Падземны звон на горцы ў Пазяневічах

«Падземны звон на горцы ў Пазяневічах» — балада Яна Чачота, напісаная ў 18181819 гадах.

Падземны звон у Пазяневічах
Жанр балада
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання 18181819
Перакладчык Кастусь Цвірка
Электронная версія

Апісанне

правіць

Балада апавядае, як паблізу мястэчка Турэц, на горцы ў Пазяневічах стаяла колісь праваслаўная царква. Мясцовы поп меў надзвычай фанаберыстую жонку, якая на ўсіх кірмашах — у Сталовічах і Міры «ўборамі свет асляпіла», і калі змарнавала ўвесь свой набытак, пачала думаць, дзе ўзяць грошы на новыя строі. У сквапнай пападдзі ўзнікла ідэя праз дзірку заліць вады ў адлітую з бронзы фігурку Збаўцы, што была на царкве. Такім чынам, з вачэй-дзірак мусілі пацячы «слёзы». Неўзабаве людзі з усяго павета пачалі з'яджацца, каб паглядзець на цуд і даваць багатыя ахвяры. На гэтыя сродкі жонка святара мела мажлівасць выхваляцца новымі строямі. Аднак, калі аднойчы, пакаяўшыся ў святатацтве, яна сваімі рукамі аздабляла алтар, раптоўна сцямнела, пачалі біць перуны і царква паляцела ў бездань. З гэтага часу ад горкі, на якой стаяла царква, часта чуецца голас званоў.

Фальклорны матэрыял

правіць

У аснову балады Ян Чачот паклаў народнае паданне пра царкву, што правалілася пад зямлю — як пакаранне за папоўскае ашуканства парафіян[1]. Варыянт выкарыстанага паэтам падання занатаваў у сярэдзіне XIX стагоддзя Ян са Слівіна (Адам Кіркор):[2]

  На дарозе з Міра ў Нясвіж, каля мястэчка Турца, размешчана маленькае паселішча, падобнае хутчэй на вёсачку, якое завуць Позеневічы. Пра яго такое сярод акалічнага люду ходзіць паданне: на невялікай горцы паблізу знаходзілася цэркаўка, у якой служыў парох, жанаты з фанаберыстай і хцівай кабетай. Цалкам падпарадкаваўшы сабе мужа, яна спусташала парафію, каб фарсіць у штораз прыгажэйшых строях. Калі ж, урэшце, звычайных запасаў стала мала дзеля яе ненасытнае і ўсё большай хцівасці, яна схіліла мужа да гнюснага чыну: зрабіць у цэркаўцы фальшывы цуд. Слабы муж на адным абразе святога выразаў намаляваныя на палатне вочы, а за абразом паставіў падгаворанага лёкая, абы той, гледзячы праз зробленыя дзіркі, пазіраў сюды-туды... раптоўна сцямнела, страшны віхор здуў свечкі, грымнуў жудасны гром... Цэркаўка загайдалася, зямля задрыжала, разламалася і паглынула яе ў сваіх глыбінях... Ад таго часу на горцы трава толькі, ды і то чэзлая расце, але часта з-пад зямлі чуваць галасы званоў[3].  

Адрозненні паміж паданнем і зместам балады датычаць толькі спосабу, пры дапамозе якога створаны фальшывы цуд[2].

Алюзіі

правіць

Паводле польскіх літаратуразнаўцаў, матыў западзення ў зямлю царквы з твору Яна Чачота запазычыў пазней Адам Міцкевіч для сваёй балады «Лілеі»[1].

Зноскі

  1. а б Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 295. — 327 с.
  2. а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валерый Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 54—55. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
  3. Jan ze Śliwina (A. Kirkor). Wycieczka archeologiczna po gubernji Wileńskiej // Biblioteka Warszawska. — 1855. — Т. II. — С. 439—440.

Спасылкі

правіць