Сэр (англ.: sir, Sir, ад старафранц. sieur -- пан, у сваю чаргу ад лац.: senior -- старэйшы) — ганаровае найменне мужчыны ў англамоўным свеце, мела два значэнні:

  1. У Вялікабрытаніі ганаровая прыстаўка да імя асоб, якія маюць рыцарства або тытул баранета. Па-англійску пішацца з вялікай літары (Sir) і ўжываецца ў спалучэнні з імем і прозвішчам (Sir Walter Scott, сэр Вальтар Скот) альбо, скарочана толькі з імем (Sir Paul, сэр Пол), але не можа ўжывацца толькі з прозвішчам (нельга сказаць *Sir McCartney, сэр Макартні). У англамоўных тэкстах (асабліва ў брытанскіх) слова сэр пры імёнах рыцараў і баранетаў ужываецца досыць паслядоўна (прынамсі пры першым згадванні ў тэксце). Жанчына, якая мела тытул рыцара або баранета ў сваім праве, мянуецца дама (Dame), але жонка сэра — лэдзі, таксама як і жонка лорда або жанчына, якая сама мела лордскі тытул.
  2. У англамоўным свеце ветлівы зварот да мужчыны, звычайна да начальніка або старэйшага па званні (афіцыйна прынята, напрыклад, у войску ЗША) альбо ў выпадку, калі імя суразмоўцу невядома (да XX стагоддзя звычайна толькі да джэнтльмена, але зусім не абавязкова рыцара або баранета). Звычайна з малой літары, sir: «так, сэр»; «добры дзень, сэр» і падобнае. Зварот да жанчыны — мадам, madam.

Не блытаць з сір (фр.: sire, англ.: sire) — зварот да манарха (Ваша Вялікасць).