Свінка (гульня)
Свінка — дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася лёсаванне: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую рытвінку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «свінку» (невялікі кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр кругу) і паставіць кіёк назад у рытвінку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную рытвінку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «свінку» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).