Слаіста-кучавыя воблакі

Слаі́ста-кучавы́я во́блакі[1] (Stratocumulus, Sc) — воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў.

Слаіста-кучавыя воблакі

Вертыкальная магутнасць невялікая, размешчаны на вышыні да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных тэмпературах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў іншых тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць.

Віды і разнавіднасці

правіць

Слаіста-кучавыя воблакі падзяляюцца на наступныя віды і разнавіднасці:[2]

  • Слаіста-кучавыя хвалістыя (Stratocumulus undulatus, Sc und.) — у выглядзе чаргавання градаў і валоў, якія зліваюцца ў суцэльнае покрыва або раздзяляюцца прасветамі.
    • прасвечаныя (Stratocumulus translucidus, Sc trans.) — грады, пласціны ці глыбы, паміж якімі назіраюцца прасветы блакітнага неба або верхнія воблакі;
    • шчыльныя (Stratocumulus opacus, Sc op.) — складаюцца з глыбаў ці пласцін, што зліваюцца ў цёмна-шэрую масу шчыльных воблакаў, ніжняя мяжа якіх выразна акрэслена, а на яе фоне адрозніваюцца валы ці грады;
    • лінзападобныя (Stratocumulus lenticularis, Sc lent.) — асобныя, выцягнутыя ў даўжыню, даволі плоскія лінзападобныя воблакі.
  • Слаіста-кучавыя кучавападобныя (Stratocumulus cumuliformis, Sc cuf.) — вылучаюцца прекметнай магутнасцю.
    • вежападобныя (Stratocumulus castellanus, Sc cast.) — слаіста-кучавыя воблакі, з якіх у асобных месцах узыходзяць вежы ці купалы, якія нагадваюць невялікія кучава-дажджавыя воблакі;
    • дзённыя, якія расцякаюцца (Stratocumulus diurnalis, Sc diurn.) — утвараюцца з дзённых кучавых воблакаў у выглядзе нізкага працяглага слоя ці градаў, якія распадаюцца;
    • вячэрнія, якія расцякаюцца (Stratocumulus vesperalis, Sc vesp.) — утвараюцца вечарам у выніку аслаблення канвекцыі, якое выклікае асяданне вяршынь кучавых воблакаў і расцяканне іх ніжняй часткі ў выглядзе плоскіх доўгіх градаў;
    • вымяпадобныя (Stratocumulus mammatus, Sc mam.) — з пукатасцямі, звернутымі ўніз.

Зноскі

правіць
  1. БелЭн 2002.
  2. Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004.

Літаратура

правіць
  • Слаіста-кучавыя воблакі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 505. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Климатология и метеорология : учебное пособие по курсу «Науки о Земле» для студентов, обучающихся по специальности 28020265 «Инженерная защита окружающей среды» / сост. В. А. Михеев. — Ульяновск: УлГТУ, 2009. — 114 с. — 100 экз. — ISBN 978-5-9795-0533-6. (руск.)
  • Сидоров В. В. Метеорология и климатология : учебное пособие / В. В. Сидоров. — Екатеринбург: ГОУ ВПО УГТУ-УПИ, 2006. — 146 с. — 100 экз. — ISBN 5-321-00894-9. (руск.)