Справа «Белтрактарацэнтра»

Справа «Белтрактарацэнтра» — сфабрыкаваная ДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі» ў сістэме Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра[1], частка сталінскіх рэпрэсій у БССР. Стала адной са спраў 1931—1932 гадоў супраць працаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама ўстаноў, якія займаліся распрацоўкай яе розных пытанняў, разам са справамі «Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партыі» і «Ветэрынарных урачоў»[2]. Была самай масавай з гэтых спраў, па ёй пад рэпрэсіі трапілі 546 чалавек[2].

З абвінаваўчага заключэння па гэтай справе ад 8 мая 1933 г. вынікала, што контррэвалюцыйная арганізацыя на Беларусі пачала афармляцца ў снежні 1931 г. і ставіла сваёй канчатковай мэтай звяржэнне савецкай улады і ўстанаўленне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі з ліквідацыяй сацыялістычных элементаў у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, аднаўленнем прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці і перадачай былых маёнткаў, фабрык і заводаў былым іх гаспадарам[1].

Па сутнасці знішчаліся тыя нешматлікія кваліфікаваныя кадры, якія працавалі ў цэнтральных кіроўных органах сельскай гаспадаркі і на месцах, бо адначасова ішло выкрыццё «ворагаў народа» па раёнах[2].

У ліпені 1958 г. фігуранты справы былі рэабілітаваны. З вызначэння ваеннага трыбунала БВА ад 18.7.1958 г. відаць, што большасць з прыцягнутых па гэтай справе (383 чалавекі) вінаватымі сябе ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі не прызналі[1].

Зноскі