Шакал звычайны ў Беларусі
Шакал звычайны для Беларусі — абарыгенны від сысуноў, прадстаўнік сямейства Сабачыя (Canidae).
Гісторыя
правіцьПершы выпадак з’яўлення ў Беларусі шакалаў зафіксаваны 31 снежня 2011 года ў ваколіцах вёсак Тамашоўка і Селяхі Брэсцкага раёна.
Улетку 2015 года ў Лельчыцкім раёне паляўнічымі здабытыя паблізу жывёльных могільнікаў дзве асобіны (самка і самец), феналагічна вельмі падобных на шакала. На жаль, матэрыялаў для генетычнага аналізу ўзяць не ўдалося і здабычу пацвярджаюць толькі 2 фатаграфіі.
21 лістапада 2015 года В. В. Грычык сумесна з яшчэ трыма ўдзельнікамі экспедыцыі, студэнтамі і выпускнікамі БДУ, голас шакала быў праслуханы ля краю шырокага асушанага і падвергнутага другаснаму забалочванню Грычына-Старобінскага тарфянішча паміж вёскамі Вялікі Рожан і Салагошч Салігорскага раёна Мінскай вобласці[1]. Характэрныя для гэтага звера гукі перыядычна былі чуваць на адлегласці каля 300 м ад лагера экспедыцыі познім вечарам, ва ўмовах добрай чутнасці (прыкладна з 21 ч 40 мін да 21 ч 55 мін), і ідэнтыфікаваныя пазней як крыкі шакала пры супастаўленні з запісамі галасоў гэтай жывёлы[1].
Урэшце 9 снежня 2017 года у ваколіцах в. Хабовічы Кобрынскага раёна паляўнічымі сабакамі быў задушаны неідэнтыфікаваны звер, падобны на ваўка, які не вызначаўся ад яго памерамі і целаскладам. Звер хаваўся ў бетоннай трубе пад жвіровай дарай, сярод буйнога масіва меліяраваных угоддзяў[1]. Тушка і шкура жывёлы былі перададзеныя навукоўцам. Праведзены ў студзені 2018 года дэталёвы аналіз ДНК (У Дзяржкамітэце судовых экспертыз) з выкарыстаннем дадзеных міжнароднай базы пацвердзіў, што гэта дарослы самец шакала. Менавіта гэты асобнік, які мае поўную навуковую атрыбутыку (этыкетка, чэрап, шкура і генетычныя ўзоры), стаў падставай для ўключэння віду ў спіс млекакормячых фаўны Беларусі[1].
Сучасная папуляцыя
правіцьРэгістрацыі шакала за апошнія гады неаднаразова рабіліся на тэрыторыі суседніх краін, у тым ліку Польшчы (з 2015[2]), Літвы (з 2015[3]), Латвіі (з 2013[4]) і памежных абласцей Расіі . Яшчэ ў 1998 годзе гэты від пракраўся на тэрыторыю Украіны . Прычым, на тэрыторыю Украіны адбылося ўварванне па двух незалежных напрамках: з паўднёвага ўсходу з Паўднёвай Еўропы і з паўднёвага захаду праз заходнія стэпы Расіі з Каўказа. Так што яго з’яўленне ў Беларусі было толькі справай часу[1].
Колькасць шакалаў ў Беларусі невядома, але калі не кантраляваць папуляцыю, у будучыні драпежнікі могуць істотна паўплываць на экасістэму. З’яўленне канкурэнта можа пацясніць больш дробных лісіц і янотападобных сабак. Выказванні, што шакал можа скласці сур’ёзную канкурэнцыю ваўку наўрад ці маюць важкія падставы — па ўсім арэале, дзе шакалы насяляюць сімпатрычнао з ваўкамі, першыя пазбягаюць другіх, паколькі тыя з’яўляюцца прыроднымі рэгулятарамі іх колькасці[1].
Біялогія
правіцьШакал звычайны аддае перавагу адкрытым прасторам — сельскагаспадарчым угоддзям, закінутым меліярацыйным сістэмам з мноствам каналаў, зараснікамі хмызнякоў, трыснёгаў і т. п[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ШАКАЛ ОБЫКНОВЕННЫЙ (Canis aureus) Архівавана 26 лістапада 2021. (руск.)
- ↑ Naukowcy potwierdzili obecność w Polsce szakala złocistego (польск.). Nauka w Polsce. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2017. Праверана 16 красавіка 2022.
- ↑ grynas.delfi.lt / Lietuvoje sumedžiotas pirmasis šakalas | 2015 m. balandžio 14 d. (літ.)
- ↑ Iespējams, arī Latvijā parādījušies šakāļi, Latvijas Avīze, 09.01.2014. (лат.)
Літаратура
правіць- Гричик В. В., Прокопчук В. В., Гребенчук А. Е., Рябцева А. О., Цыбовский И. С. «Шакал (Canis aureus L., 1758) — новый вид в териофауне Беларуси» / Журнал Белорусского государственного университета. Биология. 2018;3. С. 55-61
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Бородин А. Золотистый шакал стал новым видом в фауне Беларуси Архівавана 8 снежня 2023. (руск.)
- Золотистый шакал обнаружен в Кобринском районе (видео) (руск.)
- Козлович В. В Беларуси обитает золотистый шакал. Это подтвердил Госкомитет судебных экспертиз (руск.)
- Кавказский, или Европейский шакал(недаступная спасылка) (руск.)
- Файбич А. Н. В «КРАСНОМ БОРУ» ОБНАРУЖЕНЫ ДОКАЗАТЕЛЬСТВА ПРИСУТСТВИЯ ШАКАЛА ЗОЛОТИСТОГО В БЕЛАРУСИ Архівавана 22 студзеня 2021. (руск.)