Петрыкаўскі замак — драўлянае абарончае і рэпрэзентатыўнае збудаванне ў Петрыкаве. Існаваў у XVIXIX стст., на стромкім беразе Прыпяці, на месцы замку XVXVI стст. Заснаваны слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. Неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. У другой палове XVIII — пачатку XIX ст. ператвораны ў сядзібна-палацавы комплекс, які ўключаў палац у стылі барока, гаспадарчыя пабудовы, сад.

Паводле інвентара за 1810 год да драўлянай двух'яруснай брамы замка вёў драўляны мост з парэнчамі. На ніжнім паверсе брамы размяшчалася хата з алькежамі і дзве каморы, а ў верхнім — летняе жытло. Брама завяршалася шатровым дахам з круглай банькай. У цэнтры дзядзінца стаяў аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны палац з бруса з мезанінам пад ламаным гонтавым дахам з дэкаратыўнымі дымнікамі. Унутры палац меў вялікія і малыя сенцы, шэраг пакояў, гардэроб, спальню з альковам, парадную залу і на другім паверсе летняе жытло. Па бакох палац фланкіравалі дзве афіцын. За палацам быў разбіты сад, які спускаўся да берагоў Прыпяці.

Непадалёку знаходзіліся два флігелі, стайня, вазоўня, хлеў і сад з боку ракі. Комплекс быў абведзены вадзяным ровам, праз які да брамы пракладзены мост.

ЛітаратураПравіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.