Клінапіс
Клі́напіс — найстаражытнейшая форма пісьма, якая ўзнікла ў канцы 4 тысячагоддзя да н. э. Клінапіс быў характэрны для пісьмовасці старажытных шумераў, акадцаў, вавіланян, эламітаў, хетаў, урартаў, хурытаў, персаў і іншых народаў.
Клінапіс | |
---|---|
Тып пісьма | лагаграфічнае, складовае, часам фанетычнае |
Мовы | Паўтара дзясятка моў і дыялектаў: шумерская, эламская, хурыцкая, акадская ці асіра-вавілонская, эблаіцкая, ханаанская, угарыцкая, урарцкая, хецкая, старажытнаперсідская і г. д. |
Гісторыя | |
Месца ўзнікнення | Старажытная Месапатамія |
Дата стварэння | 3000 да н.э.[1] |
Перыяд | ~3300 г. да н.э. - 75 г. н.э. |
Найстаражытны дакумент | Найбольш старыя вядомыя дакументы — таблічкі з адміністрацыйнымі дакументамі Шумерскага царства. |
Паходжанне | Арыгінальнае пісьмо |
Развілася ў |
Угарыцкі алфавіт Старажытнаперсідскі клінапіс |
Уласцівасці | |
Напрамак пісьма | Першапачаткова справа налева, калонкамі, затым злева направа радкамі (пачынаючы з 2400-2350 гг. да н.э. для рукапісных тэкстаў; са II тысячагоддзя да н.э. для манументальных надпісаў) |
Знакаў | 300 — 900 знакаў для складовай і ідэаграфічнай сістэм; Каля 30 літар для фанетычнай адаптацыі на ўсходнім узбярэжжы Міжземнага мора; 36 літар для старажытнаперсідскага складовага алфавіту. |
Дыяпазон Юнікода |
U+12000 to U+1236E (шумера-акадскі клінапіс) U+12400 to U+12473 (лічбы) |
ISO 15924 | Xsux |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Упершыню тэрмін «клінапіс» быў уведзены ў 1700 г., а першыя клінапісныя тэксты былі расшыфраваныя толькі ў XIX ст.
Паходжанне
правіцьНайстаражытнейшыя клінапісныя тэксты, знойдзеныя пры раскопках шумерскага горада Урука, адносяцца да канца 4 тысячагоддзя да н. э.
Першасны шумерскі клінапіс меў піктаграфічную аснову. Запіс піктаграм на гліняных носьбітах інфармацыі быў распаўсюджаны ад Судана да Ірана ўжо ў 9 тысячагоддзі да н. э.[2] На Блізкім Усходзе і Іране існавалі дробныя вырабы з гліны і каменя ў выглядзе конусаў, шароў, цыліндраў і г. д. Амерыканская археолаг Дэніз Шмандт-Бесера (Denise Schmandt-Besserat) прыйшла да высновы, што яны выкарыстоўваліся для падлікаў. Так, адзін выраб мог азначаць пэўную колькасць авечак, гарлачоў з алеем і збожжам і г. д. У 4 тысячагоддзі іх клалі ў гліняныя пасудзіны, якія запячатвалі. На пасудзінах часам знакамі пазначалі колькасць вырабаў. Такім чынам пасудзіны з вырабамі ўжываліся для ўліку вытворчасці ў гаспадарках, менавым гандлі і справаздачах[3].
У сярэдзіне 4 тысячагоддзя з'явіліся гліняныя таблеткі — вельмі зручныя носьбіты інфармацыі ў параўнанні з пасудзінамі. Але для ўзнікнення сапраўднай пісьмовасці патрабавалася абстрактнае разуменне сімвалаў для іх запісу ў выглядзе канкрэтных пасланняў, а таксама спрошчаных форм клінапісных знакаў. У гэтым сэнсе, цікавую гіпотэзу высоўвае расійскі гісторык Емельянаў, які звязвае ўзнікненне пісьмовасці з шумерскай рэлігіяй і агульным светаўспрыманнем. Шумеры разумелі навакольны свет як незлічонае мноства няўзгодненых паміж сабой прадметаў, варожых адзін да аднаго багаў і духаў. Пісьмовасць была павінна сістэматызаваць гэты свет, усталяваць знутры яго сувязі[4]. Такім чынам, ранні шумерскі клінапіс меў вялікае падабенства з піктаграфічным пісьмом, хаця ў пэўным сэнсе ўжо ім не з'яўляўся.
Эвалюцыя клінапісу
правіцьАрхаічны клінапіс Урука шмат у чым нагадваў старажытнаегіпецкія іерогліфы. Прадметы маляваліся дакладна. Запісы фарміравалі вертыкальныя слупкі. Аднак да сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э. адбыліся істотныя змены.
Паколькі вільготная гліна, на якой вяліся запісы, не дазваляла хутка маляваць дакладныя формы, а патрэба ў колькасці дакументаў расла, то пісцы перайшлі да знакавай перадачы слоў ў выглядзе знакаў-клінаў. Адначасова запісы пачалі весціся гарызантальна злева направа, колькасць знакаў значна скарацілася дзякуючы іх паступоваму ператварэнню ў ідэаграмы і фанаграмы, калі спалучэнні асобных знакаў азначалі адасобленыя паняцці, а часам набор гукаў. Так, знак зоркі мог азначаць таксама «неба» і «бог», знакі («хлеб») і («рот») чыталіся як «есці».
