Сядзіба Стругача

Сядзіба Льва Стругача — драўляная сядзіба ў в. Будзёнаўка Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Сядзіба
Сядзіба Стругача
54°25′11″ пн. ш. 25°54′37″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Будзёнаўка
Архітэктурны стыль мадэрн
Заснавальнік Лейба Стругач
Будаўніцтва канец XIX стагоддзя — пачатак XX стагоддзя
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Пабудавана ў вёсцы Святы Дух (цяпер Будзёнаўка) на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў у стылі мадэрн буйным прамыслоўцам Лейбам Стругачом — адным з багацейшых яўрэяў Беларусі, які валодаў вінакурна-дражджавым заводам у Ашмянах, быў акцыянерам Лідскага бровара і рыжскага акцыянернага таварыства «Дрожджы»[1].

Пасля смерці Лейбы Стругача ў 1906 годзе, дом перайшоў ва ўладанне яго сынам. У 1939 годзе сядзібу нацыяналізавалі савецкія ўлады. Падчас Другой сусветнай вайны сыны Лейбы Стругача загінулі ў Ашмянскім гета. Апошнім уласнікам сядзібы было ўпраўленне адукацыі Ашмянскага райвыканкаму. Нейкі час там жылі сем’і настаўнікаў[2].

Сядзібу прадавалі інвестару — мясцоваму мясакамбінату. Але той не здолеў зрабіць рэстаўрацыю. Там планавалі адкрыць базу адпачынку, але ў выніку застаўся незавершаны рамонт. Тады ж з будынка знікла тынкоўка.

Летам 2019 года сядзібу выставілі на аўкцыён, яе ацанілі ў $ 4 000[3]. Тады яе ніхто не набыў, потым яе выставілі на продаж у студзені 2020 года з паніжэннем цаны на 80 %. Яе набыў жыхар Ашмян Віталь Баброўскі — яго дваюрадная бабуля была жонкай старэйшага сына заснавальніка сядзібы Лейбы Стругача — Абрама Стругача[4].

Калі Баброўскі выкупіў сядзібу, то казаў, што плануе ў ёй арганізаваць «Дом байкера»[5]. На другім паверсе мужчына планаваў жыць сам, а ўнізе — размясціць кавярню, кіназалу або більярд. Таксама ён хацеў аднавіць басейн і аранжарэю.

Але ў 2023 годзе стала вядома, што Баброўскі знішчыў гістарычны выгляд будынка. Зруб заклалі газасілікатнымі блокамі, змянілі канструкцыю даху, размяшчэнне вокнаў і іх памер, таксама гэтага знік фігурны франтон. У выніку дом пачаў нагадваць звычайны сучасны катэдж, а не мадэрнавы асабняк канца XIX стагоддзя[1].

Раней на тэрыторыі сядзібы быў сад, кветнікі. Часткова захаваліся гаспадарчыя пабудовы, брама з калонамі, каменны мур па перыметры тэрыторыі, а таксама дом для працоўных і лямус. У пачатку 2000-х гадоў на тэрыторыі яшчэ існавала стайня, але ў апошнія гады яна была страчана.

Архітэктура

правіць
 

Двухпавярховы драўляны дом пад тынкам у стылі мадэрн з балконамі і адкрытай верандай. Дом дапаўнялі ўнутраны двор, басейн, сад, кветнікі, гаспадарчыя пабудовы, брама з калонамі, каменны мур па ўсім перыметры. Апроч таго, тут былі стайня, свіран, дом для працоўных, лямус — двухпавярховая гаспадарчая пабудова[6].

Крыніцы

правіць

Спасылкі

правіць