Эдвард Лістоўскі

Эдвард Лістоўскі (польск.: Edward Listowski; 1861 — 11 мая 1922, Гродна) — вайсковец, палітычны дзеяч, першы прэзідэнт Гродна ў міжваенны час.

Эдвард Лістоўскі
Edward Listowski
Род дзейнасці прэзідэнт горада Гродна
Дата нараджэння 1861
Дата смерці 11 мая 1922(1922-05-11)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Член у Польская ваенная арганізацыя

Вучоба і вайсковая кар’ера правіць

Паходзіў з польскай, каталіцкай сям’і. Скончыў рэальную школу ў Варшаве і Мікалаеўскую інжынерную школу[ru] ў Пецярбургу. У 1870-я ўступіў у войска, дзе даслужыўся да звання капітана. Звольніўся ў запас у 1908 годзе ў чыне палкоўніка[1].

У час Першай сусветнай вайны быў чальцом падпольнай Польскай ваеннай арганізацыі[2]. Яго родны брат Антоній Лістоўскі (1865—1927) таксама выбраў вайсковую кар’еру і вясной 1919 года камандаваў Палескай групай польскай арміі[3].

Палітычная і грамадская дзейнасць правіць

Яшчэ да сыходу з войска пачаў палітычную кар’еру. Быў сябрам Гродзенскай гарадской Думы, а з 1907 году яе старшынёй. У 1910 годзе ўзначальваў пахавальны камітэт, які арганізоўваў пахаванне пісьменніцы Элізы Ажэшкі[4]. З 1912 года — ганаровы суддзя Гродзенскага акруговага суда.

 
Пасяджэнне гарадскога савета Гродна 6 верасня 1915 года. На сцяне бачныя партрэты Элізы Ажэшкі і Пятра Сталыпіна, якія заказаў Эдвард Лістоўскі

Заказаў для памяшкання гарадской управы партрэт Пятра Сталыпіна ў мастака Маркава ў Кіеве і партрэт Элізы Ажэшкі ў мастака Кастшэўскага[ru][1]. Партрэты віселі побач у зале пасяджэнняў магістрата (сённяшні будынак па вул. Савецкай, 8).

Захаваў сваю пасаду кіраўніка магістрата і ў час нямецкай акупацыі Гродна, якая пачалася ў верасні 1915 года. У міжваеннай Польшчы працягнуў кіраваць горадам: быў выбраны на пасаду прэзідэнта ў лютым 1919 года.

Падчас дэбатаў наконт недахопу сродкаў на гарадскую гаспадарку сказаў: «Сам па сабе пералік страт не страшны, страшна жыццё з дня на дзень і няпэўная будучыня»[1].

У чэрвені 1919, калі ў Гродне пачала ўсталёўвацца польская ўлада, Лістоўскі арганізаваў у горадзе курсы польскай мовы для ўсіх ахвотных. У 1921 годзе быў чальцом праўлення гарадскога таварыска-артыстычнага клуба «Муза».

 
Магіла Лістоўскіх на Фарных могілках

Памёр нечакана ад сардэчнага прыступу 11 мая 1922 года ў 15.00 пасля вяртання з працы дадому[5]. Пахаваны на Фарных могілках у Гродне.

У 1924 годзе ў гонар Лістоўскага была пераназваная вуліца Паліцэйская (сёння Кірава), на якой знаходзілася адна з яго камяніц (сённяшні дом № 36). На вуліцы 1 Мая захаваўся асабняк 1899 года пабудовы, які належаў Лістоўскаму (сённяшні дом № 14)[6]. Вядома, што да 1927 года ў магістраце з’явіўся партрэт Эдварда Лістоўскага[7].

Зноскі правіць

  1. а б в Чарнякевіч А. М. Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада. 1919-1939 гг.. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2015. — С. 155. — 306 с. — ISBN 978-985-7134-05-2.
  2. Черный Д., Миллер А. (ред.). Города империи в годы Великой войны и революции. — Нестор-История, 2017. — С. 231. — 520 с. — ISBN 978-5-4469-1090-8.
  3. Чернякевич А. Н. «Тот, почти единственный белорус»: политическая биография Александра Бахановича // Восточнославянские исследования. — М.—СПб.: Институт славяноведения РАН, 2022. — В. 1. — С. 186. — ISSN 2782-473X.
  4. Pogrzeb Elizy Orzeszkowej - Wikiźródła, wolna biblioteka (польск.). pl.wikisource.org. Праверана 22 ліпеня 2023.
  5. Иодковский проводил экскурсию по Гродно, на Сенном рынке случился разбой, а на пристани стартовал сезон водных видов спорта (руск.). Вечерний Гродно (7 мая 2022). Праверана 22 ліпеня 2023.
  6. Чернякевич А. Н., Трусов И. Г. "Новый Свет" и его окрестности. — Минск: Лимариус, 2009. — С. 34. — 68 с.
  7. Казак Т., Дакументы магістрата г. Гродна 1919—1939 гг. у фондах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV—XX ст. Пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Гродна, 2009. — 383 с.