Народная дэмакратыя

Народная дэмакратыя — тэарэтычная канцэпцыя марксізм-ленінізму і форма палітычнай арганізацыі грамадства, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны ў кантэксце так званых «Народна-дэмакратычных рэвалюцый» і тэарэтычна дазволіла стварыць шматкласавую, шматпартыйную дэмакратыю на шляху да сацыялізму. Народная дэмакратыя разглядалася як прамежкавы этап пры пераходзе ад «буржуазнай дэмакратыі» да «дыктатуры пралетарыяту»[1][2][3][4].

Палітыка

правіць

У палітычным плане краіны народнай дэмакратыі характарызаваліся фармальнай шматпартыйнасцю і знаходжаннем ва ўладзе ўрадаў нацыянальных (Народных) франтоў на чале з камуністычнымі партыямі.

Нацыянальныя франты ў Еўропе паўсталі для вырашэння агульнанацыянальных задач — вызвалення ад фашызму, аднаўлення нацыянальнай незалежнасці, забеспячэння дэмакратычных свабод насельніцтву. У склад франтоў уваходзілі рабочыя, сялянскія, дробнабуржуазныя, а ў некаторых краінах і буржуазныя партыі. Урады нацыянальных франтоў прыйшлі да ўлады ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў 1943—1945 гадах. У Албаніі і Югаславіі, дзе вядучую ролю ў партызанскай барацьбе і нацыянальных франтах гулялі камуністы, яны і ўзначалілі новыя ўрады, у іншых краінах былі створаны кааліцыйныя ўрады.

Сацыялістычныя пераўтварэнні ў рамках «Народна-дэмакратычнай рэвалюцыі» ажыццяўляліся з выкарыстаннем парламента, у рамках буржуазнай Канстытуцыі. Злом старой дзяржаўнай машыны адбываўся больш паступова, чым у СССР, некаторы час захоўваліся старыя палітычныя формы. Адной з адметных рысаў народнай дэмакратыі з’яўлялася, як правіла, захаванне ўсеагульнага і роўнага выбарчага права за ўсімі грамадзянамі, уключаючы буржуазію. Пры гэтым у Румыніі, Венгрыі і Балгарыі некаторы час захоўваўся інстытут манархіі.

Эканоміка і сацыяльная сфера

правіць

Палітыкай нацыянальных франтоў прадугледжвалася канфіскацыя ўласнасці «фашыстаў і іх саўдзельнікаў», такія прадпрыемствы пераходзілі пад дзяржаўнае кіраванне. Прамога патрабавання ліквідацыі капіталістычнай уласнасці не вылучалася. Пры захаванні прыватных і кааператыўных прадпрыемстваў значна большую, чым у даваенны перыяд, ролю стаў гуляць дзяржаўны сектар эканомікі.

У краінах народнай дэмакратыі ажыццяўлялася аграрная рэформа, у выніку якой праводзілася ліквідацыя буйнога памешчыцкага землеўладання па прынцыпе «зямля належыць тым, хто яе апрацоўвае». Канфіскаваная зямля, у першую чаргу — у землеўладальнікаў-калабарантаў — перадавалася часткова сялянам (за невысокую плату), часткова пераходзіла да дзяржавы. У тых краінах, з тэрыторый якіх адбывалася высяленне немцаў на тэрыторыю Германіі (Польшчы, Чэхаславакіі і Югаславіі), іх землі таксама канфіскоўваліся.

Міжнародныя адносіны

правіць

У сваёй знешняй палітыцы краіны народнай дэмакратыі ў значнай меры арыентаваліся на Савецкі Саюз. З шэрагам урадаў яшчэ падчас вайны былі падпісаны дагаворы аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве (з Чэхаславакіяй — снежань 1943 года, з Югаславіяй і Польшчай — красавік 1945 года). У былых саюзніках гітлераўскай Германіі (Балгарыі, Венгрыі і Румыніі) дзейнічалі Саюзныя кантрольныя камісіі з удзелам прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, аднак прысутнасць савецкіх войскаў дазваляла Маскве аказваць большы ўплыў на палітыку і эканоміку гэтых краін.

