Трынітарыі
Трынітарыі («Ордэн Найсвяцейшай Троіцы», лац.: Ordo Sanctissimae Trinitatis, OSsT) — каталіцкі жабрацкі манаскі ордэн, заснаваны ў 1198 годзе французскім багасловам Жанам дэ Мата і пустэльнікам Феліксам дэ Валуа (Валезы) для выкупу палонных хрысціян з мусульманскага палону. Заснаванне ордэна было ўхвалена Папам Інакенціем III у Operante divine dispositionis clementia. Дэвізам ордэна стала фраза лац.: Gloria Tibi Trinitas et captivis libertas, Слава Табе Троіца, а палонным — свабода.
Поўная назва | Ордэн Найсвяцейшай Троіцы |
---|---|
Лацінская назва | Ordo Sanctissimae Trinitatis |
Царква | Каталіцкая Царква |
Дэвіз | Слава Табе Троіца, а палонным — свабода (Gloria Tibi Trinitas et captivis libertas) |
Заснавальнік | Свв. Жан дэ Мата, Фелікс дэ Валуа |
Колькасць удзельнікаў | 612 (2010) |
Афіцыйны сайт |
Дзякуючы падтрымцы караля Філіпа II Аўгуста ордэн трывала абгрунтаваўся на тэрыторыі Францыі, жыхары якой звалі трынітарыяў «мацюрынцамі» (ад імя Св. Мацюрына, пры царкве якога ў Парыжы было заснавана французскае аддзяленне). У прастамоўі іх таксама звалі «братамі аслоў» ці «асліным ордэнам» (ordo asinorum), паколькі ім было забаронена ездзіць на канях (забарона скасавана Папам у XIII ст.).
Строгі статут забараняў трынітарыям есці ў звычайны час мяса і рыбу і мець якой-небудзь уласнасць. Выконваючы сваю асноўную задачу, за 437 гадоў (з 1258 да 1696) ордэн выкупіў з мусульманскага палону 30 732 нявольніка. Сродкі для выкупу трынітарыі, галоўным чынам, здабывалі зборам міласціны. Нярэдкія былі выпадкі, калі трынітарыі аддавалі сябе саміх у рабства за вызваленне палонных. Да прыкладу, у 1580 годзе яны выкупілі з алжырскага палону Сервантэса, пасля чаго ён вярнуўся ў Іспанію і напісаў «Дон Кіхота». Апагеем уплыву ордэна быў XV ст. Акрамя выкупу палонных ордэн займаўся апекай над хворымі і беднымі, а таксама евангелізацыяй.
Распаўсюдзіўшыся ў Іспаніі, Італіі, Польшчы і іншых каталіцкіх дзяржавах, да канца XVIII ст. ордэн налічваў да 300 манастыроў. Ордэн дзейнічаў і на тэрыторыі сучаснай Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі (Луцк, Камянец-Падольскі, Віцебск, Орша, Крывічы, Вільнюс). У гады Рэфармацыі ў Германіі, у Францыі ў перыяд Рэвалюцыі 1789 года дзейнасць трынітарыяў была забаронена.
У XX ст. колькасць трынітарыяў зменшылася. Аднак напачатку XXI стагоддзя ордэн ізноў зведаў невялікі рост, колькасць трынітарыяў з 2000 па 2010 год вырасла з 557 да 612 чалавек. Паводле даных на 2010 год ордэн налічваў 612 членаў, у тым ліку 401 святара. Трынітарыям належаць 102 манастыры. Місіянерская арганізацыя трынітарыяў дзейнічае на востраве Мадагаскар. Сучасныя трынітарыі працягваюць выконваць сваю місію, напрыклад, падтрымліваюць праграму дапамогі бежанцам з Судана.
Адзенне манахаў-трынітарыяў: белыя плашчы з крыжамі (вертыкальная паласа — чырвоная, гарызантальная — сінія).
Другі і трэці ордэны
правіцьУжо ў XIII стагоддзі нароўні з мужчынскімі мясцінамі ствараліся манастыры Другога ордэна (жаночага). Пачынаючы з XVII стагоддзя яны пачалі аб'ядноўвацца ў кангрэгацыі. У наш час існуюць тры асобныя кангрэгацыі (якія разам налічваюць 647 манашак у 91 манастыр) і 20 цалкам аўтаномных манастыроў з 260 манашкамі.
Набожныя парафіяне, якія дапамагаюць ордэну ў дзейнасці, існавалі яшчэ з XIII стагоддзя, аднак арганізацыйна яны былі аб'яднаны ў Трэці ордэн толькі ў 1584 годзе. У прыватнасці, да Трэцяга ордэна трынітарыяў належалі блажэнная Ганна Марыя Тайгі і блажэнная Елізавета Канары.