Ян Янавіч Голер

беларускі цымбаліст
(Пасля перасылкі з Ян Голер)

Ян Янавіч Голер (Іван Іванавіч Голер; 1886—1980) — цымбаліст з трупы Ігната Буйніцкага.

Ян Янавіч Голер
Дата нараджэння 1886
Дата смерці 1980
Месца пахавання
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі цымбаліст

Біяграфія

правіць

Вядома, што ў класічны склад капэлы трупы Ігната Буйніцкага ўваходзілі тры музыкі: дудар (Адам Шульга), скрыпач (Франак Голер) і цымбаліст (Ян Голер).

Ян Голер выступаў з тэатрам Ігната Буйніцкага ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Захаваліся фотаздымкі, на якіх прысутнічае цымбаліст — наймалодшы з музыкаў.

Ян Голер дапамог адшукаць магілу Ігната Буйніцкага. Гэта было ў 1961 годзе, калі тэатральная грамадскасць рыхтавалася адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння І. Буйніцкага. Паводле У. Няфёда, «…сляды магілы Буйніцкага былі згублены, на яе месцы паявіўся густы зараснік. Дапамог І. Голер»[1]. Буйніцкі быў перапахаваны ў Празароках.

З успамінаў Яна Голера вынікае, што ён быў заханы ў дачку Ігната Буйніцкага: «Гэрцю [сярэдняя дачка Буйніцкага ад першага шлюбу) я любіў. І яна мяне любіла, але падумаў я, што ў мужыцкіх стасунках жыву. Яда ў нас простая — капуста, поліўка, клёцкі з душой, а яна ўсё ж паненка — ёй і цукерак трэба, і кавы. Буйніцкія, праўда, ня паніліся, але я сам панімаў і да гэтага ўсяго аднёсься халаднакроўна»[1].

Успаміны

правіць

Ян Янавіч Голер жыў у Празароках. У 1974 годзе з ім (яму тады было 88 гадоў) пагутарыў Рыгор Семашкевіч, які пазней апісаў гэта ў аб’ёмным эсэ ў газеце «Літаратура і Мастацтва». У эсэ «Світка Буйніцкага» Голер згадвае заснавальніка тэатру і апавядае пра цікавыя факты з дзейнасці першага прафесійнага беларускага тэатра.

«Музыкаў нас траіх было — Адам Шульга, дудар, мой брат Франак на скрыпцы іграў і я на цымбалах. Ну і яшчэ восем танцораў — Буйніцкі са сваімі трыма дочкамі і гімназісты з Дзісны — хлопец і тры дзеўкі… Мы са сваімі выкрэнтамі паўсвету аб’ездзілі — два разы ў Пецярбурзе былі, у Варшаве, у Вільні». З гэтай гутаркі відавочна, якім быў асноўны рэпертуар трупы: «У Буйніцкага танцавалі найбольш скочныя танцы — „Лявоніху“, „Качана“, „Мяцеліцу“, „Ваўчка“. Яны танцавалі і падпявалі самі сабе, а мы, музыкі, таксама памагалі пець»[2].

Зноскі

  1. а б https://budzma.by/news/20-nyechakanykh-faktaw-pra-ihnata-buynickaha.html Архівавана 17 студзеня 2017.
  2. Іван Голер у размове з Рыгорам Семашкевічам, газета «Літаратура і Мастацтва», 1974.