Раскіданае гняздо (спектакль, Гродзенскі абласны драматычны тэатр)

«Раскіданае гняздо» — спектакль, пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым у Гродзенскім абласным драматычным тэатры па аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Прэм’ера адбылася 10 лістапада 2006 года.[1]

«Раскіданае гняздо»
Афіша/постар/сцэна
Сцэна са спектакля
Жанр трагедыя ў 2-х дзеях
Заснаваны на п’есе Янкі Купалы
«Раскіданае гняздо»
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў
Харэограф Аляксандр Цебянькоў
Акцёры Сяргей Курыленка
Валянціна Харытонава
Аляксандр Калагрыў
Аляксандр Луцэнка
Аляксандр Шаўкаплясаў
Таццяна Абленс
Тамара Пазняк
Таццяна Вілімовіч і інш.
Працягласць 2 гадзіны 10 хв.
(з антрактам)
Краіна Беларусь
Мова беларуская
Год 10 лістапада 2006
Пастаноўкі Гродзенскі абласны драматычны тэатр

Акцёры

правіць

Творчая задума

правіць
  Вы родам з Гродна. У Вас шмат спектакляў пастаўлена ў абласных тэатрах: Магілёўскім, Гродзенскім, Гомельскім... А дзе знаходзіцца самая любімая тэатральная пляцоўка?

— Гродна. І не толькі таму, што я патрыёт свайго горада. Калі мне прапанавалі што-небудзь паставіць у Гродне, я паставіў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. Я ведаў, што гэта найцяжэйшы твор, наўрад ці на яго будуць хадзіць валам, ну, акрамя інтэлігентных людзей, але я ганаруся — спектакль атрымаўся. Акцёры дагэтуль яго зрэдку паказваюць, за сезон разы два, яны не дазваляюць яму разваліцца, патрабуюць ад дырэкцыі, каб паставілі гэты спектакль, і я ганаруся, што паставіў не касавую п’есу, а магутную п’есу Я. Купалы, дзе акцёрам ёсць што сказаць.
З інтэрв’ю рэжысёра спектакля А. Гарцуева аб пастаноўцы[2]

 
  [Я] зрабіў у гэтым тэатры дыптых «Раскіданае гняздо» і «Прымакі». Гэта розныя па жанры спектаклі, як падасца на першы погляд, адзін — камедыя, а другі — трагедыя. Але ў гэтым спалучэнні і ёсць сэнс нашага жыцця — ад камедыі да трагедыі адзін крок. Слёзы і смех стаяць побач. Вось так мы жывем.
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў аб творы Купалы[3]
 

Водгукі

правіць
  Ідучы на Купалаву класіку, я не спадзяваўся ўбачыць нешта сапраўды выдатнае — занадта часта пасля слоў «Бацька павесіўся» даводзіцца цяпер чуць рогат у зале, — аднак убачанае ўразіла мяне, як той казаў, «да глыбіні душы». Са школьнай парты ўсе добра памятаюць, што адзіны станоўчы герой у «Раскіданым гняздзе» — Незнаёмец, які прыходзіць на парэшткі разбуранай хаты і кліча яе жыхароў ісці на «Вялікі Сход па Бацькаўшчыну», каб разам перамагчы нябачнага, але ненажэрнага Цмока. У выніку Сымон і Зоська бягуць на Вялікі Сход, і іх учынак — адзіная надзея ў канцы трагедыі. Малады мінскі рэжысёр‑пастаноўшчык А. Гарцуеў дадаў у п’есу літаральна адзін эпізод у самым канцы. Незнаёмец забівае Зоську і Сымона з вінтоўкі, за што атрымоўвае ад Паніча мяшэчак з грашыма. Ці адчуваеце падтэкст?! Усё, спадарства, ніякай праўды няма і шукаць яе не варта. Усе сволачы, а найбольш, канешне, рэвалюцыянеры накшталт Незнаёмца. Гэты парадак непарушны, нават калі і несправядлівы. Сядзі, маўчы і старайся выслужыцца, бо гэта, апроч джэк‑поту ў «Суперлато», твая адзіная надзея падняцца на прыступку вышэй у герархічнай лесвіцы грошай, пасад, шыкоўных аўтамабіляў і ўсяго іншага, што так дорага сэрцу сучаснага беларуса.
Андрэй Павач[4]
 
