Хартыя 77
Хартыя-77 (Charta 77) — праграмны дакумент, што стаў асноваю для фарміравання групоўкі палітычных дысідэнтаў у Чэхаславакіі, якая праіснавала з 1976 да 1992 г. Яе заснавальнікі (Вацлаў Гавел, Іржы Дынстбір, Здэнек Млынарж, Іржы Гаек, Павел Когаўт) сталі значнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі ў краіне пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. Філосаф Ян Патачка, які адзін з першых падпісаў хартыю, быў арыштаваны ў 1977 г. і памёр падчас допыту.
Прынцып Хартыі 77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму ўсяго таго, што ён дэклараваў на словах. Так, у першым дакуменце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хельсінкскага пакту[1].
Гісторыя
правіцьАсноўнай перадумовай з'яўлення «Хартыі 77» была ратыфікацыя двух міжнародных пактаў уладамі ЧССР: Міжнароднага пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах і Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Абодва пакты Чэхаславакія падпісала ў 1968 г., але менавіта пасля ратыфікацыі яны сталі часткай дзяржаўнай прававой сістэмы і далі магчымасць «Хартыі 77» патрабаваць ад улады простых рэчаў — паважаць законы, якія яна сама прыняла[2].
Узнікненне Хартыі прыспешыў судовы працэс супраць рок-гурта «Plastic People of the Universe» з-за выкарыстання англійскіх тэкстаў і назвы гурту, а таксама паказ рэпертуару не ўхваленага адмысловай камісіяй. Гэта выклікала розгалас у значнай меры паралізаваным грамадстве. Пачалі адбывацца акцыі салідарнасці, сустракаліся раней незнаёмыя людзі.
У 1976 годзе музыкі былі абвінавачаны ў злачынным дармаедстве і пасаджаныя ў турму. Крытыкі рэжыму рознай ідэйнай скіраванасці і прыхільнікі асуджаных музыкантаў сабраліся разам у калідоры пражскага суда на Малай Стране, каб досыць гучна заявіць свой пратэст супраць абсурднага судовага пакарання. Суровыя прысуды сталі апошнім штуршком да ўзнікнення грамадскай ініцыятывы, названай Хартыя-77, якая была дэкларавана 1 студзеня 1977 года.[3].
Хартыя стала адным з першых усходнееўрапейскіх рухаў, яе апярэдзілі хіба польскі КОР і хельсынскія аб'яднанні, што дзейнічалі ў Савецкім Саюзе. Тыя рухі былі вядомыя заснавальнікам Хартыі і часткова сталі для іх прыкладам[2].
Разам з імёнамі 242 падпісантаў Хартыя была надрукавана 6 студзеня 1977. Пачаліся арышты і канфіскацыя арыгіналаў Хартыі, але яе копіі працягвалі хадзіць па руках. 7 студзеня тэкст хартыі надрукавалі некалькі буйных СМІ Еўропы і ЗША. Да канца 1977 года Хартыю падпісалі 800 чалавек, шмат хто з іх пасля эміграваў. Яе падпісанта адразу звальнялі з працы[3].
Амаль адначасова чэхаславацкія камуністычныя ўлады выдалі Антыхартыю, якую прымусілі падпісаць многіх знакамітых людзей.
Пазней, з-за рэпрэсій пад устаноўчай дэкларацыяй Хартыі свае подпіркіай подпісы ставілі ўсяго пару дзясяткаў чалавек за год, такім чынам, яе дзейнасць была значна падарваная, нават практычна паралізаваная, і ў паасобных падпісантаў нават з'яўляліся думкі пра поўнае спыненне яе чыннасці[3].
Сітуацыя змянілася ў сярэдзіне васьмідзясятых, калі большасць удзельнікаў супраціву выйшла з вязніцы і далучылася да падпольнай дзейнасці, а рэжым у сувязі са зменамі ў Савецкім Саюзе паслабіў свае рэпрэсіі.
У студзені 1987 г., яе паўнамоцныя прадстаўнікі падпісалі два дакументы: «Слова да суграмадзян» і «Ліст да падпісантаў Хартыі 77». Калі ў сваёй папярэдняй дзесяцігадовай гісторыі Хартыя звярталася да ўладнага рэжыму, то «Слова да суграмадзян» — першая спроба звярнуцца да ўсяго грамадства, заклікаць яго да пераадолення страху і актыўнага дзеяння. «Ліст да падпісантаў», які падводзіць вынікі папярэдняга існавання Хартыі, звяртае ўвагу на праблемы ўзнікнення «актыўнага ядра» і «пасіўнай большасці», на складанасці камунікацыі з няпражскімі падпісантамі, на «адсутнасць якіх-небудзь цвёрдых правілаў», на дакладней не акрэсленую праблему «пакаленняў» і некаторыя іншыя[3].
