Парк Метрапалітана

Парк Метрапалітана (ісп.: Parque Metropolitano de Santiago) — гарадскі парк у сталіцы Чылі горадзе Сант’яга. Размешчаны на ўзгорках Сан-Крыстабаль, Чакарыльяс, Тупахуэ, Сальдэс, Піраміда і Джэймс Форэст. Парк месціцца паміж чатырма раёнамі горада: Уэкубара, Правідэнсія, Рэкалета і Вітакура, і мае плошчу прыкладна 737 га, што робіць яго буйнейшым гарадскім паркам у краіне і Лацінскай Амерыцы і чацвёртым у свеце.

Парк Метрапалітана
ісп. Parque Metropolitano de Santiago
парк Метрапалітана, выгляд на ўзгорак Сан-Крыстабаль
парк Метрапалітана, выгляд на ўзгорак Сан-Крыстабаль
Асноўная інфармацыя
ТыпГрамадскі парк 
Плошча7,37 км² га
Дата заснавання1966 
Размяшчэнне
33°25′25″ пд. ш. 70°37′57″ з. д.HGЯO
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Парк быў створаны ў красавіку 1966 года і ўключае чылійскі Нацыянальны заапарк і гару Сан-Крыстабаль, упраўляецца Міністэрствам жыллёвага будаўніцтва і гарадскога развіцця.

Гісторыя правіць

Узгорак Сан-Крыстабаль пачаў выкарыстоўвацца з 1903 года, калі тут стварылі астранамічную абсерваторыю Мілс, якая цяпер называецца Мануэль Фостэр. Галоўнай славутасцю узгорка з'яўляецца статуя Найсвяцейшай Дзевы Марыі Бязгрэшнага Зачацця, урачыстае адкрыццё якой адбылося 26 красавіка 1908 года.

У 1916 годзе з'явіўся праект Альберта Макена Суберкасеа і Педра Банэна па стварэнню на халме паркавай зоны адпачынку. 28 верасня 1917 года прэзідэнт Чылі Хуан Луіс Санфуэнтас падпісаў загад аб ахвяраваннях, куплі і экспрапрыяцыі зямель паміж Сант’яга і ўзгоркам Сан-Крыстабаль уключна. Гэтыя землі былі аб'яўлены дзяржаўнай уласнасцю і асновай для фарміравання будучага парку. 17 чэрвеня 1918 года мэр Сант’яга Пабла Урзуа падпісаў загад аб прыняцці зямель у гарадскую уласнасць. Але толькі наступны мэр Альберта Макена, які кіраваў у 1921-1927 гадах, добраўпарадкаваў узгорак для грамадскага выкарыстання.

Славутасці правіць

Басейны правіць

 
Басейн Тупахуэ

У парку маюцца два басейны на вольным паветры: басейн Тупахуэ («месца Бога» на мове кечуа) і Анцілен («сонечны» на мове мапуча). Абодва працуюць з лістапада па сакавік. Басейн Тупахуэ адкрыты ў 1966 годзе на аднайменным узгорку на месцы, дзе раней існаваў кар'ер. Ён мае памеры 82 на 25 метраў. Дабрацца да яго можна па канатнай дарозе (станцыя Тупахуэ). Басейн Анцілен адкрыты ў 1976 годзе, знаходзіцца на самай вяршыні ўзгорка Чакарыльяс, дзякуючы чаму з яго адкрываецца панарамны від на Сант’яга на ўсе 360°. Басейн мае 92 метры ў даўжыню і 25 метраў у шырыню.

Канатная дарога правіць

Канатная дарога была адчынена ў 1980 годзе і вядзе ад падножжа ўзгорка ў раёне Нортэ-Педра-дэ-Вальдывія (станцыя Аазіс) на вяршыню (станцыя Вяршыня) праз прамежкавую станцыю Тупахуэ, ля якой размешчаны басейн Тупахуэ, Батанічны сад і рэстаран Каміна Рэаль. На станцыі Вяршыня можна пабачыць статую Багародзіцы і спусціцца на фунікулёры, які курсіруе паміж станцыяй Вяршыня і раёнам Белавіста. Пад'ём па канатнай дарозе займае 20 хвілін. У 2009 годзе з-за механічнай паломкі канатная дарога была зачынена. Плануецца, што цалкам абноўленная, яна зноў запрацуе да 2015 года.

Фунікулёр правіць

 
Фунікулёр

З 1925 года санцьягскі фунікулёр абвешчаны нацыянальным помнікам. Ён мае дзве станцыі: адна размешчана ля нацыянальнага заапарку, а другая на вяршыні ўзгорка Сан-Крыстабаль. Лінія фунікулёру мае даўжыню 500 метраў і працуе пад вуглом 45 градусаў. Будынкі касы былі спраектаваны архітэктарам Лучана Кульчэўскі. Таксама ў адным з вагонаў маецца мемарыяльная дошка Іаану Паўлу II, які ехаў у гэтым вагоне на месу ў падножжа статуі Багародзіцы ў 1987 годзе. Існуе праект пабудаваць яшчэ адзін фунікулёр ад раёна Рэкалета да вяршыні ўзгорка.

Нацыянальны заапарк правіць

Нацыянальны чыліскі заапарк знаходзіцца на паўднёвым схіле ўзгорка Сан-Крыстабаль. Афіцыйна адчынены 12 снежня 1925 года. У заапарке жывуць больш чым 1000 жывёл — прадстаўнікі 158 відаў.

Батанічны сад правіць

Батанічны сад Чагуаль спецыялізуецца на расліннасці міжземнаморскай кліматычнай зоны Чылі. Амаль 30% з больш чым 3000 відаў раслін гэтай зоны з'яўляюцца эндэмікамі, якіх можна сустрэць толькі ў Чылі.

Статуя Багародзіцы правіць

 

Статуя Найсвяцейшай Дзевы Марыі Бязгрэшнага Зачацця з'яўляецца адным з месцаў глыбокай пашаны для каталіцкай царквы ў Чылі, а таксама сімвалам Сант’яга. Спраектаваная італьянскім архітэктарам Ігнасіё Джакамеці, яна знаходзіцца на самай вяршыні ўзгорка Сан-Крыстабаль на вышыні 863 метра над узроўнем мора. Вышыня самой статуі складае 14 метраў, а пастамента — 8,3 метра, вага — 36,61 т. У пастаменту ёсць невялікая капліца. Статуя асвятляецца ўначы агнямі, што размешчаны па баках. Гэта дазваляе разглядзець статую з усіх куткоў Сант’яга.

Спасылкі правіць