Самуіл
Самуіл (іўр.: שְׁמוּאֵל) — легендарны прарок ізраільскага народа.
Паводле біблейскага падання быў вымалены ў бога набожным левітам з роду Каафа і яго жонкай Ганнай, якая доўгі час не магла зацяжарыць, і яшчэ ў дзяцінстве быў прызначаны сваімі бацькамі да духоўнай службы, выхаванне праходзіў пад наглядам першасвяшчэнніка і суддзі ізраільцян Ільі.
З імем Самуіла звязная гісторыя ўзнікнення яўрэйскай дзяржавы, у Бібліі сцвярджаецца, што ў часы судзейства Ільі пры ўсёй яго набожнасці і лагоднасці, якая даходзіла да бязвольнасці, рэлігійнае і грамадскае жыццё ізраільцян прыйшло ў заняпад і не адпавядала правілам боскага запавету, за што бог вырашыў падвергнуць іх самаму цяжкаму выпрабаванню. За пакланенне іншаземным паганскім багам і непавагу да сябе ён дараваў ваяўнічым філістымлянам перамогу над ізраільцянамі ў час іх міжусобнай вайны, а суддзю Ілью і яго сыноў пакараў смерцю. Самуіла ж як вернага і паслухмянага свайго служку зрабіў прарокам і пераемнікам Ільі на пасадзе суддзі ізраільскага народа.
Да глыбокай старасці Самуіл мудра кіраваў народам і высока ўзняў яго дабрабыт. Але не такімі былі яго сыны, у выніку чаго народ, баючыся, каб пасля смерці Самуіла не аднавілася былое пры Ільі бязладдзе, стаў прасіць Самуіла, каб ён паставіў над імі цара. Самуіл пэўны час вагаўся, але пасля настойлівых просьбаў суайчыннікаў пагадзіўся і прызначыў царом Саўла. Калі ж памазаны ім цар не апраўдаў даверу, Самуіл быў вымушаны яшчэ пры жыцці Саўла тайна памазаць у цары Давіда.
Легенда адвяла прароку Самуілу 88 гадоў жыцця, якое апісана ў першых раздзелах першай кнігі «Царствы». Біблейская традыцыя прыпісвае яму складанне кнігі «Суддзі».[1]
Гл. таксама
правіць- Аэндорская чараўніца, выклікалая цару Саулу дух Самуіла перад бітвай з філістымлянамі.
Зноскі
- ↑ Скарына Ф. Творы:... С. 143.
Літаратура
правіць- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 143. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Самуіл
- Артыкул «Самуіл» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі