Унутраная рыфма
Уну́траная ры́фма — рыфма, якая звязвае два паўрадкоўі аднаго вершаванага радка або словы, размешчаныя ў сярэдзіне двух суседніх радкоў:
- Апанас коней пас,
- Кацярына — бы́чкі.
- Пачакай, не ўцякай:
- Куплю чаравічкі!
- (Народная песня)
Унутраная рыфма, як і рыфма ўвогуле, мае метрычна-кампазіцыйнае значэнне. Гэтым яна вылучаецца з цэлага шэрагу ўнутрырадковых слоўных сугуччаў, якія па форме (але не па функцыі) падобныя да яе. Унутраная рыфма вельмі часта сустракаецца ў народнай паэзіі, а таксама ў паэтаў, творчасць якіх цесна звязаная з фальклорам. Напрыклад, у творах Т. Шаўчэнкі М. Багдановіч налічыў каля тысячы такіх рыфмаў. З беларускіх паэтаў асабліва часта іх ужываў Я. Купала. Многія яго вершы («Касцам», «Думкі», «З дарогі», «За праўду» і інш.) вызначаюцца выкарыстаннем рэгулярных унутраных рыфмаў, узбагачаных іншымі ўнутрырадковымі сугуччамі.
Літаратура
правіць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.