Падчас грамадзянскай вайны ў Нігерыі (1967—1970) як за ўрад, так і за сепаратыстаў змагаліся замежныя найміты, пераважна еўрапейскага паходжання. Хоць прэса тых гадоў заяўляла пра сотні белых баевікоў, аднак фактычна іх прысутнасць у «гарачай кропцы» была досыць сціплай, у параўнанні з папярэднімі канфліктамі[1].

Была надзея, што выкарыстанне наймітаў у Нігерыі акажа такі ж уплыў, як і ў Конга, але «дзікія гусі» апынуліся ў значнай ступені неэфектыўнымі. Брытанскі гісторык Філіп Бакстэр пісаў, што прынцыповая розніца заключалася ў тым, што нігерыйскія афіцэры з’яўляліся больш падрыхтаванымі ў ваеннай справе, чым кангалезскія апалчэнцы[2]. Як адзначаў яго расійскі калега Павел Кандрацьеў, замежныя баевікі з самага пачатку разумелі становішча, у якім знаходзіліся сепаратысты. Менавіта таму на ўдзел у нігерыйскім супрацьстаянні адважыліся нешматлікія, а большасць з іх амаль адразу пакінулі «гарачую кропку». Тыя, хто засталіся, не аказалі вырашальнага ўплыву на ход вайны, а толькі працягнулі канфлікт[3].

Першыя групы правіць

Першым з вядомых «салдат удачы» на новую вайну ў пошуках выгаднага кантракту адправіўся Майкл Хоар. Ён размаўляў і з біяфрцамі, і з нігерыйцамі, аднак абодва бакі на пачатковым этапе канфлікту не вельмі хацелі звязвацца з наёмнікамі, баючыся страціць падтрымку іншых афрыканскіх рэжымаў[4]. Былым падначаленым Хоара з «Каманда 5» брытанцам Алістэру Уіксу і Джону Пітэрсу атрымалася дамовіцца[5]. Але пры гэтым яны апынуліся ў варожых лагерах: Уікс вербаваў пілотаў для Біяфры, Пітэрс — для Нігерыі (усяго на баку ўрадавай арміі змагаліся 250 брытанцаў). У наёмніцкіх колах хадзіла гісторыя пра тое, што апошні неяк патэлефанаваў першаму і сказаў: «не набірай людзей для Біяфры. Я не хачу, каб мае хлопцы змагаліся з тваімі»[6].

З лістапада 1967 года ў армію Біяфры пачалася вярбоўка французскіх ваенных авантурыстаў[7]. Усяго прыбыло 40 чалавек[1]. Узначаліць французскіх наймітаў першапачаткова павінен быў Боб Дэнар, які, вядома, ведаў пра намер афіцыйнага Парыжа таемна падтрымаць сепаратыстаў. Але правал у Конга вымусіў улады краіны зрабіць стаўку на іншага чалавека — Ражэ Фолька. Ён напярэдадні скончыў сваю місію ў Емене з незаплямленай рэпутацыяй. Біяфрскі кантракт Фолька прадугледжваў наём сотні чалавек (аплата за паўгода наперад), а таксама закупку зброі і рыштунку. Французы меркавалі завяршыць станаўленне рэгулярнай арміі Біяфры[7].

Пасля разгрому наёмнікаў пад Калабарам адбыўся іх зыход з Біяфры. Фольк зразумеў, што сепаратысты не перамогуць у вайне, з прычыны колькаснай і тэхнічнай перавагі рэгулярнай арміі Нігерыі. Па чутках, перад уцёкамі Фольк скраў каля 110 млн франкаў, што павінны былі атрымаць яго падначаленыя[8]. На канец 1967 года ў біяфрыйскіх часцях засталіся толькі немец Рольф Штайнер, італьянец Джорджа Нарбьята, паўднёваафрыканец Тэфі Уільямс і адзін невядомы брытанец[9].

Каманда Штайнера правіць

Умелае кіраўніцтва Штайнерам войскамі на фронце ў студзені 1968 года зрабіла незгладжальнае ўражанне на біяфрскае кіраўніцтва. Яны далі немцу дазвол сфармаваць элітную групу камандас. Аднак гэта падраздзяленне было фактычна знішчана з-за памылак камандзіраў сепаратыстаў. Пасля прайгранай бітвы за Абагану з 120 камандас Штайнера засталося ў жывых толькі шэсць. Найміт стварыў новы атрад, набраўшы 1200 байцоў. У пачатку красавіка Штайнер сфармаваў 4-ю дэсантную брыгаду. Пры злучэнні арганізуецца саматужная вытворчасць мін і боепрыпасаў. Уільямс і Нарбьята сталі намеснікамі камандзіра[10]. Сам Штайнер займаўся аператыўным планаваннем, баявымі ж дзеяннямі кіраваў камандзір ударнай групы «Нсука» Уільямс. Пазней да іх далучыліся яшчэ трое наймітаў. Намеснікам Штайнера стаў яго саслужывец з французскага замежнага легіёна Арман Іанарэлі. Уільямс завербаваў маладога радэзійца Джона Эразмуса — спецыяліста па частцы выбуховых рэчываў. Намеснікам Уільямса стаў Аляксадра Гэй, які ваяваў у атрадзе Жана Шрама ў Кангалезскай вайне. Таксама да іх далучыўся Льюіс Малруні[11][12].

