Першая беларуская трупа
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — прафесійны беларускі тэатр у 1907—1913 гадах.
Створана па ініцыятыве акцёра і тэатральнага дзеяча І. Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска Палевачы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове беларускіх вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асветную работу, шмат зрабіла для развіцця самадзейнай творчасці і прапаганды беларускага мастацтва, стварыла асновы нацыянальнага прафесійнага тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у красавіку 1917 узнікла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі.
Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі беларускія народныя песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невялікія п’есы. У трупу ўваходзіла капэла ў традыцыйным складзе дуда, скрыпка і цымбалы. Вядома, што ў склад капэлы ўваходзілі тры музыкі: дудар (Адам Шульга), скрыпач (Франак Голер) і цымбаліст (Ян Голер). 3 1910 паказы складаліся з некалькіх самастойных частак: 1-2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся народных традыцый, вылучаўся сінтэтычным характарам сваёй творчасці і рэалістычнай накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Сярод драматычных выканаўцаў вызначаліся І. Буйніцкі (іграў характарна-драматычныя ролі), А. Бурбіс, Крапівіха (А. Пашкевіч), А. 3абель (З. Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз. Крывадубаў (Няленка) і І. Голер; сярод спевакоў — Я. Феакцістаў; сярод танцораў — І. Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч. Родзевіч, Л. Родзевіч, Я. Родзевіч. Музычнай часткай кіраваў Л. Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А. Аляксеенка, А. Бурбіс і інш.
У рэпертуар уваходзілі пастаноўкі «Модны шляхцюк» К. Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э. Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А. Чэхава, «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я. Купалы, Я. Коласа, Я. Лучыны, А. Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.[1]
Зноскі
- ↑ Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
Літаратура
правіць- Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982.
- Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1-2. Мн., 1983-85.
- Няфёд У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991.