Ірла́ндыя (ірл.: Éire [ˈeːɾʲə], англ.: Ireland [ˈaɪələnd][1], мясц. [ˈaɾlənd]) — дзяржава ў Заходняй Еўропе, якая займае вялікую частку вострава Ірландыя. Плошча — 70,2 тыс. км². Назва краіны паходзіць ад ірл.: Éire — дзяржава. Сталіца — горад Дублін, у якім пражывае каля 1,4 млн.чал.

Ірландыя
Éire
Ireland
Герб Ірландыі
Сцяг Ірландыі Герб Ірландыі
Гімн: «Amhran na bhFiann»
Дата незалежнасці 6 снежня 1922 (ад Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі)
Афіцыйныя мовы ірландская і англійская
Сталіца Дублін
Найбуйнейшыя гарады Дублін, Корк, Лімерык
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм’ер-міністр
Майкл Хігінс
Леа Варадкар
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
117-я ў свеце
70273 км²
2
Насельніцтва
• Ацэнка (2011)
Шчыльнасць

4 581 269 чал. (120-я)
60,3 чал./км²
ВУП
  • Разам (2010)
  • На душу насельніцтва

$172,5 млрд[1]  (55-ы)
$39 009[1]
ІРЧП (2008) 0,895[2] (вельмі высокі) (5-ы)
Валюта Еўра[3]
Інтэрнэт-дамены .ie
Код ISO (Alpha-2) IE
Код ISO (Alpha-3) IRL
Код МАК IRL
Тэлефонны код +353
Часавыя паясы +0
  1. а б Report for Ireland (англ.). International Monetary Fund. Праверана 22 лютага 2011.
  2. Human Development Index and its components Архівавана 21 лістапада 2010.
  3. Да 1999 — ірландскі фунт.

Член арганізацый: ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1949), АЭСР (з 1960), ЕС (з 1973), Еўратама (з 1973), Еўрапейскай валютнай сістэмы (з 1979).

Этымалогія правіць

4 артыкул Канстытуцыі Ірландыі (прынятай у 1937 годзе), абвяшчае: «назва дзяржавы — Éire, ці па-англійску, Ireland»[2]. У 1949 годзе была прынята назва Рэспубліка Ірландыя (Republic of Ireland) як апісанне дзяржавы (Description of the State); назвай яе па-ранейшаму засталося проста Ireland. Гэта звязана з заяўленымі ў Канстытуцыі прэтэнзіямі на ўвесь востраў: «Тэрыторыя, якая належыць народу складаецца з усяго вострава Ірландыя, прылеглых астравоў і тэрытарыяльнага мора» (арт. 2; з 1998 года ў выніку Белфасцкага пагаднення тэкст заменены на больш нейтральны). Аднак у розных сферах, афіцыйных і неафіцыйных, для адрознення дзяржавы ад брытанскай Паўночнай Ірландыі і вострава ў цэлым шырока выкарыстоўваецца найменне Рэспубліка Ірландыя.

Прырода правіць

 
Мак-Гілікадыс Рыкс

Берагі Ірландыі (асабліва на поўначы, поўдні і захадзе) скалістыя, моцна раздзеленыя залівамі. Паблізу берагоў — мноства скалістых астравоў.

Паверхня ў асноўным раўнінная, унутраныя раёны займае шырокая Цэнтральная нізіна, на захадзе і ўсходзе яна выходзіць да берагоў. На ўскраінах вострава — невысокія горы (вышэйшы пункт — гара Карантуіл, 1041 м) і плато (найбуйнейшае — Антрым на паўночным усходзе).

Пераважаюць цёплыя заходнія вятры. Клімат умераны акіянічны, вільготны; зіма мяккая, лета прахалоднае. Шмат рэк (найважнейшая — Шанан) і азёр.

Растуць як паўночныя, альпійскія расліны, так і віды, характэрныя для Паўднёвай Еўропы (як правіла, на захадзе вострава).

Гісторыя правіць

Першыя насельнікі на тэрыторыі Ірландыі з’явіліся каля 7 тыс. гадоў таму. Шэраг міграцый і ўварванняў, якія перажыла краіна, сталі прычынай багатай разнастатнасці яе этнічных і культурных традыцый. У 5 ст. у Ірландыі распаўсюдзілася хрысціянства, што традыцыйна звязваецца з імем св. Патрыка.

Геаграфічнае размяшчэнне краіны і, першым чынам, суседства з Брытаніяй шмат у чым вызначылі яе гісторыю. На працягу некалькіх стагоддзяў Ірландыя была брытанскай калоніяй. З 1801 уся тэрыторыя вострава Ірландыя ўваходзіла ў склад Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірландыі.

У канцы 1840-х пасля некалькіх гадоў неўраджая бульбы на Ірландыю абрынуўся «Вялікі голад», сталы прычынай высокай смяротнасці (каля 1 млн чал.) і масавай эміграцыі ірландцаў. Колькасць насельніцтва, якая скарацілася ў першыя гады з 8 да 6 млн чал., у далейшым працягвала няўхільна змяншацца.

