Стральцоўскія батальёны Вялікага Княства Літоўскага

Стральцоўскія батальёны — армейская адзінка, утвораная загадам Камісіяй Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўскага, упершыню 12 жніўня 1812 года.

Гісторыя правіць

Дзеля падтрымкі асноўных войскаў і новаўтвораных літоўскіх палкоў, Часовы Урад загадаў сфарміраваць 6 часовых батальёнаў (па 6 рот у кожным) стральцоў з ляснічых каманд. Прадугледжвалася, што асабісты склад кожнага з батальёнаў будзе збірацца ў галоўным горадзе свайго дэпартамента, дзе да яго будуць даведзены далейшыя загады і інструкцыі.

Фарміраванне егерскіх батальёнаў шло цяжка. Прычынай таму было сямейнае становішча ляснічых — амаль усе яны былі жанатыя, мелі дзяцей. Яны не хацелі пакідаць сваі сем’і на волю лёсу. 18 лістапада камандзір гарадзенскіх «стральцоў» Курчэўскі скардзіўся гарадзенскаму і лідскаму падпрэфектам, што частка набраных у іх дыстрыктах «стральцоў» ужо дэзертавала. Камандзір прасіў мясцовыя ўлады знайсці і вярнуць салдат, якія ўцяклі, або даць яму новых.

13 верасня 1812 года Камісія Часовага Ураду выдала другі загад аб фарміраванні стральцоў:

Камісія Часовага ўрада, не атрымліваючы дагэтуль ніякіх вестак аб зборы, у галоўных гарадах дэпартаментаў, старэйшых ляснічых, ляснікоў і егераў прыватных і казённых лясоў і наогул усякага роду лясных вартаўнікоў, з якіх павінны быць сфарміраваны стралецкія батальёны, у сілу распараджэння Камісіі ад 12-га жніўня, — яшчэ раз самым строгім вобразам нагадвае аб сваім ранейшым распараджэнні.

1. Калі ўсе вышэйзгаданыя асобы, якую б назву яны ні насілі, яшчэ не былі сабраны ў галоўных гарадах Дэпартаментаў, то яны павінны быць дастаўлены ў галоўныя гарады падпрэфектур на працягу не больш за 8 дзён з дня атрымання ў падпрэфектурах гэтага прадпісання. Падпрэфектура разам з прызначаным для гэтай мэты капітанам жандармерыі верне, пад сваёй адказнасцю, адну траціну найменш прыдатных, забракаваўшы іх, a дзве трэці зараз жа адправіць у галоўны горад Дэпартамента, пад наглядам абранага ад павета камісара і, у суправаджэнні жандараў, якія змяняюцца ў кожным павеце. Пры гэтым павінны быць неадкладна дасланыя два рапарты: адзін Адміністрацыі дэпартамента a іншы Камісіі Часовага Урада.

Калі гэтыя стрэлкі былі ўжо сабраны ў якім-небудзь Дэпартаменцкім горадзе, у такім выпадку іх сартаванне павінна быць праведзена Адміністрацыяй Дэпартамента пры дапамозе запрошанага начальніка жандармерыі.

2. Форма стралкоў, зробленая за рахунак іх гаспадароў або за іх уласны, павінна быць наступная: кароткая сярмяга з зялёным каўняром і такімі ж адваротамі, кароткі кажушок да каленаў, доўгія штаны самаробнага сукна, шапка, боты, дзве кашулі і паляўнічая торба. Для лепшага паляўнічага абмундзіравання, калі б такое хто-небудзь пажадаў зрабіць па ўласным жаданні, перашкод не сустракаецца. Зброя: паляўнічая стрэльба, якая ў каго ёсць, і сякера за поясам — цалкам дастаткова.

3. Дзеля захавання парадку падчас дастаўкі, Падпрэфекты маюць права прызначыць, з асяроддзя саміх жа стральцоў, часовых старшын. Прызначэнне ж афіцэраў і ўнтэр-афіцэраў будзе ўслед толькі на месцы прызначэння стральцоў, пасля чаго афіцэры батальёнаў будуць атрымліваць жалаванне нароўні з афіцэрамі лінейных пяхотных войскаў, а ніжнія чыны — запасы натурай і па 10 грошаў у дзень. Прыпасы будуць раздавацца як у гарадах, так і на паходзе звычайным парадкам, як гэта прынята ў іншых войсках, з грамадскіх магазінаў.

4. Адміністрацыі Дэпартаментаў павінны неадкладна, па прыбыцці частак з якога-небудзь павета, рапартаваць аб гэтым, а таксама паведаміць, з якіх прычын распараджэнне Камісіі Часовага Урада не было выканана дагэтуль.

Да снежня 1812 года ў Гарадзенскім дыстрыкце налічвалася ў страі 108 стральцоў, у Лідскім — 84, у Брэсцкім — 20, а ўсяго — 212 чалавек замест 5004 (толькі 4,2 ​​% ад плана). Тады Ваенны камітэт у лістападзе пастанавіў сфарміраваць на базе 6 батальёнаў 2 егерскія палкі (па 3 батальёны ў кожным). Паспелі стварыць толькі адзін полк, які ўключаў у сябе два першыя батальёны. Гэты полк, пад агульным камандаваннем Касакоўскага, фарміраваўся ў Менску. 3-ці батальён Плятэра так і не быў уключаны ў склад 1-га стралецкага палка і да снежня працягваў фарміраванне ў Віленскім дэпартаменце. Фарміраванне 4-га батальёна да снежня 1812 года толькі пачалося, а 5-ы і 6-ы засталіся на паперы.

Звестак аб удзеле «ляснічых» стральцоў у кампаніі 1812 года няма, магчыма ўсе яны разышліся па хатах у сілу складаных абставін, што набылі моц падчас дзеянняў Вялікай Арміі[fr] ў 1812 годзе.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Andrzej Tomaszewicz. Wojsko Wielkiego Ksiestwa Litewskiego w roku 1812 // Nasz Czas.- 2006.-№ 18.
  • Historia 17 pulku ulanow na tle wojsk litewskich 1812—1814 / Jozef Tyszkiewicz w opracowaniu Dariusza Nawrota i Andrzeja Nieuwaznego.- Gdynia: Wydawnictwo «Armagedon Books», 2004.
  • Nawrot D. Litwa I Napoleon w 1812 roku. Katowice, 2008.
  • Акты Виленской археографической комиссии. Т. XXXVII. Вильно, 1912.
  • Вильна в 1812 году. В память столетней годовщины Отечественной войны. Составил Ф. А. Кудринский. С факсимиле Императора Александра I, Наполеона и некоторых русских генералов. Вильна: Издание Управления Виленскаго Учебнаго Округа Типография А. Г. Сыркина, 1912.
  • Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805—1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх. — Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006.
  • Часовая мінская газета. 1812 год. — Мн.: Выд. В. Хурсік, 2008.