Падзенне аўтобуса пад Хацежынам

Падзенне аўтобуса пад Хацежынам — найбуйнейшае дарожна-транспартнае здарэнне ў гісторыі Беларусі[1]. У выніку падзення некіраванага пасажырскага аўтобуса з моста пуцеправода на чыгуначныя шляхі загінула 17 чалавек (у тым ліку 16 — на месцы і яшчэ адзін памёр у бальніцы).

Падзенне аўтобуса пад Хацежынам
Тып дарожна-транспартнае здарэнне
Прычына няспраўнасць аўтобуса
Месца Магістраль М6
Краіна  Беларусь
Дата 18 жніўня 1991
Час 16:20
Загінулых 17
месца ДТЗ (Беларусь)
месца ДТЗ
месца ДТЗ

Храналогія падзей

правіць

У нядзелю 18 жніўня 1991 года з турыстычнага злёту пад Ракавам Мінскай вобласці на аўтобусе ЛАЗ-699Р вярталася ў Мінск па трасе М6 Гродна — Мінск група турыстаў у колькасці 28 чалавек і вадзіцеля. У 16:20 пры заездзе на пуцеправод ЛАЗ наехаў на дэфармацыйнае шво моста, пасля чаго раптам аўтобус стаў некіравальным, колы вывярнула направа і машына, прабіўшы агароджу дахам, звалілася на чыгуначныя шляхі на перагоне паміж станцыяй Дзегцяроўка і п. п. Крыжоўка, перакуліўшыся ў паветры. Аднымі з першых да месца здарэння прыбылі жыхары найбліжэйшай вёскі Хацежына. Людзі кідаліся вакол аўтобуса, аднак зрабіць нічога не маглі, стойкі даху не вытрымалі ўдару і большасць пасажыраў былі заціснуты ў салоне. Некалькі відавочцаў адправіліся да бліжэйшай чыгуначнай станцыі па дапамогу, а таксама для таго, каб прадухіліць магчымы наезд на аўтобус чыгуначнага саставу. Пасля гэтага сваімі сіламі з дапамогай падаспелага грузавіка паспрабавалі перавярнуць аўтобус назад на колы, аднак зрабіць гэта не ўдалося. Неўзабаве пад’ехалі аператыўныя службы з аўтакранамі, пачалі ратаваць людзей. Працэс ускладняўся яшчэ і тым, што тады не існавала спецыяльных службаў і сродкаў для выратавання такой колькасці пацярпелых у ДТЗ.

Прычыны аўтакатастрофы

правіць

Расследаванне выявіла тэхнічную няспраўнасць элементаў рулявой цягі аўтобуса. За месяц да здарэння аўтобус праходзіў тэхнічнае абслугоўванне, і дадзены элемент кіравання падлягаў разборцы. Аднак пры зваротнай зборцы механікі дапусцілі халатнасць. Па тэхналогіі пры мацаванні шаравога пальца павінен быў выкарыстоўвацца дынамаметрычны ключ. Слесары ж зацягнулі яго з дапамогай звычайнага ключа і трубы ў якасці рычага. Акрамя таго, не быў устаноўлены шплінт. У выніку за два тыдні паслярамонтных паездак аўтобуса шаравы палец з круглага ператварыўся ў эліпсападобны. З прычыны гэтага гайкі мацавання паступова расхістваліся. Адна з такіх гаек была выяўленая за 160 метраў ад пуцеправода. Усё гэта было змадэлявана на следчым эксперыменце і нават на малой хуткасці. Вадзіцель аўтобуса, які застаўся жывы, першапачаткова не казаў тое, што ведаў пра вялікі люфт руля, аднак пры прад’яўленні яму неабвержных доказаў прызнаўся ў гэтым. Акрамя таго, высветлілася, што і агароджа пуцеправода была пабудавана без захавання тэхналогій. Так секцыі парэнчаў былі звараныя, а не прыкручаныя балтамі, як гэтага патрабавалі правілы.

Памяць аб ахвярах

правіць

У 1990-х на сродкі сваякоў на месцы падзення аўтобуса быў усталяваны помнік з імёнамі ўсіх 17 загінуўшых.

Зноскі

Спасылкі

правіць