Уруінімгіна
Уруінімгіна, таксама Урукагіна (шум. 𒌷𒅗𒄀𒈾; памёр у 2373 гг. да н. э.) — шумерскі сацыяльны рэфарматар, валадар Лагаша і Гірсу.
Уруінімгіна | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
𒌷𒅗𒄀𒈾 | |||||||
![]() Рэформы Уруінімгіны. Малюнак 1915 г. | |||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля XXV стагоддзе да н.э. |
||||||
Смерць | 2374 да н.э. | ||||||
Род | Першая дынастыя Лагаша | ||||||
Жонка | Шаша | ||||||
Веравызнанне | месапатамская рэлігія | ||||||
Дзейнасць | суверэн | ||||||
![]() |
Біяграфія правіць
Паходжанне Уруінімгіны не зусім яснае. Яго бацька не меў прыдворных тытулаў, каб называць іх у пісьмовых крыніцах. Пасля прыходу да ўлады ён не называўся думу (сынам або спадчыннікам) папярэдніх манархаў першай дынастыі Лагаша. Лепей вядома пра яго жонку Шашу, бацька якой быў галоўным пастухом, а сама яна займала пасаду адміністратара ў адным з гарадскіх храмаў.
У той перыяд спадчынным валадаром-энсі Лагаша з'яўляўся Лугаланда. Ён і яго жонка Баранамтара былі буйнымі землеўласнікамі. Яны паставілі пад свой кантроль абшчынныя гарадскія храмы, прызначылі ў іх сваіх адміністратараў і вымусілі выплочваць падаткі нават жрацоў. На гліняных конусах з клінапіснымі тэкстамі пра Уруінімгіну паведамляецца, што маёмасць простых людзей адбіралі чыноўнікі, яны трацілі зямлю і былі вымушаны працаваць у маёнтках энсі, храмавыя адміністратары спаганялі высокую плату, выкарыстоўвалі храмавых быкоў для ўзворвання асабістых палеткаў.
У Лагашы адбыўся пераварот. Рада з 36000 мужчын выбрала валадаром Уруінімгіну. Тое, што сын Лугаланды заставаўся праз год пасля падзей жывым, а яго жонка Баранамтара была ўрачыста пахавана толькі праз 2 гады, можа сведчыць пра тое, што пераварот абышоўся без гвалту. Уруінімгіна пачаў звальняць адміністратараў, заплямленых злоўжываннямі, усталяваў абмежаванні на суму, якую жрацы маглі збіраць за рэлігійныя рытуалы і пахаванне мёртвых, адмяніў пазыковае рабства, абвясціў усеагульную амністыю, аказваў дабрачыннасць бедным і старым. Землі і маёткі Лугаланды былі перададзены храмам.
У сваіх сацыяльных рэформах Уруінімгіна нібы абапіраўся на волю багоў. Усе свае дзеянні ён занатоўваў на гліняных конусах, якія закопваў каля аснавання храмаў. На іх упершыню сустракаецца паняцце а-магі («свабода»), таму даследчыкі нашых дзён звыкла называюць іх конусамі свабоды. Праз год Уруінімгіна прыняў тытул лугаль, што магло сведчыць пра тэакратычны характар яго кіравання.
Супраць Уруінімгіны і жыхароў Лагаша выступіў Лугальзагесі, валадар Умы і Урука. Падставай стала зямельная спрэчка паміж Урукам і Лагашам. Войска Умы ўзяло Лагаш у аблогу, захапіла і разрабавала яго. Жорсткія дзеянні Лугальзагесі пазней былі адлюстраваны ў шумерскай паэме пра заняпад Лагаша. Уруінімгіна пераехаў у Гірсу, але быў вымушаны абараняцца і там. На адным з конусаў ён паведамляе, што змагаўся з Лугальзагесі, і той прайграў. Аднак пасля другой аблогі Гірсу звесткі пра яго кіраванне губляюцца.
Заканадаўства правіць
У шумераў не было паняцця права як асаблівай галіны сацыяльных узаемадзеянняў. Тым не меней, Уруінімгіна стаў першым палітычным дзеячом, які прымаў законы ў пісьмовай форме і зводзіў разам. У адрозненні ад пазнейшага звода Ур-Наму, заканадаўства Уруінімгіны не захавалася да нашага часу і дайшло толькі ў пераказе. Аднак звесткі пра рэформы дазваляюць казаць, што асноўны сэнс прыняцця пісьмовага заканадаўства быў заключаны ў імкненні да справядлівасці. Уруінімгіна занатоўваў свае дзеянні, што, хутчэй, з'яўлялася справаздачай перад багамі. Хоць сацыяльны рэфарматар у выніку прайграў, яго асоба высока ацэньвалася нашчадкамі. Уруінімгіне была прысвечана асобная паэма ў панегірычнай форме.