Венеды

(Пасля перасылкі з Венды)

Вене́ды, таксама вене́ты, венды, вінды[1] (лац.: Venedi, Venethae) — старажытнаславянскі народ, узгаданы рымскім гісторыкам Тацытам (1 ст.) і гоцкім гісторыкам Іарданам (6 ст.). Венеды таксама сустракаюцца ў працах Плінія Старэйшага, Пталемея і інш.

Карта старажытнага свету з арэаламі пражывання плямёнаў у пачатку эры ў межах Германіі і Еўрапейскай Сарматыі. Амаль што ў сучасных беларускіх межах пазначаны VENEDI.

Назва ўзыходзіць да індаеўрапейскай моўнай агульнасці.

Паводле Тацыта, венеды «перанялі шмат з нораваў германцаў», падобна «будуюць сабе дамы, носяць шчыты і падарожнічаюць пешшу». Тацыт змяшчаў венедаў паміж пеўкінамі (востраў Пеўкі ў вусці Дуная) і фенамі (продкі запалярнага народа саамі). Шэраг гісторыкаў атаясняюць тацытавых венедаў з познезарубінецкімі плямёнамі, якія пашырыліся да Прыднястроўя. Іардан у кнізе «Аб паходжанні і дзеях готаў» змяшчаў венедаў не на тэрыторыі Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у раёне Кракава. Венедаў нібыта перамог у IV ст. гоцкі кароль Германарых.

На думку польскага гісторыка і археолага В. Генсаля, народ пад назвай венеці ў 1400 да н.э. засяляў паўночную Францыю, у 1200 да н. э. — Адрыятычнае ўзбярэжжа паўночнай Італіі. Каля 1000 гадоў да н. э. народ пад назвай енатоі зафіксаваны старажытнымі гісторыкамі ў Малой Азіі, у VI ст. да н. э. — на берагах Чорнага мора і ў басейне ніжняй Віслы. Паводле звестак старажытнагрэчаскага гісторыка Скалака Карыяндскага, (в)энеты адрыятычныя — ілірыйскага паходжання або блізкія да кельтаў. У сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. да прыходу кельтаў у паўночную Італію яны займалі тэрыторыю Адрыятычнага ўзбярэжжа паміж рэкамі По і Ізонца да Альпаў.

Паводле звестак старажытнагрэчаскага гісторыка Палібія (III—II ст. да н. э.), які жыў у Рымскай імперыі і добра ведаў народы, што лакалізаваліся на тэрыторыі сучаснай Італіі, венеды ўжо ў канцы II тысячагоддзя да н. э. насялялі землі на поўнач ад Пічэны (Адрыятычнае ўзбярэжжа).

Адзеннем і звычаямі яны не адрозніваліся ад кельтаў, але размаўлялі на асаблівай мове (захавалася 200 кароткіх запісаў іх мовы). Праз землі венеды з Балтыйскага мора па Вісле і Карпацкім перавале ў Рымскую імперыю прыходзіў Бурштынавы шлях. Венеды адыгрывалі важную ролю ў асваенні гэтага шляху, таму рымляне пашырылі назву венеды на ўсе тыя народы, якія насялялі басейн Віслы.

У Заходняй Еўропе назва венеды за славянамі захавалася ад Рымскай імперыі да позняга сярэднявечча (напр., Венедскія горы, Венедскі заліў у Балтыйскім моры, Паўночныя Венеды на берагах Балтыйскага мора і інш.).

Нямецкі дыпламат С. Герберштэйн у XVI стагоддзі адзначаў, што народ, які размаўляў на славянскай мове, немцы за Эльбай называлі «вендамі» і «віндамі» (Wenden, Winden). Фіны і цяпер называюць рускіх венедаў (Venaja). Лічыцца, што назва ўсходнеславянскага племя аяцічы звязана з венедамі. Паводле высноў рускага гісторыка А. І. Неміроўскага  (руск.), язычніцкае славянскае свята Купалле мае свае карані ў Купавоне — вобразе чалавека-лебедзя, створаным рымскім паэтам I т. да н. э. Вергіліем. З прыведзеных звестак вынікае, што ў гістарычным аспекце назва венеды вельмі складаная.

Археалагічна немагчыма звязаць адпаведныя рэчавыя комплексы з прыведзенымі пісьмовымі звесткамі. На ўсіх названых тэрыторыях у шырокім храналагічным дыяпазоне, напрыклад, у жалезным веку, вылучаны розныя археалагічныя культуры, якія тыпалагічна і храналагічна паміж сабою не звязаны. У польскай археалагічнай навуцы з венедамі звычайна звязваюць пшэворскую культуру. З венедамі можа быць таксама звязана зарубінецкая культура і шэраг культур у Заходняй Еўропе.

Зноскі

  1. Напісанне ў адпаведнасці з Побаль, Л. Д. Венеды / Л. Д. Побаль //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 2, Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1994. С. 244—245.

Літаратура

правіць
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7. — С. 28,29.