Этэльрык (кароль Дэйры)

Этэльрык (англ.: Æthelric; пам. у 604[1]) — сын ці брат[1] Элы, кароль Дэйры ў 588—604 гадах.

Этэльрык
англ.: Æthelric
Кароль Дэйры
588 — 604
Папярэднік Эла
Пераемнік Этэльфрыт
Нараджэнне VI стагоддзе
Смерць 604(0604)
Бацька Ælla of Deira[d]
Дзеці Осрык
Дзейнасць суверэн

БіяграфіяПравіць

Паходжанне Этэльрыка адназначна не ўсталявана, магчыма, ён быў братам або дзядзькам Эдвіна Святога, сына Элы Дэйрскага. Англасаксонская хроніка паведамляе, што ў 588 годзе Этэльрык змяніў Элу на прастоле Дэйры[2][K 1]. Беда Вялебны ў сваёй «Царкоўнай гісторыі народа англаў» гаворыць пра тое, што ў 604 годзе Дэйра была захоплена Этэльфрытам Берніцыйскім[3]. Акалічнасці гэтай анексіі незразумелыя, і далейшы лёс Этэльрыка невядомы. Магчыма, ён быў забіты падчас гэтай вайны з Берніцыяй[4][K 2]. Для таго, каб узаконіць сваю ўладу над Дэйрам, Этэльфрыт у тым жа годзе жаніўся з Ахай, дачкой Элы. Яе брат, Эдвін, у якога былі свае прэтэнзіі на трон, бег з краіны ў Гвінед да караля Іяга[K 3]. Пасля Этэльфрыт прыклаў вялікія высілкі для таго, каб ліквідаваць свайго суперніка.

У Этэльрыка было некалькі сыноў, у тым ліку і Осрык, але, у адрозненне ад свайго стрыечнага брата Эдвіна, яны знаходзіліся ў выгнанні ў Ірландыі. Пасля смерці Эдвіна Осрык вярнуўся на радзіму, дзе быў абраны каралём, але змог замацавацца толькі ў Дэйры, такім чынам вярнуўшы сабе прастол бацькі, а каралём Берніцыі стаў Энфрыт, старэйшы сын Этэльфрыта[6].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Rollason, 2003, p. 7
  2. Англасаксонская хроніка, 588
  3. Беда Вялебны. «Царкоўная гісторыя народа англаў» I, 34
  4. Higham, 1993, p. 111
  5. Англасаксонская хроніка, 593
  6. Беда Вялебны. «Царкоўная гісторыя народа англаў» III, 1

КаментарыіПравіць

  1. Верагодна Этэльрык змяніў свайго брата з-за маленства свайго пляменніка ці пасля забойства Элы, таму што сам быў у гэтым замяшаны.
  2. Некаторыя крыніцы і даследаванні называюць і іншыя даты кіравання Этэльрыка (588—593[5] і 599—604). Прыхільнікі першай версіі, верагодна, лічаць, што Дэйра была заваявана Этэльфрытам адразу пасля яго прыходу да ўлады ў Берніцыі. Адносна другой існуе меркаванне, што праз некаторы час пасля захопу Дэйры Этэльфрыт пасадзіў на яе трон залежнага ад сябе караля-васала, а потым зрынуў яго, магчыма, з-за яго непадпарадкавання.
  3. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Эдвін бег з краіны адразу пасля прыходу да ўлады Этэльрыка.

ЛітаратураПравіць