Пётр Гнаінскі-Міткевіч

Пётр Гнаінскі-Міткевіч (польск.: Piotr Gnoiński-Mitkiewicz; 7 мая 1799 — 1873, Навагрудак) — памешчык Навагрудскага павета.

Пётр Гнаінскі-Міткевіч
Нараджэнне 7 мая 1799(1799-05-07)
Смерць 1873
Веравызнанне каталіцтва
Навуковая ступень доктар медыцыны[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і Францішка. Брат Ксаверыя (нар. 7.2.1796), губернскага сакратара, і Канстанціна (нар. 15.1.1801), лекара. Каталік паводле веравызнання.

Вучыўся ў Навагрудскай гімназіі, у 1817 г. вучань 5-га класа. Падчас навучання ў гімназіі выступаў у школьным тэатры. З 1818 г. вучыўся ў Віленскім універсітэце, які скончыў у 1823 г. і атрымаў тытул доктара медыцыны.

Уласнік маёнтка Волца Навагрудскага павета. Да 1826 г. займаўся прыватнай практыкай у Вільні, з 1831 г. перабраўся ў Навагрудак. У гэтым годзе выратаваў жыццё цяжка хворага М. Мураўёва, выпадак якога іншыя лекары прызналі за безнадзейны. У 1832 г. Гнаінскі лічыўся навагрудскім павятовым лекарам, абавязкі якога выконваў і ў 1856 г. У 1852 г. меў чын надворнага саветніка.

Разам са сваёй жонкай быў заангажаваны ў падзеі 1863 года. Паводле некалькіх сведчанняў, ягоная жонка кіравала палітычнай маніфестацыяй у Навагрудку. Па канфірмацыі М. Мураўёва ад 15 мая 1864 г. Гнаінскага было вызначана саслаць у Арэнбургскую губерню. Аднак новым рашэннем Мураўёва ад 15 ліпеня 1864 г. папярэднюю пастанову адмянілі, і яго пакінулі на месцы сталага жыхарства. Наступствам ягонай прыналежнасці да паўстанцкіх падзей стала толькі звальненне з дзяржаўнай службы ў 1864 г.

Ліставаўся з Ануфрыем Петрашкевічам. У фондах бібліятэкі Літоўскай Акадэміі навук захаваліся тры ягоныя лісты да апошняга, датаваныя 1858—1859 гг.

Памёр у Навагрудку.

Сям’я правіць

Жанаты з Ганнай з Юрэвічаў. Меў сына Вікенція Пятра Якава (нар. 1.8.1853) і, магчыма, дачку Марыю (нар. 1841), з якой ажаніўся Антоні Пуцята.

Спасылкі правіць