Эма (раман)
«Эма» (англ.: Emma) — раман англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін, упершыню апублікаваны ў 1815 годзе. Апошні раман, апублікаваны пры жыцці пісьменніцы.
Эма | |
---|---|
англ.: Emma | |
| |
Жанр | раман |
Аўтар | Джэйн Осцін |
Мова арыгінала | англійская |
Дата першай публікацыі | 1815 |
Выдавецтва | Джон Мюрэй[d] |
Папярэдні | Мэнсфілд-парк[d] |
Наступны | Northanger Abbey[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эма Вудхаўс — багатая, прыгожая і разумная дзяўчына са шляхетнай сям’і. Сама яна не імкнецца да замужжа, але хоча зладзіць шчасце сваіх менш адораных лёсам і прыродай сябровак, і адначасова крыху развеяць летнюю нуду. Пасля таго, як ёй удаецца сасватаць і ўдала выдала замуж сваю гувернантку міс Тэйлар за заможнага ўдаўца містэра Уэстана, яна абірае сабе новую пратэжэ. Гарыет Сміт — мілая, трохі наіўная дзяўчына сумнеўнага паходжання. Эма задаецца мэтай знайсці ёй годнага мужа, і ў яе нават з’яўляецца падыходзячая кандыдатура — мясцовы вікарый містэр Элтан. Вось толькі ўсё ідзе не зусім так, як задумвала Эма.
Раман неаднаразова адаптаваўся для сцэны, кіно і тэлебачання.
Сюжэт
правіцьДачка заможнага памешчыка і вялікая летуценніца, Эма спрабуе разнастаіць свой вольны час, арганізоўваючы чужое асабістае жыццё. Будучы ўпэўненай, што яна ніколі не выйдзе замуж, яна выступае ў ролі свацці для сваіх сябровак і знаёмых. Пасля таго, як былая гувернантка міс Тэйлар выходзіць замуж за містэра Уэстана, Эма бачыць у гэтым шлюбе ўласную заслугу, а ў сватаўстве — сваё пакліканне. Каб не сумаваць у Хартфілдзе, міс Вудхаўс знаёміцца з Гарыет Сміт, выхаванкай пансіёна, і вырашае зладзіць лёс дзяўчыны, паспрыяўшы яе шлюбу з вікарыем містэрам Элтанам.
Эма аказвае сур’ёзны ўплыў на міс Сміт: яна адгаворвае дзяўчыну ад шлюбу з фермерам містэрам Марцінам, пераконваючы Гарыет, што становішча фермера ў грамадстве ніжэй яе ўласнага. Даверыўшыся Эме, Гарыет адмаўляе містэру Марціну, нягледзячы на моцную закаханасць у яго. Упэўненая ў сваёй праваце, Эма не слухае ні містэра Найтлі, які імкнецца даказаць ёй немагчымасць задуманага ёй шлюбу, ні яго брата, які перасцерагае Эму аб магчымай цікавасці містэра Элтана да яе самой. Эма застаецца верная сваім ідэям і працягвае абнадзейваць Гарыет, што святар мае да яе далікатныя і шчырыя пачуцці.
Усё мяняе вігілійная вячэры ў доме Уэстанаў. Містэр Элтан прызнаецца Эме, што кахае яе і цалкам абыякавы да міс Сміт. Дзяўчына ўпершыню разумее, якую страшную памылку яна здзейсніла, спрабуючы кіраваць жыццямі іншых людзей. Эма пачынае бачыць і правату ў словах містэра Найтлі: містэр Элтан жадаў зладзіць выгадны шлюб і ніколі не разглядаў Гарыет як роўную сабе па становішчы. Пасля адмовы Эмы, містэр Элтан з’язджае ў Бат і праз некалькі тыдняў вяртаецца з маладой жонкай, місіс Элтан. Гэты шлюб становіцца галоўнай тэмай, якую абмяркоўваюць у Хайберы, што прычыняе боль Гарыет і нагадвае Эме аб зробленай памылцы.
Незадоўга да вяртання містэра Элтана з жонкай, у Хайберы прыязджае Джэйн Фэрфакс, каб наведаць сваю цётку міс Бэйтс і бабулю місіс Бэйтс. Атрымаўшы выдатную адукацыю ў доме Кэмпбэлаў, дзе яна выхоўвалася пасля смерці бацькоў, дзяўчына вымушана будзе стаць гувернанткай з-за складаных фінансавых абставін і перш, чым пачаць працаваць, яна вырашае правесці апошнія месяцы сваёй свабоды дома. Джэйн выклікае непрыязнасць у Эмы, і гэтае пачуццё толькі ўзрастае, калі місіс Уэстан дзеліцца з дзяўчынай здагадкай, што містэр Найтлі, магчыма, закаханы ў Джэйн.
