Народная песенька з ваколіц Вільні
«Народная пе́сенька з ваколіц Ві́льні» (польск.: Piosnka ludowa z okolic Wilna) — верш Уладзіслава Сыракомлі на матыў беларускай народнай песні «Паехаў сынок аж на Украіну…»[1].
Народная песенька з ваколіц Вільні | |
---|---|
польск.: Piosnka ludowa z okolic Wilna | |
![]() Малюнак Фердынанда Рушчыца (1912) | |
Жанр | Верш |
Аўтар | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгінала | польская |
Дата напісання | 1860 |
Перакладчык | Васіль Сёмуха |
Калі верш паходзіў з канкрэтнай фальклорнай крыніцы або правобраза, паэт не даваў яму ніякай назвы, а пазначаў, што гэта народная песня[2], таму гэты твор так і называецца. Паводле Вінцэся Каратынскага, гэты твор — «дакладнае паўтарэнне асновы народнай песні, вядомай па ўсёй Літве, не толькі ў ваколіцах Вільні»[3].
Першакрыніца верша была ў свой час апублікаваная Янам Чачотам у «Вясковых песеньках з-над Нёмна і Дзвіны» (1846),[1] але, як заўважае Уладзімір Мархель, няма звестак пра наяўнасць гэтай кнігі у асабістай бібліятэцы песняра, таму, на ягоную думку, можна меркаваць, што песню Сыракомля ведаў з гэтай кнігі, але за аснову ўзяў іншы варыянт[4]. Як правобраз песню «Паехаў сынок аж на Украіну…» прапанаваў часопіс «Litwa i Ruś» у 1912 г.[5]
Станіслаў Цывінскі адзначаў, што Сыракомля апусціўшы чатыры радкі арыгінальнай песні (пра тое, у што маці апранала сына і нявестку і як везла іх на могілкі), змякчыў арыгінал. Уладзімір Монах таксама заўважае, што пясняр абыйшоў «шурпатасць і прымітывізм» арыгіналу, каб узмацніць дыдактызм імаральныя сентэнцыі[5].
Уладзімір Мархель акцэнтуе ўвагу на тым, што Сыракомлеў верш таксама мае дапаўненні: з’явіліся 2 дадатковыя заключныя радкі пра каханне. Таксама ў творы адсутнічае Украіна, але з’яўляецца дэталь, што сын не спытаў у маці дазволу на шлюб і не пакланіўся ёй, чаго ў песні няма. На думку даследчыка, Сыракомля ўлічваў іншыя варыянты песні, якіх ў зборніку народных балад «Балады» (1977) агулам 73 варыянты[3].
Пераклады
правіцьНа беларускую мову верш перакладаў Васіль Сёмуха[6].
Зноскі
- ↑ а б Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 75.
- ↑ Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 74.
- ↑ а б Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 77.
- ↑ Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 76-77.
- ↑ а б Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — 1983. — С. 76.
- ↑ Уладзіслаў Сыракомля // Літаратурная спадчына. — 19 сакавіка 2015.
Літаратура
правіць- Мархель, У. І. Лірнік вясковы (бел.). — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 192 с.