Чэшскае нацыянальнае адраджэнне

Чэшскае нацыянальнае адраджэнне — тэрмін, які адносіцца да працэсу, што адбываўся на чэшскіх землях у складзе імперыі Габсбургаў, пачынаючы прыкладна з апошняй трэці XVIII стагоддзя і да 1848 года. Галоўнай задачай лідараў чэшскага адраджэння было падняць узровень мовы вучоных і матываваць людзей, падняць узровень чэшскай нацыянальнай свядомасці. Нацыянальнае адраджэнне супала з ператварэннем феадальных суполак у грамадзянскай супольнасці. Сярод удзельнікаў нацыянальнага адраджэння былі Ёсеф Добраўскі, Ёсеф Юнгман, Ёсеф Каетан Тыл  (чэшск.), Карэл Гінэк Маха  (чэшск.), Бажэна Немцава, Вацлаў Там, Карэл Ярамір Эрбен, Ян Эвангеліста Пуркіне  (бел. (тар.)), Ян Сватаплук Прэсл, Францішак Марцін Пельцль, Магдалена Рэтыг, Францішак Палацкі.

Прага канца XVIII стагоддзя

Сітуацыя да пачатку нацыянальнага адраджэння

правіць

У чэшскіх землях у сярэднія вякі і ў пачатку новага часу былі распаўсюджаны чэшская і нямецкая мовы. У 1615 годзе чэшскі парламент прыняў пастанову, паводле якой кожны, хто прыязджае ў чэшскія зямлі, павінен вывучыць чэшскую мову і навучыць ёй сваіх дзяцей. Такая пастанова спрыяла нацыянальным інтарэсам і нарадзіла адметныя элементы сучаснай нацыянальнай свядомасці чэхаў. Пасля бітвы на Белай Гары чэшскія землі пачала засяляць нямецкая шляхта, якая выкарыстоўвала нямецкую мову. У 1627 годзе быў выдадзены прывілей, які ўраўняў правы нямецкамоўнай і чэшскамоўнай шляхты. Чэшская мова паступова выцяснялася не толькі з вышэйшых сацыяльных колаў і элітарнай культуры, але і з усяго апарату дзяржаўнага кіравання. Нямецкая таксама стала мовай навукі і ваенных. Чэшскамоўнымі на пачатку XVIII стагоддзя яшчэ было больш за дзве траціны насельніцтва. Мова была распаўсюджана ў вясковай мясцовасці і ў гарадскіх раёнах сярод сярэдніх і ніжэйшых саслоўяў. Па-ранейшаму падтрымліваўся высокі ўзровень чэшскай мовы ў езуіцкіх выданнях. Ва ўніверсітэтах яшчэ захоўвалася адукацыя на чэшскай мове, але яна таксама выцяснялася. Назіралася павелічэнне германізацыі краіны. Нямецкую мову выкарыстоўвалі ў дзяржаўным кіраўніцтве, на афіцыйных сустрэчах, былі германізаваны гарады і вёскі. Публічна ў абарону чэшскай мовы першым выступіў езуіт Багуслаў Балбін, які ў 1672—1673 гадах напісаў дысертацыю пра славянскія мовы, у прыватнасці чэшскую.

Сацыяльныя і палітычныя змены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя

правіць

Аўстрыйская імператрыца Марыя Тэрэзія пасля серыі войнаў у XVIII стагоддзі пачала праводзіць рэформы для мадэрнізацыі манархіі Габсбургаў. У Еўропе ў той час распаўсюджваецца Асветніцтва як светапогляд і філасофскі напрамак. У 1773 годзе ўказам імператрыцы была забаронена дзейнасць езуітаў, што прывяло да зніжэння ўзроўню вышэйшай і сярэдняй адукацыі ў Чэхіі. Пасля ўказа колькасць гімназій у Чэхіі скарацілася з 42 да 13 і з 15 у Маравіі да 7. У Чэхіі застаўся адзіны ўніверсітэт, у якім зноў пачала гучаць нямецкая мова.

Сын Марыі Тэрэзіі імператар Іосіф II выдае ў 1781 годзе два важныя дакументы, якія аказваюць істотны ўплыў на далейшае развіццё краіны: 13 кастрычніка выдадзены закон, які дакляраваў верацярпімасць, а 1 лістапада — закон аб адмене прыгоннага права, прыгонныя сяляне былі вызваленыя ад прамой залежнасці ад сваіх гаспадароў.

Пры Іосіфе II былі скасаваны манастыры, будынкі якіх былі перададзены пад грамадска-карысныя ўстановы (бальніцы, школы), але гэта мела адмоўны ўплыў на чэшскую асвету. Была знішчана і выкрадзена вялікая колькасць чэшскай і замежнай літаратуры, што захоўвалася ў манастырскіх бібліятэках, і краіна страціла вялікае культурнае багацце. Таксама быў забаронены батлеечны тэатр, што быў ледзь не адзінай праявай чэшскай культуры. Сярод іншага, указам Іосіфа II нямецкая мова ўводзілася як афіцыйная і ў якасці мовы навучання. Нямецкая мова была абавязковым прадметам ва ўсіх чэшскіх ВНУ, сярэдніх школах і ў пачатковых школах у буйных гарадах. Родную мову было дазволена выкладаць у толькі ў вясковых пачатковых школах.

Часы нацыянальнага адраджэння

правіць
 
Тэатр

З другой паловы XVIII стагоддзя пачынаецца працэс нацыяўтварэння ў еўрапейскіх краінах. Такія працэсы ішлі і ў Германіі, раздробленай на вялікую колькасць этнасаў. У той час адбываюцца як станоўчыя, так і негатыўныя змены, разам з тым, пачаўся працэс фарміравання сучаснай нацыі чэхаў і яе вызвалення ад аўстрыйскай манархіі. Чэшскія адраджэнцы ведалі, што ўвядзенне нямецкай мовы як адзінай мовы ў сярэдніх школах і ўніверсітэтах будзе мець негатыўны ўплыў на далейшае развіццё Чэхіі. Кіруючай сілай нацыянальнага руху была чэшская інтэлігенцыя: навукоўцы, мастакі, святары, настаўнікі і г.д., сярод іх Францішак Палацкі, Павел Ёзеф Шафарык, Ян Колар.

 
Адраджэнская газета «Krameriovy noviny», 1791 г.

Для развіцця чэшскай навукі і тэхнікі ў 1769 годзе было створана «Прыватнае навуковае таварыства», пазней пераўтворанае ў Чэшскае каралеўскае навуковае таварыства. Акрамя таго, нацыянальныя адраджэнцы дамагліся паляпшэння агульнай адукацыі ніжэйшых і сярэдніх класаў. Пачалося адраджэнне тэатра і кнігавыдання. Вацлаў Мацей Крамерыус  (чэшск.) заснаваў чэшскае выдавецтва і пачаў выдаваць у Празе кнігі на чэшскай мове. Аднаўляецца тэатр у выглядзе Чэшскага нацыянальнага тэатра ў 1850 годзе.

У заключны перыяд нацыянальнага адраджэння, прыкладна з канца першай трэці XIX стагоддзя, пачынае развівацца чэшская мастацкая літаратура: Францішак Ладзіслаў Чалакоўскі  (чэшск.), Карэл Гінэк Маха, Бажэна Немцава, Карэл Бароўскі  (чэшск.).