Сяргей Валер’евіч Кавалёў
Сяргей Валер’евіч Кавалёў (нар. 20 чэрвеня 1963, Магілёў) — беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук. Спецыяліст па літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII ст. Доктар філалагічных навук (2002), прафесар (2012)[2]. Жыве ў Любліне (Польшча).
Сяргей Валер’евіч Кавалёў | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 20 чэрвеня 1963 (61 год) ці 1963[1] |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Альма-матар |
|
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, літаратуразнавец, паэт |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьСкончыў у 1985 годзе філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «беларуская і руская філалогія», у 1988 годзе — аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.». У 1999 годзе — дактарантуру БДУ. У 2002 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Стажыраваўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў, Польшча)[2].
У 1988—2004 гадах выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. З 1993 года выкладаў, з 2008 — на пастаяннай працы ва Універсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне (Польшча): прафесар, дырэктар Інстытута славянскай філалогіі, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Інстытута неафілалогіі. Выкладаў гісторыю беларускай і рускай літаратур у навучальных установах Літвы, Харватыі, Германіі ў межах міжнароднай праграмы «Erasmus»[2].
Галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne»[2].
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1989 года[2].
Творчасць, навуковая дзейнасць
правіцьДрукуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі (зборнікі артыкулаў «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную літаратуру Вялікага Княства Літоўскага (кнігі «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы XVI ст.», 1993; «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу», 2002).
Драматург, стваральнік жанра герменеўтычнай драматургіі. Аўтар п’ес, напісаных на гістарычным, фальклорным матэрыяле і пастаўленых у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі[2].
Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш., створаных на аснове літаратурных твораў і фальклорным матэрыяле. Інсцэніраваў паэму «Тарас на Парнасе», творы С. Русецкай («Чатыры гісторыі Саламеі»), У. Караткевіча («Заяц варыць піва»).
С. Кавалёў распрацоўвае літаратурную тэхналогію рымейку. Яму ўласціва грунтоўнасць, раскаванасць і нязмушанасць пісьма. Ствараюцца не толькі пераробкі, але і арыгінальныя драматургічныя творы. Да такіх належыць п’еса «Стомлены д’ябал». Па аўтарскім вызначэнні, гэта фантасмагорыя ў дзвюх дзеях з жыцця і літаратуры беларусаў. Натхнёны творамі К. Марашэўскага, Ф. Аляхновіча, С. Кавалёў разгарнуў чараду смешных і павучальных авантур з удзелам селяніна Яські, яго жонкі Паўлінкі і Д’ябла. Нячысцік у творы парадаксальна добры, спагадлівы і безабаронны, ён памятае пра сваё былое анёльскае мінулае і стукаецца ў дзверы раю. Для чалавека, які не дасягнуў яшчэ сваёй дасканаласці, не зразумеў свайго прызначэння, дзверы да шчасця пакуль што зачыненыя.
Піша для дзяцей: «Хохлік» (паст. 1993), «Дарога на Віфліем» (1998). Выкарыстанне аўтарам казачных матываў, міфалагічных сюжэтаў, персанажаў носіць творчы характар. У п’есе-казкцы С. Кавалёва «Хохлік» галоўны герой — «маленькі барадаты дзядок у стракатай апранасе», «сярдзіты з выгляду, але добры ў душы чалавечак з сямейства гномаў». Ён дапамагае Дзяўчынцы, што заблукала ў зімовым лесе, адшукаць дарогу дахаты; ён жа здатны быць, калі што, і «выхавальнікам». Казачны ліхадзей — гном Карузлік, хітры і злы. Драматург знайшоў для звычайнага казачнага канфлікту паміж дабром і злом незвычайных персанажаў, надаўшы твору адценне загадкавасці, чарадзейства.
Напрамкі даследаванняў: старадаўняе беларускае і іншамоўнае пісьменства Вялікага Княства Літоўскага, усходнеславянская драма і тэатр, найноўшая беларуская літаратура[2].
Узнагароды
правіцьЛаўрэат Прэміі імя Ежы Гедройца Польскага інстытута ў Мінску (2001). Узнагароджаны медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі Польшчы (2008), Залатым Крыжам Рэспублікі Польшча (2016)[2].
Бібліяграфія
правіць- «Мева» (1988)
- «Як пакахаць ружу» (1989).
- «Партрэт шкла» (1991)
- «Стомлены д’ябал» (2004)
- «Навука кахання» (2005)
Асноўныя працы
правіць- Літаратура Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI—XVII стст.: феномен памежжа. Мінск, 2011.
- Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск, 2010.
- Літаратура Беларусі позняга Рэнэсансу: жанры, творы, асобы. Мінск, 2005.
- Гісторыя беларускай літаратуры: другая палова XVI ст.: курс лекцый. Мінск, 2005.
- Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнэсансу. Мінск, 2002.
- Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мінск, 1993.
Заўвагі
правіцьЛітаратура
правіць- КАВАЛЁЎ Сяргей Валер’евіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5