90%D0%BB%D1%8C%D0%B1%D1%80%D1%8D%D1%85%D1%82%D0%B0_%D0%93%D0%B0%D1%88%D1%82%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%B4%D0%B0._%D0%91%D0%B5%D1%80%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%BD%D0%B0_%D0%97%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D0%B1%D1%96%D1%8F_%D0%B4%D1%8D_%D0%94%D0%B6%D1%8B%D1%8F%D0%BD%D0%BE%D1%86%D1%96%D1%81._1535-1541.jpg)
Апісанне
правіцьНадмагілле ўяўляе сабой пліту з чырвонага мармуру, на якой высечана выява нябожчыка ў поўны рост. Адной рукой канцлер трымае сцяг, другой прыціскае да сябе меч. Дэталей і падрабязнасцей у кампазіцыі мала. Ледзь бачны раслінны арнамент фону, герб, змешчаны ў невялікім картушы, «хвалі» палотнішча сцяга вырашаны надзвычай сціпла і лаканічна. Менавіта гэтая якасць і надае вобразу Альбрэхта Гаштольда адпаведную яго былой пасадзе веліч і нават суровасць[1].
Альбрэхт Гаштольд адлюстраваны як воін, рыцар, абаронца Айчыны. У мастацкім рашэнні гэтага помніка спалучаюцца розныя канцэпцыі. З аднаго боку, ён набліжаецца да італьянскіх надмагілляў з адлюстраваннем памерлага, які ляжыць на смяротным ложы, з другога — да паўднёвагерманскіх барэльефаў, дзе паказваюцца закаваныя ў латы памерлыя са сцягам у руках. Спалучэнне гэтых канцэпцый надае помніку стылявую супярэчнасць — застылая поза нябожчыка, безжыццёва апушчаная левая рука яўна не пасуюць да паставы ног, якія цвёрда абапіраюцца аб край пліты, упэўненага руху правай рукі, што трымае цяжкі сцяг[1][2].
Зноскі
- ↑ а б в Ю. Д. ЦАРЭВІЧ. ЭВАЛЮЦЫЯ АДЛЮСТРАВАННЯ «HOMO MILITANS» ЭПОХІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА: АД СКУЛЬПТУРНАГА НАДМАГІЛЛЯ ДА САРМАЦКАГА ПАРТРЭТА
- ↑ Лазука, Б. А. Гісторыя мастацтваў / Б. А. Лазука. — 2-е выд., дапрац. — Мінск : Беларусь, 2003. — 399 с. : іл., с. 225