У 1916 у Дубліне змагарамі за незалежнасць Ірландыі было паднятае г.зв. «Велікоднае паўстанне», жорстка падушанае ўладамі. Аднак ужо ў 1921 быў падпісаная англа-ірландскі дагавор, які паклаў пачатак стварэння Ірландскай свабоднай дзяржавы, у склад якой ўвайшлі 26 з 32 графстваў вострава, і які замацаваў за Ірландыяй статус дамініёна Брытанскай імперыі.

У 1937 Парламентам была прынятая новая Канстытуцыя, якая абвясціла Ірландыю «незалежнай суверэннай дзяржавай». У 1949 краіна абвясціла сябе рэспублікай і выйшла са складу Брытанскай садружнасці нацый. У 1973 Ірландыя ўступіла ў Еўрапейскі саюз.

Насельніцтва правіць

 
вёска Арлес.

Колькасць насельніцтва (паводле перапісу 2006) — 4 млн. 235 тыс. чал., каля 60 % пражываюць у гарадах і населеных пунктах колькасцю звыш 1 тыс. чал. Каля 10 %, ці 420 тыс., — прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. З іх больш 270 тыс. — грамадзяне краін ЕС, у першую чаргу Вялікабрытаніі, Польшчы і прыбалтыйскіх дзяржаў; астатнія — эмігранты з краін Азіі, Афрыкі і інш.

87,4 % насельніцтва прылічаюць сябе да рымскай каталіцкай царквы, 2,8 % — да Царквы Ірландыі (Church of Ireland), уключаючы пратэстантаў. 0,8 % вызнаюць іслам, 0,5 % — прэсвітэрыяне і каля 0,5 % — праваслаўныя. 1,6 % насельніцтва не вызнаюць ніякай рэлігіі.

Узброеныя сілы правіць

Узброеныя сілы Ірландыі (УС) налічваюць каля 10,4 тыс. чал. (арганізаваны рэзерв — 24,2 тыс. чал.): сухапутныя войскі — 8,5 тыс. чал., ваенна-паветраныя сілы — 860 чал. і ваенна-марскі флот — 1,075 тыс. чал. Служба ажыццяўляецца на добраахвотнай кантрактнай аснове. У УС прымаюцца асобы, які дасягнулі 18 гадоў; мінімальны тэрмін службы складае 5 гадоў (у рэзерве — 7 гадоў).

Вярхоўным галоўнакамандуючым з’яўляецца Прэзідэнт Ірландыі. Агульнае кіраўніцтва УС ажыццяўляе міністр абароны (2008; Уілі О’Дзі, цывільная асоба). Аператыўнае кіраванне ўскладзена на начальніка Штаба УС (2008; генерал-лейтэнант Дэрмат Эрлей).

Ваенная дактрына Ірландыі носіць выключна абарончы характар і прадугледжвае падрыхтоўку дзяржавы і яе УС да адбіцця знешняй агрэсіі, арганізацыю і вядзенне ўсеагульнай абароны. Ваенны бюджэт на 2009 г. складае 1 млрд. 11 млн. еўра (0,7 % ВУП).

Беларуска-ірландскія адносіны правіць

17 красавіка 1992 года было падпісана «Пагадненне аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Ірландыяй і Рэспублікай Беларусь». 15 красавіка 2010 г. у Мінску адбыўся першы беларуска-ірландскі бізнес-форум. 26 сакавіка 2013 у Дубліне Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Ірландыі па сумяшчальніцтве Сяргей Алейнік уручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Ірландыі Майклу Хігінсу.

8 ліпеня 2013 года ў г. Дубліне адбыліся палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Ірландыі. Беларускую дэлегацыю ўзначаліла намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алена Купчына, ірландскую — Дзяржаўны міністр па справах Еўропы МЗС Люсінда Крэйтан.

Вядомыя асобы правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Ireland: Collins English Dictionary (англ.)
  2. BUNREACHT NA hÉIREANN (CONSTITUTION OF IRELAND) (англ.). Department of Taoiseach. Праверана 15 лютага 2011.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
  • Беларусь — Ірландыя: Матэрыялы навук. семінара «Беларуска-ірландскія гістарычна-культурныя сувязі» (Мінск, 1999): Беларусы — пра Ірландыю, ірландцы — пра Беларусь. Бібліяграфія ўзаемасувязяей / Грамад. аб’яднанне «Міжнар. асац. беларусістаў», Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф.Скарыны пры М-ве адукацыі Рэсп. Беларусь, Т-ва «Беларусь — Ірландыя»; Рэдкал.: А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш.; Уклад. М.Міцкевіч. — Мінск: Бел. кнігазбор, 2000. — 186 с.

Дзяржаўныя ўстановы правіць

Палітычныя групы правіць

СМІ правіць