Адкрыць галоўнае меню

Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі

Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (РППВР) — палітычная арганізацыя неанародніцкага кірунку ў 18991902 гг.

ГісторыяПравіць

Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я. Л. Гальперына і Л. М. Радзівонавай-Клячко. У яе стварэнні і кіраўніцтве ўдзельнічалі К. К. Брэшка-Брашкоўская і Р. А. Гершуні. Сацыялістычны склад партыі — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, сярод якіх было шмат яўрэйскай моладзі. У 2-й палове 1899 г. ад імя мінскай групы партыі была складзена адозва да навучэнскай моладзі з заклікам да ўсеагульнага пратэсту ў сувязі з увядзеннем часовых правіл аб аддачы студэнтаў на ваенную службу. Кіраўніцтва РППВР арганізавала некалькі друкарняў, значную частку іх абсталявання прадала маскоўскай і кіеўскай групам сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Віленскай арганізацыі Бунда. Вясной 1900 г. у мінскай друкарні вьдадзена брашура «Свабода», у якой раскрываліся асноўныя праграмныя мэты партыі[1].

Значную частку дзейнасці займала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і саддат шляхам стварэння гурткоў асветы, бібліятэк. РППВР выказалася за супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі, аднак лічыла, што іх ідэі здольны атрымаць права грамадзянства ў Расіі пры наяўнасці палітычных свабод. Была распрацавана арганізацыйная структура партыі. Прадугледжвалася ствараць яе як арганізацыю аўтаномных мясцовых і нізавых груп, аб'яднаных на аснове агульнай праграмы. Мясцовыя камітэты павінны былі фарміраваць вышэйшы орган — савет партыі. У пачатку 1900 г. мінская група РППВР налічвала 60 чал. Партыйныя групы дзейнічалі таксама ў Дзвінску, Беластоку, Санкт-Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група падтрымлівала сувязі з аднадумцамі ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Севастопалі, Сімферопалі. У красавіку 1900 г. мінская група разгромлена паліцыяй, значная частка яе членаў арыштавана. Асобныя групы РППВР працягвалі сваю дзейнасць, аднак прыхільнікі яе ў 1902 г. увайшлі ў арганізацыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Мэты і задачыПравіць

Галоўная мэта — утварэнне новага грамадства — сацыялізму. Аднак уяўленне пра яго ў аўтараў праграмных тэзісаў было вельмі расплывістае. Асноўным сродкам барацьбы за свабоду партыя лічыла тэрор супраць прадстаўнікоў царскай улады. Меркавалася, што толькі шляхам тэрору можна дасягнуць спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі[2].

Зноскі

  1. Зіміонка, А. Сацыялістычны рух на Беларусі // Беларусь: Нарысы гісторыі,эканомікі,культурнага і рэвалюцыйнага руху / Пад агул. рэд. А. Сташэўскага і інш. з дапам. А. Смоліча і інш. — Мн.: Выд. Цэнтрвыканкома БССР, 1924. — 321, [2] с.: іл., карт. — С. 157—158.
  2. Спиридович, А. Записки жандарма: / А. Спиридович; с предисл. и под ред. С. Пионтковского. — [Харьков]: Пролетарий, [1926]. — 263, [1] с. — С. 220—221.

ЛітаратураПравіць

  • Бригадин, П. И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.) / П. И. Бригадин. — Мн.: Згода, 1994. — 152 с.
  • Казлякоў, У. Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі / Уладзімір Казлякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — С. 28.
  • Спиридович, А. И. Революционное движение в России / А. И. Спиридович. Вып. 2: Партия социалистов-революционеров и ее предшественники. — Пг., 1916.
  • Солошенков, В. И. Большевики в борьбе с мелкобуржуазными партиями в Белоруссии (1903 — март 1917 гг.) / Ин-т истории партии при ЦК КПБ — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1981. — 206 с.