Руска-беларускі слоўнік Александровіча

«Руска-беларускі слоўнік» — нарматыўны (да 2-й пал. 1938) руска-беларускі слоўнік, выданы ў двух тамах у Мінску (1-я пал. 1937), і канчаткова складзены пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча.

Руска-беларускі слоўнік Александровіча
Аўтар Андрэй Іванавіч Александровіч
Мова арыгінала беларуская
Выпуск 1937
Лагатып Вікікрыніц Электронная версія ў Вікікрыніцах

Адметнасцямі слоўніка былі надзвычай доўгі час, патрачаны на яго выпуск, і моцны ўплыў палітычных фактараў на яго падрыхтоўку. Праца над новым слоўнікам была ініцыяваная ў кастрычніку 1930, пасля масавых рэпрэсій у беларускай мовазнаўчай навуцы 1930 г. і забароны карыстання працамі «ворагаў народа». Здача ў друк планавалася на 1931, потым на 19321933, але рэальная праца над слоўнікам пачалася, відаць, не раней за пачатак 1932. Агульную рэдакцыю ў гэты час ажыццяўлялі П. Горын, А. Некрашэвіч, П. Шастакоў і П. Юргелевіч.

Як цэлае, слоўнік не быў, відаць, гатовы раней за вясну 1933. З іншага боку, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі амаль і не друкавала слоўніка (відаць, першага тому) да таго часу. Палітычныя падзеі (новая хваля барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам» 1933—1934) спынілі выпуск, адзін з рэдактараў, А. Некрашэвіч, зняты з пасады, у прэсе была агучана думка пра тое, што «нацдэмы» стараліся «засмеціць» і новы, рыхтаваны да друку, слоўнік. Апроч таго, спатрэбілася і перапрацоўка слоўніка на новы правапіс. Між іншым, Прэзідыум АН БССР звяртаўся з просьбай рэдагаваць падрыхтаваны слоўнік і даць па ім разгорнуты водгук да Б. Тарашкевіча (8.9.1933), з невядомым вынікам. Каля канца 1933 — пачатку 1934 новым адказным рэдактарам быў прызначаны А. Александровіч.

Выпуск перапланаваны на 1934, не адбыўся, і імаверна, што ў канцы 1934 ранейшая праца была забракаваная, і пачатая падрыхтоўка новай рэдакцыі, з запланаванай здачай у друк у канцы 1935. Слоўнік, відаць, быў гатовы ў асноўным не пазней за ліпень 1935, атрымаў станоўчую рэцэнзію А. Александровіча, і было пастаноўлена (19.8.1935) тэрмінова здаць яго ў друк.

Неўзабаве пасля арышту А. Александровіча (1.7.1938) слоўнікам было забаронена карыстацца, як падрыхтаваным пад кіраўніцтвам «ворага народу» (2-я пал. 1938).

Ацэнкі

правіць

Яшчэ да забароны слоўнік крытыкаваўся за надзвычайную русіфікаванасць беларускай часткі, хоць і адзначаецца, што з яго моцна русіфікаванай мэтавай аўдыторыяй (быў прызначаны перадусім «для партыйнага, камсамольскага, фабрычна-заводскага і калгаснага актыву»[1]) ён, магчыма, цалкам задавальняў яе патрэбы. Імаверна, слоўнік быў тоесным з г.зв. «другой (варожай) рэдакцыяй» руска-беларускага слоўніка, узгаданай К. Гурскім сярод «першых дзвюх рэдакцый, якія былі „зроблены ворагамі народа“»[2].

Крыніцы

правіць
  1. Запрудскі, С.113.
  2. «ЛіМ» 10.8.1938. Цыт. у: Запрудскі, С.110.

Літаратура

правіць
  • Запрудскі С. М. Да перадгісторыі «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй А. Александровіча // Vocabulum et vocabularium: Сб. научн. трудов по лексикографии. Отв. ред. В.В. Дубичинский. — Вып. 5. — Гродно: ГрГУ, 1998. — 188 с. ISSN 0453-79998. С.110—114.

Спасылкі

правіць