  Яшчэ далей пайшоў у трактоўцы вобраза Незнаёмага Аляксандр Гарцуеў, ствараючы спектакль па п’есе «Раскіданае гняздо» ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Незнаёмы ў гродзенскім спектаклі не проста агітатар-клікуша і правакатар, ён наўмысна падасланы Панічом, каб пераканаць Сымона і Зоську пакінуць руіны хаты, падаўшыся на нейкі міфічны «сход». А калі палымяныя словы і рэвалюцыйныя лозунгі не дзейнічаюць — Незнаёмы забівае Сымона і Зоську... з дубальтоўкі. У фінале спектакля паказана, як кілер-Незнаёмы атрымлівае ад Паніча грошы за паспяхова выкананае заданне. Узнікае нават пытанне: ці не занадта далёка адыйшоў рэжысёр ад аўтарскай задумы і аб’ектыўнага зместу п’есы, прапануючы гледачам такі крымінальны фінал, ці апраўдана было вырашаць купалаўскую псіхалагічна-сімвалісцкую драму ў ключы сучаснага крымінальнага трылера?
Сяргей Кавалёў[5]
 
  Асаблівай ухвалы варта праца мастака-пастаноўніка Т. Сакалоўскай, якая стварыла надзвычай цікавыя дэкарацыі, адышоўшы ад стэрэатыпнага паказу беларускай сялянскай хаты, вясковага асяроддзя. Макрамэ шэрага колеру неадбеленага лёну, шматлікія вяроўкі, пні не толькі ствараюць атмасферу беларускай аўтэнтыкі, не толькі сведчаць пра надзвычайны мастакоўскі густ, але вырастаюць да вобразаў-сімвалаў зямлі, нядолі, наканаванасці. [...] Аўтары спектакля змянілі фінал твору класіка. Своеасабліва інтэрпрэтавалі некаторыя вобразы. Не з усім можна пагадзіцца. Так, вобраз Незнаёмага страціў той таямніча-ўзнёслы і адначасна злавесны змест, якім ён паўстае ў драме. Пазбаўлены сімволіка-рамантычнага значэння, вобраз Незнаёмага на гродзенскай сцэне бачыцца як звычайны злачынца з крымінальнымі задаткамі, што не грэбуе дробным крадзяжом, а ў фінале паўстае выканаўцам замоўленага Панічом забойства Сымона і Зоські. Няпроста ўспрыняць гэткі фінал. Але апошняя сцэна, калі па чарзе падаюць на зямлю (дэкарацыі з макрамэ, кветкі, вяроўкі лнянога колеру і строі герояў гэткія ж) забітыя, калі яны зліваюцца з гэтай зямлёй, ператвараюцца ў яе, тым самым усё ж застаюцца тут назаўсёды, уражвае незвычайна. Як і музыка, што на працягу ўсяго спектакля бездакорна адлюстроўвае стан герояў, іх душэўныя рухі, іх пакуты, каханне і нянавісць.
Ала Петрушкевіч[6]
 

Зноскі

  1. а б «Раскіданае гняздо» (трагедыя ў 2-х дзеях)(недаступная спасылка). сайт Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (28 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2012. Праверана 4 лістапада 2018.
  2. Міхалоўская, Алена. Аляксандр Гарцуеў: без плашчу і шпагі. Тэатральная Беларусь (28 снежня 2012).
  3. Бяленік, Алеся. Купала-рэп. Газета «Наша Ніва» (1 лістапада 2012).
  4. Павач, Андрэй. Фальсіфікацыя маралі, або Купала па‑гродзенску (газета). Наша Ніва (28 снежня 2012).(недаступная спасылка)
  5. Кавалёў, Сяргей. Рэцэпцыя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры. Villa Sokrates (19 снежня 2012).(недаступная спасылка)
  6. Петрушкевіч, Ала Янка Купала і Гродна // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зборнік навуковых артыкулаў. — Гродна: ГрДУ імя Я. Купалы, 2010. — С. 124—131. — ISBN 9789855153628.

Спасылкі

правіць