У красавіку замежнікі сутыкнуліся з 3-й дывізіяй федэральных сіл, у складзе якой было два батальёна наймітаў з Чада і група брытанскіх вайскоўцаў. У раёне Порт-Харкорт падчас баёў з гэтым падраздзяленнем знік без вестак Нарбьята[13].

Увосень у наймітаў Штайнера пачаліся сур’ёзныя праблемы. Галоўнай прычынай гэтага стаў намер французскай кампаніі SAFREP авалодаць нацыяналізаванымі актывамі брытанскай карпарацыі Shell-BP. Парыж праз Штайнера спрабаваў прымусіць біяфрскія ўлады аддаць іх пад канцэсію, але немец заявіў, што не служыць французскаму ўраду і не будзе ўдзельнічаць у падобных махінацыях. Таму Францыя жадала замяніць яго на свайго чалавека. Больш за тое, бурны кар’ерны рост Штайнера і яго сяброўства з прэзідэнтам Біяфры выклікалі зайздрасць у генералаў сепаратыстаў. Пасля таго, як наёмнікі захапілі транспарт работнікаў Чырвонага Крыжа, а сам Штайнер у п’яным стане счапіўся з прэзідэнцкай аховай, немец і яшчэ пяць «салдат удачы» былі высланы з краіны[14][12].

Іанарэлі, Уільямс і Гэй некаторы час працягнулі працаваць у Біяфры, але за паражэнне пад Анічу іх з пасад палявых камандзіраў перавялі ў інструктары. Кіраўніцтва сепаратыстаў расчаравалася ў замежных баевіках і да канца вайны іх не прыцягвала[15].

Наёмныя лётчыкі правіць

І ў нігерыйскіх, і ў біяфрскіх ВПС працавалі еўрапейскія найміты. Асаблівую ролю ў паветранай вайне згулялі дзеянні эскадрыллі шведскіх пілотаў «Дзеці Біяфры», якой кіраваў Карл Густаў фон Розен. Акрамя іх, на баку сепаратыстаў змагаліся французы і немцы. Тым часам Джон Пітэрс набраў для ўрадавай авіяцыі лётчыкаў з Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Радэзіі і ПАР[16]. Таксама ў ВПС супрацьлеглых бакоў служылі канадцы і палякі[17][18][19].

Заўвагі правіць

  1. а б Коновалов 2015, p. 67.
  2. Baxter, Philip Biafra: The Nigerian Civil War 1967–1970, London: Helion and Company, 2014 p. 49
  3. Кондратьев 2016, p. 48.
  4. Коновалов 2015, p. 68.
  5. Кондратьев 2016, p. 46.
  6. Коновалов 2015, p. 69.
  7. а б Коновалов 2015, pp. 69–70.
  8. Коновалов 2015, p. 72.
  9. Коновалов 2015, p. 73.
  10. Коновалов 2015, p. 74.
  11. Коновалов 2015, pp. 75–76.
  12. а б Кондратьев 2016, pp. 46–47.
  13. Коновалов 2015, p. 75.
  14. Коновалов 2015, pp. 78–79.
  15. Коновалов 2015, p. 79.
  16. Коновалов 2015, pp. 82–83.
  17. Jowett, Philip S. (2016). Modern African Wars (5). The Nigerian-Biafran War 1967–70. Oxford: Osprey Publishing. ISBN 9781472816092.
  18. Venter, A.J. (2016). Biafra's War 1967–1970: A Tribal Conflict in Nigeria That Left a Million Dead. p. 139.
  19. Кондратьев 2016, p. 47.

Літаратура правіць

  • Кондратьев, П.С. (2016). "Европейцы на фронтах Биафры (1967–1970 гг.)". № 2 (36). Вестник ЯрГУ. {{cite journal}}: Шаблон цытавання journal патрабуе |journal= (даведка)
  • Коновалов, И.П. (2015). Солдаты удачи и воины корпораций : История современного наёмничества. Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры. ISBN 978-5-9906069-7-5.