Пукапука (саманавзва Pukapuka) — карэнныя палінезійскія насельнікі атола Пукапука на Астравах Кука. Жывуць таксама ў Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, ЗША. Агульная колькасць — 5600 чал., з іх на Астравах Кука — 1200 чал. (2011 г.)[1]

Пукапука
(Pukapuka )
Агульная колькасць 5600 чал.
Рэгіёны пражывання атол Пукапука
Мова пукапука
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тувалу, самоанцы, такелау

Гісторыя правіць

Насельнікі Пукапука значна адрозніваюцца па мове і культуры ад маары астравоў Кука. Мяркуецца, што яны з’яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў XIII ст. з Заходняй Палінезіі або з астравоў Туамоту. Аднак археолагамі было выяўлена, што людзі жылі на атоле значна раней. У пластах III ст. да н. э. былі знойдзены косткі сабак, якія не маглі дасягнуць ізаляванай сушы самастойна. Не вядома, ці быў атол Пукапука населены бесперапынна, і перасяленцы XIII ст. асімілявалі папярэдніх жыхароў, ці старажытныя тубыльцы пакінулі яго да з’яўлення заходніх палінезійцаў.

У 1525 г. атол Пукапука перажыў цунамі, пасля якога ў жывых засталося ўсяго 15 мужчын і 2 жанчыны. Яны сталі прамымі продкамі ўсіх сучасных пукапука.

20 жніўня 1595 г. атол быў адкрыты іспанскімі мараплаўцамі. У 1857 г. на ім высадзіліся хрысціянскія місіянеры палінезійскага паходжання, што стала прычынай хуткай хрысціянізацыі астравіцян. У 1892 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат, а ў 1901 г. атол увайшоў у склад Астравоў Кука.

Навуковыя даследаванні пукапука пачаліся ў 1930-ыя гады.

Культура правіць

Дзякуючы адноснай ізаляванасці пукапука добра захавалі традыцыйную культуру. Іх асноўнымі заняткамі да нашых дзён з’яўляюцца земляробства і лоў рыбы. Галоўныя сельскагаспадарчыя культуры — тара і какосавая пальма. Тара вырошчваюць на штучна забалочаных агародах. Праца на іх лічылася жаночым абавязкам. Акрамя таго, пукапука вырошчваюць цукровы трыснёг, садавіну і гародніну. Развіццю традыцыйнай сельскай гаспадаркі садзейнічае палітыка мясцовых уладаў на падтрыманне здароўя жыхароў праз здаровую ежу, што ў першую чаргу адбіваецца на абмежаванні продажу прывазных прадуктаў.

Сем’і вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Нават у нашы дні захоўваецца вызначальная роля суседскай абшчыны, якая кантралюе і пераразмяркоўвае зямлю, аказвае дапамогу і прымае супольныя рашэнні.

Пукапука вядомы сваёй прыхільнасцю да спорту. На маленькім атоле існуе футбольная, тэнісная, валейбольная і іншыя спартыўныя каманды. Асабліва папулярны крыкет кірыкіры, запазычаны з Самоа.

Мова правіць

Пукапука размаўляюць на асобнай мове, якая застаецца непісьменнай.

Зноскі

Спасылкі правіць