Цэнтр новых ідэй (ЦНІ) — беларускі аналітычны цэнтр, які працуе ў трох кірунках: уцягванне грамадства ў абмеркаванне рэформаў, правядзенне незалежных даследаванняў, падтрымка новых лідараў.

Створаны ў 2012 годзе. Заснавальніка арганізацыі і дырэктар па даследаваннях — Рыгор Астапеня[1], выканаўчы дырэктар — Антон Раднянкоў[2].

З 2012 года Цэнтр новых ідэй[3] зладзіў 77 анлайн- ды афлайн-мерапрыемстваў у 9 беларускіх гарадах, арганізаваў 3 доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы, набраў больш за 35 тыс. падпісантаў у сацыяльных сетках і штотыдзень з 2016 выпускае Ідэйны падкаст. Штогод Цэнтр новых ідэй публікуе Рэйтынг беларускіх гарадоў. Каманда ЦНІ налічвае 19 чалавек.[4]

Гісторыя правіць

Цэнтр новых ідэй узнік у 2012 годзе першапачаткова як студэнцкі анлайн-часопіс «Ідэя». Яго заснавальнікі ставілі мэту стаць беларускім адпаведнікам брытанскага выдання The Economist, з фокусам на сусветнай палітыцы і эканоміцы.

У 2017 годзе анлайн-часопіс пераўтварыўся ў некамерцыйную ўстанову «Цэнтр новых ідэй»[5]. Яна пазіцыянавала сябе як грамадская арганізацыя, якая спалучае лепшыя практыкі медыя-платформы, публічнага форуму, адукатара, даследчай арганізацыі і групы па адвакатаванні.

У 2020 годзе арганізацыя ператварылася ў аналітычны цэнтр.[6]

Даследчая дзейнасць правіць

Асноўнымі аналітычнымі прадуктамі Цэнтра новых ідэй з’яўляюцца: Рэйтынг беларускіх гарадоў і Індэкс беларускай будучыні.

Рэйтынг беларускіх гарадоў правіць

Рэйтынг беларускіх гарадоў ацэньвае гарады паводле пяці паказнікаў: дэмаграфічнай устойлівасці, стану эканомікі, якасці жыцця, празрыстасці кіравання і турыстычнай прывабнасці. ЦНІ складае і публікуе яго з 2018 года[7]. Версія 2019 года[8] ўлічвала гарады, якія маюць больш за 50 тыс. насельніцтва. Абодва гады першае месца па агульных выніках займаў Мінск.

Індэкс беларускай будучыні правіць

Індэкс беларускай будучыні — гэта экспертнае апытанне, якое паказвае, як Беларусь можа выглядаць праз 5 гадоў паводле 24 паказнікаў, што тычацца эканамічных перспектываў, сацыяльна-дэмаграфічнага развіцця, адукацыйнага і навуковага патэнцыялу ды грамадска-палітычныя трэндаў. Паводле версіі Індэкса за 2019 год[9], па 15 паказніках Беларусь чакае стагнацыя, па 3 — пагаршэнне, і па 4 — паляпшэнне.

Падзеі і адукацыйныя праграмы правіць

Штогод Цэнтр новых ідэй ладзіць дзве буйныя канферэнцыі пра будучыню Беларусі — Belarus Future Unconference і Reshape. Выступоўцамі на гэтых канферэнцыях былі такія беларускія грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы, як Юрый Зісер, Станіслаў Шушкевіч, Альгерд Бахарэвіч.

Акрамя гэтага, Цэнтр новых ідэй зладзіў больш за 70 публічных афлайн- і анлайн-мерапрыемстваў у Беларусі, прысвечаных сацыяльным, эканамічным і палітычным выклікам.

 
Адкрыты запіс Ідэйнага падкаста ў Press Club Belarus 2 красавіка 2019

Гэтаксама ЦНІ праводзіць доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы: Школу маладых рэфарматараў[10] для маладых лідараў, Belarus Urban Fellowship[11] для рэгіянальных актывістаў і Vitali Silitski Fellowship[12] для маладых даследчыкаў.

Ідэйны падкаст правіць

З 2016 года ЦНІ штотыдзень выпускае «Ідэйны падкаст». [13]Падкаст пазіцыянуецца як «штотыднёвая гутарка пра Беларусь здаровага чалавека». «Ідэйны падкаст» выходзіць штотыдзень, вядуць яго Антон Раднянкоў, Глеб Мартынаў ды Іван Шыла.

У розны час гасцямі падкаста былі такія грамадскія, палітычныя, эканамічныя, культурныя дзеячы, як Сяргей Гурыеў, Святаслаў Вакарчук, Віталь Шкляраў, Наталля Зубарэвіч, Жанна Нямцова, Андрэй Маўчан, Павел Данэйка, Сяргей Чалы, Арцём Шрайбман і іншыя.

Зноскі