Царкоўная унія
Царкоўная унія — аб’яднанне дзвюх або некалькіх цэркваў на ўмовах вяршэнства прыняцця дагматыкі адной з іх пры захаванні іншымі своеасаблівасцей у абраднасці.
Уніі заключаліся пераважна рымска-каталіцкай царквой з праваслаўнай, а таксама са старажытнымі ўсходнімі (нехалкідонскімі). Пры гэтым апошнія падначальваліся ўладзе рымскіх пап, адначасова такім чынам аднаўлялася былое адзінства ўсяленскай хрысціянскай царквы.
3 ХІІІ ст. візантыйскія імператары таксама імкнуліся пайсці на унію з папствам, каб атрымаць ад яго дапамогу ў барацьбе супраць туркаў. Рымскія папы двойчы спрабавалі заключыць унію з Канстанцінопальскім патрыярхатам. У 1274 была падпісана Ліёнская унія, не падтрыманая большасцю духавенства і народа Візантыі, была асуджана Канстанцінопальскім саборам 1285. У 1439 падпісана Фларэнційская унія, адвергнутая затым Іерусалімскім 1443 і наступнымі царкоўнымі саборамі; у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве яе беспаспяхова імкнуліся ўвесці мітрапаліты Ісідор і Грыгорый Балгарын. У 1596 рымска-каталіцкая царква падпісала з праваслаўнай царквой Рэчы Паспалітай Брэсцкую унію. У XVII ст. ў тагачаснай Венгрыі з мясцовай праваслаўнай царквой была заключана Ужгарадская унія 1646, якая напачатку дзейнічала на тэрыторыі Закарпацця і Славакіі, у 1699 пашырана на праваслаўнае насельніцтва Альба-Юлійскай епархіі Трансільваніі. Наступная Трансільванская унія 1760, заключаная па ініцыятыве аўстрыйскіх улад, ахапіла ўжо большую частку гэтай тэрыторыі.
Уніі таксама былі падпісаны папствам і з некаторымі старажытнымі ўсходнімі цэрквамі, у выніку чаго створаны уніяцкія цэрквы халдзейскага (у Іраку), мараніцкага (у Ліване і Сірыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турцыі), сірыйскага, копцкага (у Егіпце) абрадаў.
Ідэя уніі была выкарыстана і Рускай праваслаўнай царквой у дачыненні да стараабраднікаў. У 1800 было аформлена адзінавер’е — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сіноду, але службу ім дазвалялася адпраўляць паводле сваіх старых абрадаў.