Пе́дру або Пе́ру да Кавілья́н (парт.: Pêro da Covilhã, каля 1450—1530, Эфіопія) — партугальскі падарожнік і мараплавец XV стагоддзя, які пражыў трыццаць гадоў пры двары эфіопскіх імператараў. Яго заслугі: указанне на магчымасць абмінуць Афрыку морам, апісанне індыйскіх гаваняў і залатых рудняў у Сафале, першае дакладнае азнаямленне еўрапейцаў з Эфіопіяй.

Перу да Кавільян
Нараджэнне 1450
Смерць 1530

Біяграфія

правіць

Вызначыўся ў кастыльскай вайне пры Афонсу V, затым служыў у Берберыі, а пасля — у гвардыі караля Жуана II. Цудоўна валодаў арабскай мовай. У 1487 годзе разам з Афонсу дэ Паівам быў адпраўлены каралём Жуанам II на пошукі прэсвітара Іаана і зямлі, з якой у Еўропу прывозяць карыцу і іншыя спецыі. 7 мая 1487 года партугальцы, забяспечаныя неабходнай інфармацыяй і грашыма, адправіліся ў дарогу і пад відам гандляроў прыбылі ў Каір, адкуль Кавільян у суправаджэнні некалькіх маўраў адплыў у бок Індыі, наведаўшы Суэц (Тора), Адэн, Армуз, Гоа, Калікут і Сафальскі бераг у Мазамбіку, у той час як яго таварыш Паіва адправіўся ў Абісінію (Эфіопію). Яны дамовіліся сустрэцца ў Каіры.

 
Шлях гандляроў спецыямі (зялёная лінія) і маршруты Васка да Гамы (чорная), Пера да Кавільяна (аранжавая) і Афонсу дэ Паівы (сіняя)

Пасля вяртання ў Каір у 1490 годзе Кавільян даведаўся пра смерць Паівы ў Эфіопіі. Падчас знаходжання ў Егіпце ён напісаў для караля справаздачу пра сваё падарожжа, у якім даў яму савет шукаць шлях у Індыю не па сушы, а па моры, плывучы на поўдзень ад Гвінеі ў бок Вострава Месяца (Мадагаскара). Пасланне Кавільяна, дастаўленае ў Партугалію яўрэямі-гандлярамі, праславіла яго імя, праз і некалькі гадоў задума марскога падарожжа ў Індыю была ажыццёўлена Васка да Гамам.

Тым часам сам Кавільян у 1493 годзе паехаў па следзе Паівы ў Эфіопію, дзе імператар Аляксандр прыняў яго вельмі ласкава, даў землі і добрае месца пры двары, аднак вярнуцца на радзіму не дазваляў да самай смерці. У 1507 годзе да яго далучыўся нейкі падрэ з экспедыцыі Трыстана да Кунья. У 1520 годзе ў Эфіопію прыбыло партугальскае пасольства, для якога Кавільян дамогся ад імператара розных палёгак, але так і не атрымаў дазволу вярнуцца. Увогуле, Кавільян правёў у Эфіопіі больш за тры дзясяцігоддзі жыцця. Запісы Кавільяна пасля яго смерці былі страчаны.

Зноскі

Спасылкі

правіць
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).