У 1987 годзе сябры Хартыі падалі ў дзяржаўныя органы заяву аб правядзенні 10 снежня маніфестацыі да дня правоў чалавека. Хартыя праз дзесяць гадоў сваёй дзейнасці афіцыйна склікала першую дэманстрацыю, на якой, хоць тая і была забаронена тагачасным Раённым нацыянальным камітэтам, упершыню з 1969 г. сабраліся больш як тысяча чалавек.
Вынікі
правіцьПаводле пазнейшай ацэнкі Вацлава Гавела, аднаго з ініцыятараў Хартыі, яна стала мадэллю як супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму, які мае ў руках усе сілавыя механізмы[1].
Лік падпісантаў Хартыі 77
правіць- 1978—106,
- 1979 — 80,
- 1980 — 48,
- 1981 — 44,
- 1982 — 36,
- 1983 — 37,
- 1984 — 25,
- 1985 — 28.
Кіраўнікі Хартыі
правіцьУ адпаведнасці з усталяваным звычаем, кожны паўнамоцны прадстаўнік Хартыі прапаноўваў свайго пераемніка на наступны год.
- ад студзеня 1977 Вацлаў Гавел (да мая 1977), Ян Патачка (да смерці ў сакавіку 1977) і Іржы Гаек
- ад верасня 1977 Ладзіслаў Гейданек, Марта Кубішава і Іржы Гаек
- ад красавіка 1978 Яраслаў Шабата, Ладзіслаў Гейданек і Марта Кубішава
- ад лістапада 1978 Ладзіслаў Гейданек і Вацлаў Гавел
- ад лютага 1979 Вацлаў Бенда, Іржы Дэнстбір і Здэна Тамінава
- ад чэрвеня 1979 Ладзіслаў Гейданек, Здэна Тамінава і Іржы Гаек
- ад студзеня 1980 Марыя Громадкава, Здэна Тамінава і Мілаш Рэйхер
- ад лютага 1980 Марыя Громадкава, Мілаш Рэйхер і Рудольф Батак
- ад студзеня 1981 Вацлаў Малы і Беджых Пляцак
- ад лютага 1981 Вацлаў Малы, Яраслаў Шабата і Беджых Пляцак
- ад студзеня 1982 Ганна Марцінава, Ладзіслаў Ліс і Радзім Палаус
- ад студзеня 1983 Ганна Марцінава, Ян Козлік і Радзім Палаус
- ад лютага 1983 Ганна Марцінова, Ян Козлік і Марыя Рут Кржыжкава
- ад студзеня 1984 Вацлаў Бенда, Іржы Румл і Яна Штэрнава
- ад студзеня 1985 Іржы Денстбер, Петрушка Шустрава, Ева Кантуркава
- ад студзеня 1986 Марцін Палаўш, Ганна Шабатава і Ян Штэрн
- ад студзеня 1987 Ян Літаміскі, Ёзаф Вогрызак, Любаша Шыльганава
- ад студзеня 1988 Мілаш Гаек, Богумір Янат, Станіслаў Дэваты
- ад студзеня 1989 Томаш Градзілек, Дана Немцава, Александр Вондра
- ад студзеня 1990 Ян Румл, Міраслаў Легкі, Міраслаў Тыл
Зноскі
- ↑ а б "Хартыя 77 і Хартыя 97: беларусы, як і чэхі, дачакаюцца перамен" . Радыё Свабода? 10.01.2007.
- ↑ а б Хартыя-77 — непаўторны досвед(недаступная спасылка) Ганна Шабатава, ARCHE
- ↑ а б в г Андэграўнд і Хартыя-77 Архівавана 4 сакавіка 2016., Любаш Веселы, ARCHE №7-8-2006
Літаратура
правіць- Charta 77 (1977—1989): Od morální k demokratické revoluci. Dokumentace. uspořádal Vilém Prečan, ÚSD-Archa, Bratislava Praha Scheinfeld 1990 ISBN 80-900422-1-X.