Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Вістычы)
Свята-Крыжаўзвіжанская царква — помнік архітэктуры барока. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі Вістычы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці, на невялікім пагорку.
Славутасць | |
Свята-Крыжаўзвіжанская царква | |
---|---|
52°12′17″ пн. ш. 23°41′08″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вістычы |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Брэсцкая |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата пабудовы | 1678 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000075 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1678 годзе з цэглы пры кляштары цыстэрыянцаў (заснаваны ў 1670 годзе).
З дазволу імператара Паўла I быў перададзены айцам-трапістам. У 1832 годзе кляштар скасаваны. У 1864 годзе касцёл капітальна адрамантаваны і ў 1866 годзе пераасвячоны ў Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву, якая дзейнічала да Вялікай Айчыннай вайны.
Апісанне
правіцьВырашаны паводле канона 3-нефавай бязвежавай базілікі з паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Пануючая роля сярэдняга нефа, нерасчлянёная прастора якога з'яўляецца кампазіцыйнай асновай будынка, дакладна выяўлена ў плане, складаючы з апсідай адно цэлае. Бакавыя нефы значна вузейшыя і карацейшыя за сярэні. Па абодва бакі ад сярэняга нефа размешчаны 4 прыдзелы: 2 з іх, далучаныя да апсіды, знаходзяцца ў бакавых нефах, а 2, што выходзяць на галоўны фасад, выступаюць з асноўнага аб'ёму амаль на 3 м. Нартэкс выходзіць за габарыты галоўнага фасада і стварае яго шырокую плоскасць, над якой узвышаецца прамавугольны шчыт з 3-вугольным франтонам. Сіметрычны бязвежавы фасад падзелены развітым антаблементам на ніжнюю частку і атыкавы франтон з валютамі. Вось сіметрыі вылучана ўваходным арачным парталам і акном над ім, нішай і люнетай у тымпане франтона. У дэкаратыўным аздабленні фасада выкарыстаны падвойныя паўкалоны, прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастайных форм. Бакавыя фасады апрацаваны падвойнымі пілястрамі, вокны апяразаны паўцыркульнымі архівольтамі.
Сцены асноўнага аб'ёму расчлянёны рэдка расстаўленымі вокнамі і плаўна пераходзяць у глухую сцяну магутнай апсіды. У цэнтры яе 2-га яруса знаходзіцца амбразура закладзенага акна. Сцены бакавых нефаў расчлянёны парнымі пілястрамі, паміж якімі высока ўзнятыя вялікія паўкруглыя люкарны.
Увядзенне пілястраў узбагачае пластыку бакавых фасадаў, надае ім больш дробны маштаб, падкрэсліваючы іх падпарадкаваную ролю. Кампазіцыя галоўнага фасада, расчлянёнага антаблементам на 2 ярусы, адносіцца да распаўсюджанай у эпоху барока схемы рымскай царквы Іль Джэзу. Рытмічны строй пілястраў і паўкалон, нарастаючы да цэнтра, падкрэслівае асноўную кампазіцыйную вось, якая акцэнтавана арачным парталам, аконнай нішай 2-га яруса з лучковым сандрыкам і авальнай люкарнай на франтоне.
Перад храмам стаіць драўляная 2-ярусная чацверыковая званіца пад пакатым 4-схільным шатром, убаку — паўразбураная каплічка.
Літаратура
правіць- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Маст. І. І. Бокі. — Мн.: БелЭн, 2000. — 216 с.: іл.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Вістычы)
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў в. Вістычы
- Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Вістычы) на сайце «Архіварта»