Расстрэл імператара Максіміліяна

«Расстрэл імператара Максіміліяна» — серыя прац Эдуара Манэ 1867—1869 гадоў, якія адлюстроўваюць сцэну пакарання смерцю праз расстрэл Максіміліяна I, кіраўніка Другой Мексіканскай Імперыі, якая праіснавала менш за 4 гады. Складаецца з трох карцін, невялікага эскіза і літаграфіі. Усе пяць прац экспанаваліся разам на выстаўках у Лондане і Мангейме 1992—1993 гадоў і ў Нью-Ёркскім музеі сучаснага мастацтва ў 2006 годзе.[1][2][3]

Эдуар Манэ
Расстрэл імператара Максіміліяна. 1868
фр.: L'Exécution de Maximilien
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 252 × 305 см
Мангеймскі Кунстгале, Мангейм, Германія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сын эрцгерцага Аўстрыйскага Франца Карла і прынцэсы Сафіі Баварскай Максіміліян атрымаў тытул Імператара Мексікі пры падтрымцы Напалеона III у час французскай інтэрвенцыі ў Мексіку 1861—1867 гадоў. Сустрэўшы суръёзнае супраціўленне з боку ўзброеных сіл, лаяльных зрынутаму прэзідэнту Беніта Хуарэсу, Напалеон III быў вымушаны адвесці Французскі экспедыцыйны корпус у 1866 годзе, што прывяло да падзення Другой мексіканскай імперыі. Максіміліян быў захоплены ў палон у маі 1867 года і па прысудзе ваеннага суда расстраляны 19 чэрвеня.[1]

Манэ прыступіў да працы не толькі з-за спагады рэспубліканскім ідэям, але і знаходзячыся пад моцным уплывам карціны Гоі «Трэцяе мая 1808 года ў Мадрыдзе».[1]

Найбольш вядомая карціна ў серыі, якая цяпер захоўваецца ў Мангеймскім Кунстгале, падпісана Манэ ў левым ніжнім вугле і датавана 19 чэрвеня 1867 года — часам намаляванай падзеі, а не фактычнай датай завяршэння карціны.[1]

Фрагменты іншай, буйнейшай працы захоўваюцца ў Лонданскай нацыянальнай галерэі. Частка палатна, магчыма, была адрэзана самім Манэ, але падзел на астатнія часткі быў зроблены ўжо пасля яго смерці. Захаваныя фрагменты былі нанова скампанаваны Эдгарам Дэга на адным палатне і набыты Лонданскай галерэй у 1918 годзе.[2]

Трэцяя, няскончаная карціна была прынесена ў дар Бостанскаму Музею вытанчаных мастацтваў містарам і місіс Макомбер, якія набылі яе ў Амбруаза Валара ў 1909 годзе. Невялікі эскіз да буйных палотнаў захоўваецца ў Новай гліптатэцы Карлсберга (Капенгаген). Зняцце адбіткаў з літаграфіі было забаронена самім Манэ ў 1869 годзе, аднак у 1944 годзе іх было зроблена каля 50 асобнікаў, і некаторыя з іх цяпер захоўваюцца ў Метраполітэн-музеі і Інстытуце мастацтваў Стэрлінга і Франсін Кларк.

У бостанскай версіі расстрэльная каманда апранута ў форму мексіканскіх рэспубліканцаў з самбрэра на галовах, аднак на іншых карцінах яны намаляваны ў стандартнай палявой форме, звычайнай для многіх армій таго часу, уключаючы французскую. Чырвоная фуражка на галаве сяржанта відавочна намякае на Напалеона III, а яго пастава — на няўдалае правядзенне растрэлу, які запатрабаваў паўторнага залпу.

Палітычная двухсэнсоўнасць карцін зрабіла немагчымай іх паказ у Францыі пры Напалеоне III. Мангеймская версія выстаўлялася ў Нью-Ёрку і Бостане ў 1879—1880 гадах, у Восеньскім салоне 1905 года, на Берлінскім сецэсіёне 1910 года, пасля якога і была набыта Мангеймскім Кунстгале.[1]

Галерэя правіць

Зноскі

  1. а б в г д Holland Cotter. Manet Finds Fodder in the French Debacle in Mexico (англ.). The New York Times (3 лістапада 2006). Праверана 23 ліпеня 2016.
  2. а б The Execution of Maximilian (англ.). The national gallery, London. Праверана 23 ліпеня 2016.
  3. Carol Vogel. Manet's Maximilians (англ.). The New York Times (10 лютага 2006). Праверана 23 ліпеня 2016.

Літаратура правіць

  • Oskar Bätschmann. Edouard Manet, Der Tod des Maximilian. Eine Kunst-Monographie. — Франкфурт-на-Майне: Insel-Verlag, 1993. — ISBN 3458331824.