Рабочая гвардыя (Заходняя Беларусь)

Рабочая гвардыя — узброеныя фарміраванні рабочых у гарадах Заходняй Беларусі.

Мэты і задачы правіць

Ствараліся для навядзення рэвалюцыйнага парадку пасля прыходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. Арганізацыя атрадаў рабочай гвардыі прадугледжвалася дырэктывай № 1 Ваеннага савета Беларускага фронту ад 16 верасня 1939 г. Функцыі рабочай гвардыі канкрэтызаваны ў загадзе камандуючага Беларускім фронтам камандармам 2-га рангу М. П. Кавалёва ад 21 верасня 1939 г. Загад патрабаваў неадкладна «стварыць Рабочую гвардыю для барацьбы з бандыцкімі шайкамі і ачышчэння раёна ад бадзяжніцкіх афіцэрскіх груп, паліцэйска-жандарскіх і салдацкіх грабежніцкіх банд польскай арміі».

Гісторыя правіць

Прынцыпы стварэння правіць

Рабочая гвардыя стваралася на прынцыпах добраахвотнасці, хаця на практыцы мелі месца і выключэнні. У яе склад найперш залічвалі рабочых, якія са зброяй у руках выступілі супраць польскіх улад яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі. На такіх жа прынцыпах у сельскай мясцовасці фарміраваліся атрады сялянскай міліцыі, якія падпарадкоўвапіся валасным і вясковым сялянскім камітэтам. У вялікіх гарадах атрады рабочай гвардыі арганізоўваліся на буйных прадпрыемствах, у меншых — на агульнагарадскіх сходах рабочых. Кожная кандыдатура абмяркоўвалася. Як правіла, атрады рабочай гвардыі ўзначальвалі былыя члены КПЗБ, прафсаюзныя актывісты. Так, у Баранавічах рабочую гвардыю ўзначаліў былы член КПЗБ А. Ф. Рубенчык, які перад гэтым каля 6 гадоў правёў у польскіх турмах. У Ашмянах намеснікам начальніка рабочай гвардыі быў прызначаны М. А. Міцкевіч, які да гэтага таксама быў зняволены ў турму польскімі ўладамі.

Дзейнасць правіць

Рабочая гвардыя і сялянская міліцыя карысталіся падтрымкай насельніцтва. У Беластоку за першы тыдзень існавання Рабочай гвардыі ў яе ўступіла 307 чал., у Кобрыне за некалькі дзён — 120 чал. На 1 кастрычніка 1939 г. у Пінску Рабочая гвардыя налічвала каля 400 байцоў. У атрады Рабочай гвардыі прымалі і жанчын. У Стоўбцах са 150 членаў Рабочай гвардыі 34 былі жанчыны, з іх быў сфарміраваны асобны ўзвод. Кіраўніцгва Рабочай гвардыі ажыццяўлялі штабы ў ваяводствах, паветах, гарадах. Яны падпарадкоўваліся непасрэдна Часовым упраўленням, ваенным камісарам і начальнікам аператыўных груп НКУС. Узбраенне і амуніцыю падраздзяленням Рабочай гвардыі прадастаўлялі часці Чырвонай Арміі. Байцы Рабочай гвардыі неслі каравульную службу, ахоўвалі масты, пераправы, фабрыкі і заводы, забяспечвалі ахову грамадскага парадку ў гарадах, разам з чырвонаармейцамі ўдзельнічалі ў аперацыях па ліквідацыі бандаў рабаўнікоў і інш. Рабочая гвардыя расфарміравана ў сувязі са стварэннем гарадскіх і раённых аддзелаў міліцыі.

Літаратура правіць

  • Коўкель, І. Рабочая гвардыя / Іван Коўкель // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 27—28. — ISBN 985-11-0214-8.