Холдынг
Холдынг (Холдынгавая кампанія, Холдынгавая арганізацыя) (англ.: holding — які валодае) — кампанія (прадпрыемства), якое выкарыстоўвае свой капітал на набыццё кантрольных пакетаў акцыяў іншых кампаній (пралпрыемстваў) для кіравання імі. Холдынгавая кампанія, як правіла, не вырабляе тавары ці паслугі самастойна; хутчэй, яго мэта складаецца ў тым, каб валодаць акцыямі іншых кампаній, каб сфарміраваць карпаратыўную групу. Холдынгавыя кампаніі дазваляюць знізіць рызыку для ўладальнікаў і могуць дазволіць кантраляваць цэлы шэраг розных кампаній.
Зніжэнне кошту здзелак на рынку зліццяў і паглынанняў сведчыць аб зніжэнні памераў кампаній, уцягнутых ў працэс стварэння холдынгавых структур. У цяперашні час працэс стварэння холдынгаў, як спосаб інтэграцыі, характэрны не толькі для натуральных манаполій, стратэгічных галін і буйнога бізнесу, але і для сярэдняга і малога бізнэсу[1]. Гістарычна склалася, што холдынгавая кампанія з'яўляецца самай старой формай арганізацыі бізнесу і фарміравання груп прадпрыемстваў.
Беларусь
правіць28 снежня 2009 г. прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Указ № 660 «Аб некаторых пытаннях стварэння і дзейнасці холдынгаў у Рэспубліке Беларусь», паводле якога кіраўнічая кампанія ўплывае на рашэнні даччыных прадпрыемстваў холдынга на падставе:
- валодання 25 % і больш простых (звычайных) акцыяў (дзеляў у статутных фондах) даччыных кампаній холдынга;
- кіравання дзейнасцю даччыных кампаній холдынга — унітарных прадпрыемстваў, заснаваных кіруючай кампаніяй холдынга або ў адносінах да якіх кіруючая кампанія холдынга набыла статус заснавальніка на іншых падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, а таксама ўстаноў, створаных кіруючай кампаніяй холдынга;
- дамовы давернага кіравання 25 % і больш простых (звычайных) акцый (дзеляў у статутных фондах) даччыных кампаніяў холдынга.
Паводле 3-га пункта Указа, «Холдынг лічыцца створаным і набывае статус холдынга з даты яго рэгістрацыі, якая ажыццяўляецца Міністэрствам эканомікі, якое вядзе Дзяржаўны рэестар холдынгаў». Паводле 12-га пункта, «Кіраўнічая кампанія холдынга мае права … утвараць цэнтралізаваны фонд за кошт адлічэнняў ад прыбытку ўдзельнікаў холдынга, які застаецца ў іх распараджэнні пасля выплаты падаткаў».
1 красавіка 2010 г. першым холдынгам у Беларусі стаў «Белтэх Холдынг» Уладзіміра Пефціева, які поруч з аднайменнай кіраўнічай кампаніяй улучаў ЗАТ «Белтэхэкспарт». 4 красавіка 2016 г. на ўліку Дзяржаўнага рэестра холдынгаў Беларусі стаяла 100 холдынгаў[2].
Зноскі
- ↑ Шиткина, И. С. Холдинги: правовое регулирование и корпоративное управление: научно-практическое издание / И. С. Шиткина. — М.: Волтерс Клувер, 2006. — 615, [1] с. — С. 50. — ISBN 5-466-00148-1.
- ↑ Пералiк холдынгаў Рэспублікі Беларусь // Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (руск.)