Эфе́б (стар.-грэч.: ἔφηβος) — у старажытнагрэчаскім грамадстве — юнак, які дасягнуў узросту, калі ён атрымліваў усе правы грамадзяніна (16 гадоў, у Афінах — 18), становячыся членам эфебіі — супольнасці маладых людзей-грамадзян поліса. З гэтага часу малады чалавек станавіўся ваеннаабавязаным і прыцягваўся да вайсковай службы, якую праходзіў да 20 гадоў. Становячыся эфебам, малады грамадзянін падвяргаўся дакімасіі з мэтай праверкі магчымасці надання яму ўсіх грамадзянскіх правоў, заносіўся ў спісы свайго дэма.

Г.з. «эфеб з Антыкітэры»

Праз два гады (ці на другі год) па дасягненні сталасці, на 18 годзе жыцця маладыя людзі ў Афінах праз занясенне ў Ληξιαρχικόν (супольная кніга іх дэма) абвяшчаліся паўналетнімі і самастойнымі грамадзянамі. Унесены ў спісы даваў прысягу грамадзяніна ў храме Аграўлы, рабіўся здольным насіць зброю, атрымліваў права з’яўляцца ў судзе, жаніцца і г.д.

Права ўдзельнічаць у народным сходзе эфеб атрымліваў толькі праз два гады, праз занясенне ў πίναξ ἐκκλησιαστικός, на 20 годзе жыцця, пасля таго, як ён праслужыў два гады ў памежнай варце, як περίπολος. З тых часоў ён мог удзельнічаць і ў войнах па-за межамі айчыны. Акрамя гэтага вузкага значэння слова, існуе яшчэ шырэйшае, паводле якога ἔφηβος мог быць названы ўсякі малады чалавек, які выйшаў з дзіцячага ўзросту. У мастацтве маладыя людзі гэтага ўзросту адлюстроўваюцца з коратка стрыжанымі валасамі ў супрацьлегласць хлопчыкам і мужам, якія насілі даўжэйшыя валасы (κομα̃ν). Гэта састрыганне валасоў здзяйснялася да ἐπὶ διετὲς ἡβη̃σαι, верагодна, на 16 годзе, і, верагодна, ад гэтага акту трэці дзень свята Апатурый зваўся κουρεω̃τις (ад κουρα, κείρω).

Для праходжання ваеннага мастацтва эфебы мелі двух выкладчыкаў гімнастыкі і, звыш таго, асобных выкладчыкаў для ўдасканалення навыкаў у стральбе з лука, кіданні дроціка, выкарыстанні зброі, кіраванні катапультай і г.д. Лекцыі па прадметах агульнай адукацыі (паводле Плутарха = γράμματα з філасофіяй, геаметрыяй, рыторыкай і музыкай) чыталіся ў Дыягенаўскай гімназіі (Διογενετον). У канцы года эфебы атрымлівалі ў народным сходзе, які збіраўся ў тэатры, па шчыту і дзідзе, пасля чаго праходзілі школу палявой і гарнізоннай службы ў якасці гарнізонных салдат ці ахоўнікаў парадку ў грамадскіх месцах. У якасці гарнізонных салдат яны зваліся таксама перыпаламі.

Літаратура

правіць