Трыфолій (лац.: trifolium — канюшына) — трохлопасцевая разетка, матыў дэкаратыўнага апраўлення ў выглядзе трох пялёсткаў або камбінацыі «Зоркі Давіда» (двух роўнабаковых трыкутнікаў: адзін звернуты вяршыняй уверх, другі — уніз) і трох роўных акружнасцяў, пабудаваных на бісектрысах кутоў трыкутнікаў. Гэтакая вытанчаная пабудова звязана з эпохай готыкі.

Трыфолій

У антычнасці — больш простая фігура, малюнак ліста канюшыны, сімвала ператварэнняў, звязанага з міфам пра Актэона, атрыбутам якога была канюшына. У хрысціянстве — сімвал Найсвяцейшай Тройцы, а таксама атрыбут Святога Патрыка і ў гэтай якасці — старажытная эмблема Ірландыі. Іншая форма назвы — трэфы, што звязана з эзатэрычнай сімволікай і магіяй карт Таро.

У гісторыі архітэктуры трохпялёсткавая форма плана цэнтрычных цэркваў і капэл, інакш — трыконх, царква з «трыма пялёсткамі», паўкружжамі апсід. Роднасная форма — квадрыфолій (чатырохліснік). У мастацтве гатычнага стылю матывы трохпялёсткавага арнаменту суадносілі адначасова з геаметрыяй планаў архітэктурных збудаванняў, пабудаваных па прынцыпе трыянгуляцыі, і сімволікай Тройцы.

У складанай арнаментыцы гатычнай каменнай і драўлянай разьбы, рамах вітражных вокнаў, вімпергаў, разьбе царкоўнай мэблі, такія матывы, захоўваючы сваю сімволіку, ператвараліся ў спалучэнні з іншымі фігурамі ў складаныя перапляценні тыпу масверка[1].

Зноскі

  1. Власов В. Г.  (руск.). Трифолий // Власов В. Г. Новый энциклопедический словарь изобразительного искусства. В 10 т. — СПб.: Азбука-Классика. — Т. IX, 2008. — С. 643

Спасылкі правіць