Паўднёва-Прыпяцкі разлом
Паўднёва-Прыпяцкі разлом — тэктанічная структура на поўдні Гомельскай вобласці Беларусі і ў сумежных абласцях Украіны; частка разлому, які абмяжоўвае на поўдні — паўднёвым усходзе Дняпроўска-Данецкі аўлакаген.
На Беларусі распасціраецца ў субшыротным напрамку на 240 км. Аддзяляе Прыпяцкі прагін ад Украінскага шчыта.
Паводле кінематычнай прыроды разлом скідавы, месцамі скідава-зрухавы. Зрухавыя парушэнні праявіліся пераважна па разрывах паўночна-ўсходняга, радзей паўночна-заходняга распасцірання. Уяўляе сабою разломную зону шырынёй 2—8 км і прасочваецца ў крышталічным фундаменце, верхнепратэразойскіх (на захадзе), палеазойскіх і месцамі мезазойскіх адкладах. Плоскасці скідальнікаў субшыротных разрываў разломнай зоны падаюць на поўнач пад вугламі да 70—80°. Максімальная сумарная вертыкальная амплітуда ссоўвання па іх паверхні фундамента да 5200 м.
Узнік Паўднёва-Прыпяцкі разлом, мяркуюць, у дапознапратэразойскі час. На платформавым этапе тэктанічныя рухі па ім узнавіліся ў канцы сярэдняга дэвону і з перапынкамі праяўляліся да антрапагену ўключна. Максімальная актывізацыя была ў час намнажэння фаменскіх саляносных адкладаў. Паводле матэрыялаў глыбіннага сейсмічнага зандзіравання разлом належыць да катэгорыі коравых.
Літаратура
правіць- Гарэлік 3. А. Паўднёва-Прыпяцкі разлом // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).