Хамаілы

(Пасля перасылкі з Хамаіл)

Хамаілы (арабск. хамаіл — «тое, што носяць пры сабе», «талісман», «амулет») — у беларускіх татар кнігі малога фармату, у якіх сабраны малітвы на арабскай і цюркскай мовах, асобныя суры (айаты) Карана, тлумачэнні рэлігійных абрадаў, а таксама парады па лячэнні хвароб, тлумачэнні сноў[ru], календары шчаслівых і нешчаслівых дзён. Звычайна арабскія і цюркскія тэксты суправаджаюцца тлумачэннямі на беларускай або польскай мовах. Узорам для хамаілаў беларускіх татар былі рукапісы, прывезеныя з мусульманскіх краін, напрыклад, Турцыі, хаця назва «хамаілы» у інш. раёнах мусульманскага свету не выкарыстоўвалася для малітоўнікаў.

Хамаіл. 1850—1900. Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі
Хамаіл. Апошняя чвэрць 19 ст. Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі
Хамаіл 2-я пал. 19 ст. Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі

Вылучаюць хамаілы «молінскія» (прызначаліся для мул — «мол», змяшчалі малітвы і тлумачэнні абрадаў), «фалдзейскія» (служылі варажбітам, знахарам — «фалдзеям», змяшчалі астралагічныя табліцы і магічныя рэцэпты супраць розных хвароб) і універсальныя. Сярод татарскіх кніг хамаілы былі найбольш распаўсюджанымі ў паўсядзённым ужытку рукапісамі. У кожнай мусульманскай сям’і быў адзін ці некалькі хамаілаў.

Практыка іх перапісвання працягвалася даўжэй за інш. кнігі — зарэгістраваны хамаілы 1971 і 1986 гадоў. Старэйшы хамаіл (1-я пал. 17 ст.) знаходзіцца ў бібліятэцы Лейпцыгскага ўніверсітэта («фалдзейскі»). У Беларусі хамаілы захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (7 экз.), Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (6 экз.), Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі (11 экз.) і ў прыватных калекцыях.

Літаратура правіць

  • Цітавец А. Хамаілы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 712. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Рукапісныя і друкаваныя кнігі бела-рускіх татараў: Каталог выставы. (Да 600-годдзя татарскага асадніцтва на Беларусі). Мн., 1997;
  • Drozd A., Dziekan М. М., Мajda Т. Piśmiennictwo i muhiry Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 2000;
  • Мишкинeнe Г. Древнейшие рукописи литовских татар: (Графика. Транслитерация. Перевод. Структура и содержание текстов). Вильнюс, 2001;
  • Рукапісы беларускіх татараў канца XVII — пачатку XX стагоддзя з калекцыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Каталог / Уклад.: І. А. Ганчарова, А. І. Цітавец, М. У. Тарэлка. Мн., 2003;
  • Мишкинене Г., Намавичюте С., Покровская Е. Каталог арабскоалфавитных рукописей литовских татар. Вильнюс, 2005.