Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага

Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага — выканаўчы паўстанцкі ўрадавы орган у Літве і заходняй Беларусі ў час паўстання 1794 г.. Дэпутацыя лічылася паўнамоцным прадстаўніцтвам Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і была цалкам падпарадкавана Т. Касцюшку, а намеснікі — самой дэпутацыяй.

У маі — пачатку чэрвеня 1794 г. адносіны паміж кіраўнікамі паўстання абвастрыліся. Пад націскам кансерватыўных сіл Т. Касцюшка 4 чэрвеня адхіліў ад улады кіраўніка паўстання ў Літве і Беларусі Я. Ясінскага як радыкала ў палітычных поглядах і мясцовага сепаратыста. Галоўнакамандуючым літоўска-беларускай паўстанцкай арміяй прызначаны няздольны генерал-лейтэнант М. Вяльгорскі. Найвышэйшая літоўская рада загадам Касцюшкі 10 чэрвеня распушчана, а замест яе ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ з больш памяркоўных дзеячаў. Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі[1].

Дэпутацыя знаходзілася ў Вільні, дзейнічала на тэрыторыі, занятай паўстанцамі. У пачатку жніўня 1794 г. перад заняццем Вільні расійскімі войскамі дэпутацыя падзялілася на 2 часткі: Марыконі, Мірскі і інш. выехалі з Вільні ў Гародню, другая частка — у Коўна. Там яны працягвалі ўрадавую дзейнасць. У пачатку верасня 1794 г. дзеячы дэпутацыі сабраліся ў Гародні, у пачатку кастрычніка 1794 г. пакінулі горад разам з войскамі, што адступілі ў Польшчу.

Склад правіць

У склад дэпутацыі ўваходзілі 7 дэпутатаў і 28 намеснікаў, якія кіравалі аддзеламі і па чарзе ўзначальвалі дэпутацыю.

Зноскі

  1. Грыцкевіч, А. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі / Анатоль Грыцкевіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 1 (5). — С. 44. Са спасылкай на: Mościcki, H. Generał Jasiński i powstanie kościuszkowskie / Henryk Mościcki. — Warszawa—Poznań: Gebethner i Wolff — M. Niemierkiewicz, cenz. 1917. — [4], 435, [1] s., [4] k. tabl.: il. — S. 227—229.

Літаратура правіць

  • Bartoszewicz, K. Dzieje insurekcji kościuszkowskiej / Kazimierz Bartoszewicz. — Wiedeń: F. Bondy, [1909]. — [2], 368 s., [25] k. tabl. (w tym złoż.): il. (w tym kolor.)
  • Грыцкевіч, А. Цэнтральная дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2-х т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 788 с.: іл. — С. 731. — ISBN 985-11-0378-0.
  • Емяльянчык, У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794г.пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі) / Уладзімір Емяльянчык. — Мінск: Беларусь, 1994. — 158,[2] с.: іл. — ISBN 5-338-00917-X.
  • Юхо, І. А., Емяльянчык, У. П. «Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка / І. А. Юхо, У. П. Емяльянчык. — Мінск: Навука і тэхніка, 1994. — 66,[2] с.: іл. — (Нашы славутыя землякі). — ISBN 5-343-01483-6