Павел Ігнатавіч Канопліч

Павел Ігнатавіч Канопліч (31 студзеня 1912, в. Замошша, Буйнавіцкая воласць, Мазырскі павет, Мінская губерня — 1983) — работнік сельскай гаспадаркі (звеннявы маханізаванага звяна), Герой Сацыялістычнай Працы (1966). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 6-га склікання (1963—1967).

Павел Ігнатавіч Канопліч
Нараджэнне 31 студзеня 1912(1912-01-31)
Смерць 1983
Дзейнасць дзяржаўны дзеяч
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
ордэн Леніна

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 31 студзеня 1912 года ў сялянскай сям’і. З 1935 года працаваў у калгасе «Перамога». З восені 1936 года праходзіў навучанне на курсах трактарыстаў пры Лельчыцкай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Праз год стаў трактарыстам гэтай МТС.

Прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гадах, быў паранены і пасля лячэння дэмабілізаваны. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў трактарыстам. З пачаткам вайны быў вымушаны застацца на акупіраванай тэрыторыі. Вясной 1943 года разам з некалькімі аднавяскоўцамі стаў партызанам. З восені 1943 года — баец Лельчыцкай партызанскай брыгады. У пачатку 1944 года разам з перадавымі часткамі Чырвонай Арміі вызваляў вёскі Замошша, Астражанка і Сіманавічы Лельчыцкага раёна, стаў чырвонаармейцам і быў накіраваны на фронт.

Вясной 1944 года падчас вызвалення Петрыкаўскага раёна атрымаў найцяжэйшыя раненні абедзвюх ног. Знаходзіўся на лячэнні ў ваенным шпіталі ў Гомелі, затым у бальніцах. Перанёс некалькі цяжкіх аперацый, у тым ліку ампутацыю абедзвюх ступняў. Атрымаў інваліднасць 1-й групы і пасля завяршэння лячэння ў снежні 1945 года быў дэмабілізаваны[1].

Без ступняў абедзвюх ног асвоіў кіраванне трактарам і вясной 1950 года быў дапушчаны да самастойнай працы на новым трактары маркі СХТЗ-НАТІ. Праз год стаў лепшым механізатарам раёна, а яго імя было занесена на Дошку гонару Лельчыцкай МТС.

Пасля скасавання сістэмы МТС у 1958 годзе перайшоў на працу ў саўгас «Буйнавічы», прымаў актыўны ўдзел ва ўкараненні комплекснай механізацыі. У пачатку 1963 года стаў ініцыятарам пераходу на звеннявую сістэму арганізацыі працы для вырошчвання кукурузы і цукровых буракоў.

Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці рэспублікі: з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963—1967), мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Пражываў у роднай вёсцы. Разам з жонкай выгадаваў семярых дзяцей.

У 1968 годзе выйшаў на адпачынак па стане здароўя. Памёр у 1983 годзе.

Памяць правіць

Імя Героя было прысвоена Замошскай сярэдняй школе. Пра яго жыццёвы шлях і працоўны подзвіг распавядаецца ў кнізе беларускага пісьменніка Уладзіміра Правасуда «Палескі Марэсьеў». Яму прысвечаны дакументальны фільм «Жыве на Палессі чалавек».

Узнагароды правіць

Зноскі

  1. Коноплич Павел Игнатьевич
  2. Заслужаныя і ганаровыя грамадзяне(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2022. Праверана 11 студзеня 2022.

Літаратура правіць

  • Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 282.
  • Беларусь. Belarus : палітыка, эканоміка, культура. — 1966. — № 12. — С. 23.
  • Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. — Минск, 1982. — Т. 5. — С. 315.
  • Палескі Марэсьеў / Уладзімір Правасуд. — Мінск : Беларусь, 1965. — 58 [2] с.
  • Памяць : Лельчыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [уклад.: М. З.
  • Башлакоў, Д. С. Жук; рэдкал.: У. А. Мірановіч і інш. ; маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мінск, 2002. — С. 486—488.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2012. — Т. 3, кн. 1 : Гомельская область. — С. 344.
  • Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. — Минск, 2014. — С. 127.
  • Трудовая гвардия Гомельщины / [составители: А. М. Иванисов, А. А. Костюченко, А. М. Шныпарков]. — Минск, 1986. — С. 143—146.