Неўзабаве ў Хайберы на два тыдні прыязджае сын містэра Уэстана ад першага шлюбу Фрэнк Чэрчыл. Малады чалавек быў усыноўлены заможнымі дзядзькам і цёткай, калі памерла яго маці, і пасля гэтага не з’яўляўся ў Хайбэры з-за дрэннага самаадчування цёткі. Ён не прысутнічае нават на вяселлі ўласнага бацькі, з-за чаго падвяргаецца пастаяннаму асуджэнню з боку містэра Найтлі. Эма наадварот адчувае цікавасць да загадкавай персоны містэра Чэрчыла і шчыра хоча з ім пазнаёміцца. Падчас свайго прыезду Фрэнк праводзіць шмат часу ў Хартфілдзе і заўсёды вельмі ветлівы з Эмай, што выклікае ў дзяўчыны лёгкую закаханасць, а ў містэра і місіс Уэстан — надзеі на магчымы шлюб. Міс Вудхаўс і сама пераканана, што містэр Чэрчыл закаханы ў яе, і таму прымае іх развітальную размову за спробу зрабіць прапанову.
Калі містэру Чэрчылу ў наступны раз удаецца наведаць Хайберы, яго бацька ладзіць ужо даўно запланаваны баль. Містэр Элтан, ведаючы аб закаханасці Гарыет у яго, публічна адмаўляецца танчыць з ёй, такім чынам прынізіўшы дзяўчыну перад усімі. Эма шчыра хвалюецца за сяброўку і таму адчувае прыемную палёгку, калі бачыць, што на танец міс Сміт запрашае містэр Найтлі. Эма дзякуе містэру Найтлі за яго дабрыню і спачуванне. На наступны дзень пасля балю Гарыет сутыкаецца з цыганамі, і Фрэнк Чэрчыл яе ратуе. Гэты выпадак наводзіць Эму на думку аб магчымым саюзе між яе сяброўкай і містэрам Чэрчылам. Нягледзячы на тое, што яна дала сабе слова больш не займацца сватаўством, Эма падтрымлівае Гарыет, калі дзяўчына прызнаецца, што закахалася ў чалавека, які нашмат багацейшы за яе.
На пікніку Эма ненаўмысна абражае міс Бэйтс, папракаючы жанчыну ў празмернай гаварлівасці. Гэтая заўвага прыводзіць да таго, што містэр Найтлі ганіць Эму за яе недаравальнае стаўленне да міс Бэйтс, выклікаючы ў дзяўчыны глыбокае раскаянне ва ўласных паводзінах. Разумеючы няправільнасць уласнага ўчынку, Эма наведвае міс Бэйтс, спадзеючыся на прабачэнне. Таксама яна даведаецца, што Джэйн пагадзілася на пасаду гувернанткі, якую ёй навязала місіс Элтан, самавольна стаўшы заступніцай дзяўчыны. Пры гэтым здароўе Джэйн значна пагоршылася, але прапанаваную Эмай дапамогу яна адмаўляецца прымаць.
Неўзабаве памірае цётка містэра Чэрчыла; ён прыязджае ў Хайбэры і адкрывае бацьку, што з кастрычніка быў таемна заручаны з Джэйн Фэрфакс. Гэтая навіна дазваляе Эме па-іншаму зірнуць на Джэйн і пераадолець былую непрыязнасць, пры гэтым дзяўчына пачынае асуджаць Фрэнка за яго празмерную ўвагу да яе самой. Эме ўдаецца супакоіць містэра і місіс Уэстан, якія лічылі, што міс Вудхаўс закахана ў містэра Чэрчыла. Але саму Эму турбуе Гарыет, бо яна мяркуе, што сэрца яе сяброўкі зноў будзе разбіта. Аднак гэтага не адбываецца. Гарыет закахана ў містэра Найтлі, а не містэра Чэрчыла, як памылкова меркавала Эма, і дабрыня містэра Найтлі і падтрымка Эмы даюць дзяўчыне надзею на магчымую ўзаемнасць. Толькі тады Эме ўдаецца адкрыць для самой сябе свае пачуцці да містэра Найтлі: яна разумее, што кахае яго, а думка пра яго сувезь з кім-небудзь іншым для яе невыносная.
Містэр Найтлі вяртаецца ў Хайбэры, каб супакоіць Эму з-за заручын містэра Чэрчыла і Джэйн Фэрфакс. Калі ён разумее, што Эма абыякавая да Фрэнка Чэрчыла, ён вырашае адкрыць ёй свае пачуцці, і дзяўчына адказвае яму ўзаемнасцю.
Гарыет, якая знаходзіцца ў гэты час у Лондане, сустракае там містэра Марціна. Ён робіць ёй прапанову яшчэ раз, і яна, усё яшчэ адчуваючы закаханасць у яго, адказвае згодай. Пасля вяселля Гарыет і містэра Марціна шлюб бяруць Эма і містэр Найтлі. Каб Эме не разлучацца з бацькам, Містэр Найтлі пераязджае ў Хартфілд.
Экранізацыі
правіцьРаман экранізаваўся прынамсі 7 разоў:
- «Эма» — брытанскі тэлефільм 1948 года рэжысёра Майкла Бэры .
- «Эма» — брытанскі міні-серыял 1960 года рэжысёра Кэмпбэла Логана .
- «Эма» — брытанскі міні-серыял 1972 года рэжысёра Джона Гленістэра .
- «Эма» — амерыкана-брытанскі фільм 1996 года рэжысёра Дугласа Мак-Грата .
- «Эма» — брытанскі тэлефільм 1996 года рэжысёра Дырмуда Лоўрэнса .
- «Эма» — брытанскі міні-серыял 2009 года рэжысёра Джыма О’Хэнлана .
- «Эма» — амерыкана-брытанскі фільм 2020 года рэжысёркі Отэм дэ Уайлд .