У акадскі перыяд клінапіс перажыў далейшыя змены. Многія словаформы, прынятыя шумерамі, былі адкінутыя. Знакі-кліны пачалі перадаваць пэўныя склады. Для парадкавання шматзначных шумерскіх клінаў пачалі выкарыстоўваць дэтэрмінатывы, вызначальныя знакі, што адносіліся да групы паняццяў. Напрыклад, знак дынгір ( ) перад імем выкарыстоўваўся для абазначэння багоў, перад назвай гораду ставіўся знак уру ( ), а перад назвай іншай краіны — знак кур ( ) і г. д. Такім чынам, можна было адрозніваць аднолькава напісаныя кліны і ў кожным выпадку знаходзіць іх розныя значэнні. У выніку гэта прывяло да скарачэння знакаў. Да пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. з прыкладна 2000 архаічных знакаў засталося каля 500. У асірыйскі і вавілонскі перыяды пісцы выкарыстоўвалі ўсяго 350—450 знакаў[5].
Вынайдзены шумерамі клінапіс з поспехам ужываўся прадстаўнікамі старажытных семіцкіх і індаеўрапейскіх моў. Калі ў гарадах шумераў пісьмовасць першапачаткова залежала ад храмавых служак, то ўжо ў Вавілоне меліся цалкам свецкія школы, якія рыхтавалі пісцоў, сакратароў, архівістаў. Вучэнне складалася з капіравання і запамінання шматлікіх знакаў вучнямі. Нават пасля знікнення шумераў іх мова заставалася абавязковай для вывучэння, меліся спецыяльныя слоўнікі[6].
Расшыфроўка клінапісу
правіцьДа перыяду сярэднявечча большасць помнікаў старажытных блізкаўсходніх культур апынулася пахаванай пад пластамі зямлі і чакала свайго далейшага адкрыцця. Затое ў Іране сярод развалін Персепаліса захавалася каменная пліта і асобныя надпісы, зробленыя персідскім клінапісам. Спробы яго расшыфраваць прадпрымаліся мусульманскімі вучонымі, аднак поспеху не мелі.
Адно з першых у Еўропе апісанняў надпісаў з Персепаліса заставіў венецыянскі дыпламат Ясафат Барбара, які аднак палічыў, што яны маюць старажытнае яўрэйскае паходжанне[7]. У XVII — XVIII стст. узоры іранскага (і магчыма шумерскага) клінапісу трапілі ў Еўропу дзякуючы італьянскім і дацкім вандроўнікам. Першыя сур'ёзныя спробы аналізу гэтых тэкстаў былі прадпрынятыя ўжо ў канцы XVIII ст., але толькі ў 1845 г. брытанец Генры Роўлінсан апублікаваў дакладны пераклад[8]. Важным было тое, што Генры Роўлінсан скапіраваў і пераклаў персідскі тэкст Бехістунскага надпісу, зробленага на трох мовах. Такім чынам, даследчыкі атрымалі магчымасць карыстацца яго перакладам для далейшай расшыфроўкі эламскага і вавілонскага тэкстаў.
У 1846 г. брытанскі ўсходазнавец Эдвард Хінкс надрукаваў артыкул, у якім здолеў дэталёва апісаць прынцыпы складання клінапісных помнікаў. У далейшым, Роўлінсан і Хінкс аб'ядналі свае намаганні з нямецкімі вучоным Юліўсам Опертам і суайчыннікам Генры Фоксам Талбатам. У 1857 г. яны сустрэліся ў Лондане, дзе параўналі ўжо зробленыя пераклады і прыйшлі да высновы, што здольны аднолькава чытаць клінапісныя тэксты. У 1861—1884 гг. пад рэдакцыяй Роўлінсана былі выдадзены 4 тамы «Клінапісных надпісаў Заходняй Азіі» (Cuneiform Inscriptions of Western Asia)[9].
Зноскі
правіць- ↑ Archaeology and Language: The Puzzle of Indo-European Origins — Pimlico, 1998. — С. 43. — ISBN 0-7126-6612-5
- ↑ John Heise, Akkadian language. 4. Cuneiform writing system Архівавана 13 кастрычніка 2014.
- ↑ Denise Schmandt-Besserat, Before Writing, Volume 1
- ↑ Емельянов В., Древний Шумер. Очерки культуры. — СПб.:Петербургское востоковедение, 2001. С. 167—168
- ↑ Кленгель-Брандт Э. Древний Вавилон. — Смоленск:Русич, 2001. С. 219
- ↑ Babylonia, A history of ancient Babylon (Babylonia) including its cities, laws, kings and legacy to civilization.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2012. Праверана 26 кастрычніка 2012.
- ↑ Brown P. F. Venice and Antiquity: The Venetian Sense of the Past. — Yale University Press, 1997. P. 156
- ↑ Kevin J. Cathcart, The Earliest Contributions to the Decipherment of Sumerian and Akkadian Архівавана 3 лістапада 2012.
- ↑ Kevin J. Cathcart, The Earliest Contributions to the Decipherment of Sumerian and Akkadian Архівавана 3 лістапада 2012.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Клінапіс
- Клінапіс на slounik.org
- Digital Hammurabi Project @ Johns Hopkins University (3D-сканы клінапісных таблічак).
- Шрыфты
- Юнікод
- Акадскі Архівавана 21 ліпеня 2011.
- Клінапіс Архівавана 19 жніўня 2009.
- FreeIdgSerif Архівавана 22 студзеня 2013.
- Не-юнікод
- Шрыфты клінапісу TeX/LaTeX/PDFLaTeX Архівавана 18 ліпеня 2011. ад Карала Піскі (Type 1, GPL)
- Шумерскі шрыфт Архівавана 1 лістапада 2010. ад Карстэна Пейста (TrueType, freeware)
- Ur III, Акадскія і асірыйскія шрыфты ад Сільві Вансерэвена (TrueType, freeware)
- UR III шрыфт ад Гіёма Малінга (TrueType, freeware)