Вынікі

правіць

Стварэнне народна-дэмакратычных урадаў дазволіла камуністам прыйсці да ўлады і пачаць будаўніцтва сацыялізму мірным і плыўным шляхам, без грамадзянскіх войнаў і грамадскіх узрушэнняў, на аснове міжкласавага саюза і ўключэння ў палітычнае жыццё шырокага кола палітычных сіл. Гэта значыць інакш, чым у СССР. Аднак з пачаткам Халоднай вайны і ўзмацненнем эканамічнага і палітычнага супрацьстаяння адбылося ўзмацненне жорсткасці палітычнага рэжыму і паскарэнне ў многіх краінах пераходу да сацыялістычных формаў у эканоміцы. Да сярэдзіны 1947 года ў многіх краінах камуністычныя партыі выціснулі з нацыянальных франтоў правых саюзнікаў і ўмацавалі свае пазіцыі ў кіраўніцтве дзяржавай і эканамічным жыццём.

У 50-я—80-я гады XX стагоддзя тэрмін краіны народнай дэмакратыі часта ўжываўся для абазначэння сукупнасці ўсіх сацыялістычных краін са шматпартыйнай сістэмай.

Краіны і франты

правіць
Сцяг Назва рэспублікі Народна-дэмакратычная рэвалюцыя Фронт
  Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка (АНДР) 1962 г. Фронт нацыянальнага вызвалення
  Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія (НСРА) 1944-1945 гг. Дэмакратычны фронт Албаніі
  Народная Рэспубліка Ангола (НРА) 1975 г. МПЛА
  Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан (ДРА) 1978 г. Аб’яднаны фронт камуністаў Афганістана
  Народная Рэспубліка Балгарыя (НРБ) 1944 г. Айчынны фронт
  Венгерская Народная Рэспубліка (ВНР) 1947-1949 гг. Венгерскі нацыянальны фронт незалежнасці
Айчынны народны фронт
  Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам (ДРВ) 1945 г. В’етмінь/Льен-В’ет
Айчынны фронт В’етнама
  Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (СРВ) 1978 г. Айчынны фронт В’етнама
  Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя 1977 г. Усеагульны народны кангрэс Лівіі
  Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) 1949 г. Дэмакратычны блок
Нацыянальны фронт ГДР
  Народна-рэвалюцыйны ўрад Грэнады (НРУГ) 1979 г. Сумесныя намаганні ў галіне сацыяльнага забеспячэння, адукацыі і вызвалення
  Народная Дэмакратычная Рэспубліка Емен (НДРЕ) 1967 г. Фронт нацыянальнага вызвалення Паўднёвага Емена
  Дэмакратычная Кампучыя (ДК) 1976 г. Нацыянальны адзіны фронт Кампучыі
  Народная Рэспубліка Кампучыя (НРК) 1979 г. Адзіны фронт нацыянальнага выратавання Кампучыі
Адзіны фронт нацыянальнага будаўніцтва і абароны Кампучыі
  Кітайская Народная Рэспубліка (КНР) 1949 г. Патрыятычны адзіны фронт кітайскага народа
  Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР) 1948 г. Адзіны дэмакратычны айчынны фронт
  Рэспубліка Куба (РК) 1959 г. Рух 26 ліпеня
Рэвалюцыйны дырэктарат 13 сакавіка
  Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (ЛНДР) 1975 г. Патэ Лао
Фронт нацыянальнага будаўніцтва Лаоса
  Народная Рэспубліка Мазамбік (НРМ) 1975 г. Фронт вызвалення Мазамбіка
  Рэспубліка Нікарагуа (РН) 1979 г. Сандзтнісцкі фронт нацыянальнага вызвалення
  Польская Народная Рэспубліка (ПНР) 1952 г.[5] Нацыянальны фронт
Фронт адзінства народа
Патрыятычны рух нацыянальнага адраджэння
  Сацыялістычная Рэспубліка Румынія (СРР) 1944-1947 гг. Народна-дэмакратычны фронт
Фронт дэмакратыі і сацыялістычнага адзінства
  Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЧССР) 1945-1948 гг. Нацыянальны фронт Чэхаславакіі
  Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія (СФРЮ) 1945 г. Адзіны народна-вызваленчы фронт Югаславіі
Сацыялістычны саюз працоўнага народа Югаславіі

Крыніцы

правіць
  1. Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  2. Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  3. Научный коммунизм. — М.: Политиздат, 1988.
  4. Конституции социалистических государств. — Т. 1 — М.: Юридическая литература, 1987.
  5. xsp?id=WDU19520330232 Konstytucja Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej uchwalona przez Sejm Ustawodawczy w dniu 22 lipca 1952 r.. isap.sejm.gov.pl. Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2020. Праверана 24 жніўня 2020.