Паўночная марка
Паўночная марка ці Марка Паўночнай Саксоніі (ням.: Nordmark) — памежная марка (маркграфства), заснаваная каралём Генрыхам I у 936 годзе для абароны герцагства Саксонскага ад нападаў вендаў. Складовымі яе часткамі былі гау (акруга) Балезем, ці Бальзамская краіна, якая замыкалася рэкамі Эльба, Аланд, Віза, Мільда і лініяй, праведзенай ад апошняй ракі праз Роксфердскае балота да Оры; паўночная частка называлася Мінтгау ці Мільтгау і ўключала цяперашнюю Вішу; паўднёвая частка называлася Мозэ ці Мозідэ. Акруга Остэрвальдэ, на захад ад папярэдняй, распасціралася ад Бізы да Оры. На поўначы знаходзіліся славянскія акругі, жыхары якіх яшчэ захоўвалі свае асаблівасці. Паўночная марка знаходзілася пад вярхоўнай уладай герцагаў саксонскіх і мела замкі ў Тангермюндзе, Арнбургу, Вербене і г.д.
Гісторыя
правіцьПершым кіраўніком утворанай маркі (яна называлася Усходняй) кароль прызначыў Зігфрыда Мерзебургскага (пам. 10 ліпеня 937), які насіў тытул «легат». Пасля яго гібелі Генрых I прызначыў маркграфам брата Зігфрыда, Гера (каля 900 — 20 мая 965). Гера разам з маркграфам Германам Білунгам быў адной з галоўных апор імператара Атона I на ўсходзе Германіі. Ён падпарадкаваў шмат славянскіх зямель аж да Одэра, значна пашырыўшы ўладанні, стрымліваў напады вендаў, а ў 962/3 годзе нават распачаў паход у Польшчу. Гера заснаваў у заваяваных землях біскупствы Гафельберг і Брандэнбург, фактычна з’яўляючыся іх кіраўніком. У 954 годзе ён дапамог здушыць паўстанне герцага Людальфа. Пасля смерці Гера ў 965 годзе яго марка была падзелена на Паўночную (Nordmark), Усходнюю (Ostmark) ці Лужыцкую і Майсенскую маркі.
Уласна Паўночную марку атрымаў граф Дытрых фон Гальдэнслебен (пам. 25 жніўня 985). Імператар Атон даручыў Дытрыху прымірыць насельніцтва ў заваяваных саксонскіх абласцях Лузацыя і Гевелія, але паводле апавяданняў Цітмара Мерзебургскага і пазнейшых летапісцаў Дытрых не асабліва спрабаваў гэтага дамагчыся. Менавіта ў фанабэрыстасці і халатнасці Дытрыха Цітмар бачыць прычыну паўстання славян у Лузацыі ў 983 годзе, у выніку якога Германія страціла землі паміж Эльбай і Одэрам.
Пасля яго смерці Паўночная марка была перададзена графу Вальбека Лотару III (пам. 25 студзеня 1003), але яго сын Вернер (пам. 11 лістапада 1014) у 1009 годзе быў пазбаўлены маркграфства, аддадзенага сыну Дытрыха фон Гальдэнслебена — Бернхарду I Старэйшаму (пам. каля 1018).
Пасля гібелі ў 1056 годзе маркграфа Паўночнай маркі Вільгельма імператрыца Агнэса дэ Пуацье, удава нядаўна памерлага імператара Генрыха III, якая стала рэгенткай ад імя свайго малалетняга сына Генрыха IV, аддала Паўночную марку, а таксама некаторыя ўладанні дому Гальдэнслебен, графу Штадэ Лотару Уда I, што выклікала незадаволенасць Атона, зводнага брата Вільгельма. Разгарэўся сур’ёзны канфлікт, Атона падтрымалі шматлікія саксонскія графы. Для вырашэння канфлікту ў чэрвені 1057 года імператрыца запрасіла Атона ў суправаджэнні прыхільнікаў і васалаў у Марыенбург. Але па дарозе Атон быў забіты саксонскім графам Бруна, і з ім загас дом Гальдэнслебен.
Сын Лотара Вуда I, Лотар Уда II (1020/30—1082) выбраў сваёй рэзідэнцыяй Зальцведэль, і з тых часоў гэтыя ўладанні часта называліся Зальцведэльскай маркай.
Пасля смерці маркграфа Конрада фон Плёцкау (каля 1108 — 10 студзеня 1133) марка ў 1134 годзе перайшла да Альбрэхта Мядзведзя з дому Асканіяў. У 1142 годзе Альбрэхт атрымаў Паўночную Марку ад Конрада III як імперскае княства ў спадчыннае леннае валоданне, а ў 1157 годзе яна стала імперскім маркграфствам Брандэнбургскім; з гэтага часу ленная сувязь з герцагствам Саксонскім спынілася, і гісторыя яе з'яўляецца гісторый Брандэнбурга.
Гл. таксама
правіцьСпасылкі
правіць- http://www.friesian.com/
- Familie der grafen von Haldensleben (ням.). Mittelalterliche Genealogie im Deutschen Reich bis zum Ende der Staufer. Праверана 6 чэрвеня 2012.
- Familie Udonen (ням.). Mittelalterliche Genealogie im Deutschen Reich bis zum Ende der Staufer. Праверана 6 чэрвеня 2012.
- Альтмарк // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.